Грамадзянскі рух «Відсіч» (па-беларуску: адпор) — украінскі грамадзянскі рух, які ўзьнік як рэакцыя на рэжым Віктара Януковіча і на зьвязаныя зь ім антыўкраінскія й сацыяльна-эканамічныя дэградацыйныя тэндэнцыі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, на якіх перамог Віктар Януковіч, патрыёты і неабыякавыя грамадзяне, якія раней бралі ўдзел у пратэсных кампаніях, вырашылі сабрацца і абмеркаваць грамадзка-палітычную сытуацыю, што была склалася ва Ўкраіне, і магчымыя наступствы й небясьпекі ад новапрыбылай улады. На сход былі таксама запрошаныя сябры, знаёмыя, ўдзельнікі розных арганізацыяў.
Сустрэча была прызначана на 20 лютага 2010 году. Гэтая дата лічыцца днём заснаваньня «Відсічы», паколькі на сходзе было прынята рашэньне арганізавацца для далейшай дзейнасьці, былі акрэсьленыя некаторыя прынцыпы й кірункі актыўнасьці будучага руху.
У стварэньні «Відсічы» прымалі ўдзел як удзельнікі папярэдніх рухаў супраціву (Рэвалюцыі на граніце, руху «Украіна бяз Кучмы», Грамадзянскага камітэту «За праўду!», Грамадзянскай кампаніі «Пара!» ды інш.), так і проста сьвядомыя грамадзяне.
З сакавіка 2010 Грамадзянскі рух «Відсіч» быў удзельнікам сотняў мерапрыемстваў (пераважна вулічных акцыяў, а таксама папераджальных страйкаў, сідзячых пратэстаў, слуханьняў, круглых сталоў) у многіх гарадох Украіны, праведзеных як самастойна, так і ў супрацоўніцтве зь іншымі арганізацыямі. Сярод іх: «АнтиТабачна кампанія» — акцыі за абарону ўкраінскай адукацыі ад новаўвядзеньняў новага міністра адукацыі й навукі (потым — міністра адукацыі й навукі, моладзі й турызму) Дмытра Табачніка, які адзначыўся ўкраінафобскімі шавіністычнымі і ксэнафобскімі выказваньнямі. Кампанія «Не паліцэйскай дзяржаве» — за непрадузятае расьсьледаваньне і адпаведнае пакараньне вінаватых па справе сьмерці студэнта Ігара Індыла і па іншых справах, што набылі розгалас, ды супраць міліцэйскага самаўпраўства ўвогуле. Кампаніі супраць прыняцьця законапраекту № 2450 (які істотна абмяжоўвае свабоды мірных сходаў) ды «За мірны пратэст». Таксама праводзіліся акцыі салідарнасьці зь беларусамі й расейцамі, якія змагаюцца за права мірна зьбірацца ў сваіх краінах.