Высокае лац. Vysokaje | |||||
Руіны замка Сапегаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XIV стагодзьдзе | ||||
Магдэбурскае права: | 1494 | ||||
Былая назва: | Высокае Літоўскае | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Камянецкі | ||||
Плошча: | 7 км² | ||||
Вышыня: | 151 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 5065 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 723,57 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1631 | ||||
Паштовы індэкс: | 225080 | ||||
СААТА: | 1240505000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°22′0″ пн. ш. 23°22′0″ у. д. / 52.36667° пн. ш. 23.36667° у. д.Каардынаты: 52°22′0″ пн. ш. 23°22′0″ у. д. / 52.36667° пн. ш. 23.36667° у. д. | ||||
± Высокае | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Высо́кае — места ў Беларусі, на рацэ Пульве. Уваходзіць у склад Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5065 чалавек[1]. Знаходзіцца за 40 км ад Камянцу, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск (лінія Берасьце — Беласток). Аўтамабільныя дарогі на Берасьце і Пружаны.
Высокае (да 1939 году — Высо́кае Літо́ўскае) — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка Сапегаў, клясыцыстычны палац Патоцкіх, барокавыя касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, капліца Сьвятой Барбары, кляштар з касьцёлам баніфратаў і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, часткова зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Тапонім Высокае ўтварыўся ад асаблівасьцяў рэльефу (высокая мясьціна)[2]. Дзеля адрозьненьня ад Высокага на Мазовіі часам насіла дадатковае азначэньне — Высокае Літоўскае.
Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах на розных мовах: Hyssoke Litowan, Litowsvan Vishuker, Visoke DeLita, Visoko Sitoromos, Visoky Litovsk, Vosokie Litew, Vysokaje, Vysoke DeLita, Vysoke Litevske, Vysoko Litevks, Vysoko Litovsk, Vysokoe, Vysokoye, Wishko, Wisoke Litovsk, Wisoki, Wisoki Dalita, Wisokie Litofsk, Wisokie Litovsk, Wisoko Litowsk, Wissokie, Wysoke Litewski, Wysoki Litewskie, Wysokie Litewskie, Wysokie Litowski, Wysoky[3].
Упершыню паселішча пад назвай Высокі Горад упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у XIV стагодзьдзі ў зьвязку з тым, што яго наведваў вялікі князь Гедзімін.
У 1494 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Высокаму Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі срэбная дзвухпавярховая, крытая дахоўкай вежа, з двума акенцамі й трыма брамамі»[4]. У XV стагодзьдзі вялікі князь Вітаўт фундаваў тут касьцёл[5]. У 1511 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Высокае ў пажыцьцёвае валоданьне Івану Храптовічу. У XVІ стагодзьдзі паселішча знаходзілася ў валоданьні Пяткевічаў, Ёдкавічаў, Хлявіцкіх. У гэты час яно стала цэнтрам дывановага і палатнянага ткацтва. У 1603 годзе новы ўладальнік Высокага Андрэй Война-Грычынавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, які меў 44 аршыны даўжыні і 12 — шырыні. Найбольшы касьцёльны звон насіў імя Сьвятых Пятра і Паўла.
З 1647 году Высокім валодалі Сапегі, якія збудавалі тут замак. Фартэцыя значна пацярпела ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) і Вялікую Паўночную вайну (1700—1721). 16 сьнежня 1671 году места атрымала прывілей на правядзеньне штогадовых кірмашоў, якія цягнуліся 4 тыдні.
У 1748 годзе замак і палац згарэлі, па чым Сапегі перанесьлі сваю рэзыдэнцыю ў Слонім. У 1772 годзе ў Высокім на месцы касьцёла XV стагодзьдзя збудавалі капліцу Сьвятой Барбары. У 1773—1785 гадах на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, у мясцовасьці Марыямпалі, Аляксандар Міхал Сапега фундаваў кляштар баніфратаў (добрых братоў). Пры кляштары дзеяў шпіталь на 40 ложкаў[6]. На 1788 год цагельня, што працавала ў Высокім, давала 22 тыс. цэглы і 8 тыс. дахоўкі ў адзін абпал. У 1794—1797 гадох з ініцыятывы Францішка Сапегі дзеяў водны шлях у Гданьск.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Высокае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі[6], у Берасьцейскім павеце Гарадзенскай губэрні (паводле іншых зьвестак да 1807 году ўваходзіла ў склад Прусіі[7]). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1816 годзе побач з руінамі замка ўладальнікі Высокага Патоцкія ўзьвялі палац і пашырылі парк за межы былога замкавага валу (ягоная плошча вырасла з 30 да больш за 50 га).
24 студзеня 1863 году за часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня аддзел Рамана Рагінскага на кароткі час вызваліў Высокае з-пад расейскага панаваньня. У 1869 годзе расейскія ўлады збудавалі ў мястэчку мураваную царкву-мураўёўку Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа коштам сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў. На 1886 год у Высокім існавалі аптэка, лякарня, паштовая станцыя, 2 гарбарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 102 крамы і 4 тракціры; штогод праводзілася 15 кірмашоў і 2 таргі. На 1889 год у мястэчку дзеялі царква і касьцёл, працавалі суконная фабрыка і 4 гарбарні. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 256 двароў, валасная ўправа, царква, касьцёл, капліца, сынагога, 4 малітоўныя дамы, расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, юдэйская школа, паштовая кантора, лазьня, канатны і сьвечкавы заводы, 4 ветракі, 8 кузьняў, 14 абутковых, 13 кравецкіх, 8 сталярных, 4 шорныя майстэрні, 2 маслабойні, 108 дробных крамаў у гандлёвых радах і 13 пры дамах, 2 заезныя двары, 14 піцейных установаў; кожны чацьвер праводзіліся таргі, 9 разоў на год кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Высокае занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Высокае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[8]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Высокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Статус паселішча павысілі да места. 20 красавіка 1934 году да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — 3 прадмесьці і двор маёнтку Высокага Літоўскага[9].
У 1939 годзе Высокае ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 году места знаходзіла пад акупацыяй Трэцяга Райху. 17 красавіка 1962 году паселішча ўвайшло ў склад Камянецкага раёну.
У Высокім працуюць каледж ПТК СП, сярэдняя і санаторная школы, навучальна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Пераскок вуліца | |
17 верасьня вуліца | Сьвіціцкая вуліца | |
Бяляева вуліца | Касьцельная вуліца | |
Камсамольская вуліца | Царкоўная вуліца | Яна Сабескага вуліца (частка, 1933—1939) |
Леніна вуліца[a] | Паштовая вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца (частка, 1933—1939) |
Пушкінская вуліца | Школьная вуліца | Генрыка Сянкевіча вуліца |
Савецкая вуліца | Выганаўская вуліца[21] (частка) Рынкавая вуліца (часка) |
|
Савецкіх Пагранічнікаў вуліца | Супольная вуліца | Габрыэля Нарутовіча вуліца |
Фрунзэ вуліца | Падрэчная вуліца[22] |
Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы. У сьпісе выбарнікаў 1928 году таксама ўпамінаюцца вуліцы Бродная, Кароткая і Крамы[23], а ў тэлефонным даведніку 1939 году — вуліца Крынічная[24].
Гістарычныя мясцовасьці Высокага: Выганава, Ліпкі, Мар'ямпаль, Папоўскі Сад.
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Высокага |
---|
|
Іншыя славутасьці: юдэйская школа (XVII—XVIII стагодзьдзі); капліца прыдарожная (1909); кляштар з касьцёлам баніфратаў (1785); могілкі старыя каталіцкія; Вялікая сынагога; царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1869; мураўёўка).
|