Вялікая Бераставіца лац. Vialikaja Bierastavica | |||||
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1506 | ||||
Магдэбурскае права: | 1754 | ||||
Былая назва: | Бераставіца | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Бераставіцкі | ||||
Вышыня: | 148 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 5667 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1511 | ||||
Паштовы індэкс: | 231778 | ||||
СААТА: | 4204551000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°11′44″ пн. ш. 24°1′15″ у. д. / 53.19556° пн. ш. 24.02083° у. д.Каардынаты: 53°11′44″ пн. ш. 24°1′15″ у. д. / 53.19556° пн. ш. 24.02083° у. д. | ||||
± Вялікая Бераставіца | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://berestovitsa.grodno-region.by |
Вялі́кая Бераставі́ца — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Бераставічанцы. Адміністрацыйны цэнтар Бераставіцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5667 чалавек[1]. Знаходзіцца за 63 км ад Горадні, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Бераставіца (лінія Масты — Бераставіца); на аўтамабільнай дарозе Горадня — Бераставіца — Ваўкавыск.
Вялікая Бераставіца — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і палац Касакоўскіх.
Найбольш імаверна, што тапонім Бераставіца ўтварыўся ад слова «бярост» (від вяза) або слова «бяроста» (кара бярозы)[2]. Але не адкідаецца і магчымасьць таго, што назва паселішча зьявілася як памяншальная ад Берасьця, тады Бераставіца — гэта маленькае Берасьце[3]. Часам тапонім зьвязваюць з словам «берасьцянка» (так зваліся лодкі з кары бярозы, на якіх продкі берастоўцаў хадзілі некалі паўнаводнай мясцовай рэчкаю). Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога першымі пасяленцамі на гэтым месцы былі закаханыя Бярост і Тавіца, якім прыйшлося зьбегчы з роднага паселішча ў пошуках шчасьця. Ад іх імёнаў нібыта і ўтварылася назва новага паселішча — Бераставіца. У 2006 годзе разьбяныя скульптурныя статуі гэтых мітычных пэрсанажаў — Бяроста і Тавіцы — зьявіліся пры ўезьдзе ў Бераставіцу як даніна павагі да продкаў і да іх культуры[4].
Першы пісьмовы ўпамін пра Бераставіцу зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра пад 1506 годам у зьвязку зь перадачай паселішча ў вечнае карыстаньне Аляксандру Хадкевічу, маршалку вялікаму, за заслугі перад Айчынай. У 1549 годзе Рыгор Хадкевіч пачаў будаваць тут рэзыдэнцыю[5].
З XVI стагодзьдзя ў Бераставіцы існаваў касьцёл, які спалілі маскоўскія захопнікі. На мапе Тамаша Макоўскага (1613 год) паселішча значыцца як мястэчка, у Гарадзенскім павеце. У 1615 годзе на месцы згарэлага драўлянага касьцёла збудавалі новы. У XVII—XVIII стагодзьдзях маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У 1645 годзе сярод вернікаў Бераставіцкай парафіі ўпаміналася старалітва. У XVIII стагодзьдзі пры касьцёле існавалі шпіталь і парафіяльная школа[5].
У 1754 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бераставіцы Магдэбурскае права і герб з выявай вавёркі ў цэнтры. Неўзабаве на Рынку збудавалі ратушу. 19 верасьня 1794 году ў бітве паміж паўстанцамі пад камандаю Тадэвуша Касьцюшкі і расейскім акупацыйным войскам ў мястэчку загінула больш за 250 абаронцаў Рэчы Паспалітай.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бераставіца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага[6]. На 1900 год тут працавалі дробныя прадпрыемствы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бераставіцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бераставіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7].
У 1919 годзе Бераставіцу занялі польскія войскі, улетку 1920 году — бальшавікі, пазьней зноў палякі. 19 лютага 1921 году Бераставіца стала цэнтрам гміны ў Гарадзенскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка канчаткова апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
2 лістапада 1939 году Бераставіца ўвайшла ў БССР, у Крынкаўскі раён. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
20 верасьня 1944 году Бераставіца стала цэнтрам раёну, у 1947 годзе атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 17 ліпеня 2006 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гістарычнага гербу і заснаваньне сьцяга мястэчка[8].
У Бераставіцы працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 2 дашкольныя ўстановы.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар.
У мястэчку выдаецца «Бераставіцкая газета».
Цяперашняя назва | Гістарычная назва |
Дзяржынскага вуліца | Хадкевічаўская вуліца |
Камсамольская вуліца | Школьная вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Падольная вуліца Дольная вуліца |
Леніна вуліца | Гарадзенская вуліца |
Партызанская вуліца | Сьвіслацкая вуліца |
Савецкая вуліца | Беластоцкая вуліца |
Чкалава вуліца | Пробашчаўская вуліца |
Чырвонаармейская вуліца | Ваўкавыская вуліца (частка)[18] Сьвятога Яна вуліца (частка) |
Бяз назвы | Рынкавая вуліца |
Не існуе | Эймінаўская вуліца |
У 2017 годзе гістарычны Рынак, на якім стаяла местачковая ратуша, стаў Ратушным пляцам[19].
Гістарычныя мясцовасьці: Падолы, Прабоства, Ракітнева, Пеляжын.
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Вялікае Бераставіцы |
---|
|
Спыніцца можна ў местачковай гасьцініцы[20].
|