Віктар Хрэнін | |
9-ы міністар абароны Беларусі | |
---|---|
20 студзеня 2020 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Сяргей Румас |
Папярэднік: | Андрэй Раўкоў |
Камандзір войскаў Заходняга апэратыўнага камандаваньня | |
23 чэрвеня 2015 — 20 студзеня 2020 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1 жніўня 1971 (53 гады) Наваградак, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Бацька: | Генадзь Хрэнін |
Адукацыя: | Омская найвышэйшая агульнавайсковая камандная вучэльня (1992), Вайсковая акадэмія Беларусі (2005) |
Узнагароды: | |
Ві́ктар Гена́дзевіч Хрэ́нін (нар. 1971, Наваградак, Горадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
9-ы міністар абароны Беларусі (з 20 студзеня 2020 году).
Бацька — Генадзь Хрэнін, палкоўнік запасу, нарадзіўся ў Пензенскай вобласьці.
Навучаўся ў Расеі. Хадзіў у школу ў Прыморскім краі, а восем клясаў скончыў у вайсковым гарадку «Анадыр-1» у Чукоцкай аўтаномнай акрузе Магаданскай вобласьці. Скончыў Усурыйскую сувораўскую вучэльню і Омскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Пасьля служыў камандзірам мотастралковага і выведнага ўзводаў, выведнай роты, намесьнікам камандзіра розных батальёнаў, камандзірам асобнага танкавага і асобнага гвардзейскага мотастралковага батальёнаў.
У 2005 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі, пасьля служыў у апэратыўным штабе Заходняга апэратыўнага камандаваньня. 28 лютага 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 107 аб прызначэньні Віктара Хрэніна ў годнасьці палкоўніка намесьнікам камандзіра войскаў Заходняга апэратыўнага камандаваньня (ЗАК)[1]. 2 ліпеня 2014 году стаў начальнікам штабу і 1-м намесьнікам камандзіра войскаў ЗАК. 23 чэрвеня 2015 году заняў пасаду камандзіра войскаў ЗАК. 20 студзеня 2020 прызначаны міністрам абароны Рэспублікі Беларусь[2].
20 кастрычніка 2021 году ў Маскве падпісаў зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу дакумэнт аб працягу на 25 гадоў тэрміну дзеяньня Пагадненьняў аб разьмяшчэньні ў Беларусі 43-га вузла сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі «Вялейка» і радыёлякацыйнай станцыі «Баранавічы» (Азярэчча, Клецкі раён)[3]. 25 траўня 2023 году ў Менску падпісаў з Шайгу дакумэнты аб вызначэньні парадку ўтрыманьня расейскай ядзернай зброі ў сховішчы на тэрыторыі Беларусі[4].
21 чэрвеня 2021 году быў унесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу. Паводле рашэньня ЭЗ, Хрэнін адказваў за прымусовую пасадку пасажырскага рэйсу FR4978 у Менску 23 траўня 2021 году, у выніку чаго былі арыштаваныя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега[5][6]. Акрамя таго, Хрэніна ў свае санкцыйныя сьпісы ўключылі Вялікабрытанія[7], Канада[8], Швайцарыя[9][10]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[11].
24 лютага 2022 года быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[12]. У тым жа годзе ён трапіў у чорныя сьісы Аўстраліі, Японіі, Новай Зэляндыі ды Украіны[13].