Высакахуткасная чыгунка ў Польшчы — плянаваная сетка чыгуначных лініяў, якая дазволіць павысіць хуткасьць цягнікоў да 200—350 км/г. Дзеля рэалізацыі заплянаваная як мадэрнізацыя ўжо існых, так і пабудова новых чыгунак між польскімі мэтраполіямі.
Па стане на сьнежань 2009 року Польшча мела 700—800 км чыгункі, прыдатнай для транспарту, здольнага дасягаць хуткасьці 160 км/г. Асобныя ўчасткі Цэнтральнай магістральнай лініі(pl) на цяперашні момант дазваляюць разьвіваць хуткасьць 200 км/г, аднак для камэрцыйных перавозак выкарыстоўваецца максымальная хуткасьць толькі 160 км/г з прычыны як тэхнічных, так і юрыдычных абмежаваньняў[1]: не стае адмыслова прыгатаваных палотнаў, недастатковая колькасьць сучаснага парку і аўтаматычных лініяў кіраваньня рухам.
Да 2015 року заплянаваная падрыхтоўка 1500 км хуткасных шляхоў[2], а хуткасьць на ўсёй працягласьці Цэнтральнай магістральнай лініі павінна складаць 200—250 км/г.
Цэнтральная магістральная чыгунка (ЦМЧ) — адзіная ў Польшчы, якая адпавядае патрабаваньням да высакахуткасных чыгунак — была пабудаваная ў 70-х роках XX стагодзьдзя. 11 траўня 1994 року падчас тэстаў на ёй італьянскага цягніку «Пэндаліна» (ETR 460 № 007) быў пабіты рэкорд хуткасьці цягніку ў Польшчы: зафіксаваная максымальная хуткасьць 250,1 км/г[3]. Некалькі разоў на ёй таксама адбываліся тэставыя прагоны на хуткасьцяў вышэй за 200 км/г. Асноўным бар’ерам для дасягненьня на ЦМЧ такой хуткасьці зьяўляюцца 12 аднаўзроўневых дарожных пераездаў і адсутнасьць адпаведных сыстэмаў кіраваньня рухам. На іх месцы заплянаваная пабудова шматузроўневых пераездаў без перасячэньняў з аўтадарогамі.
Дагэтуль польскі ўрад інвэставаў пераважна ў разьвіцьцё аўтадарог, а з 2012 сканцэнтраваў высілкі на разьвіцьці чыгуначнага транспарту. Да 2020 року заплянавана злучыць высокахуткаснай чыгункай 12 найбуйнейшых местаў Польшчы[2].
Польская чыгунка ў 1998 плянавала закупкі цягнікоў «Пэндаліна», аднак кантракт быў скасаваны Вярхоўнай кантрольнай палатай з прычыны фінансавых стратаў чыгункі.
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |