Вілаватая залоза

Будова й знаходжаньне вілавіцы.

Вілава́тая залоза, вілаві́ца[1] (па-лацінску: thymus) — спэцыялізаваны орган імуннай сыстэмы, дзе сасьпяваюць і навучаюцца Т-вузы. Знаходзіцца ў верхняй частцы грудной клеткі паміж грудзінай і сэрцам. Дзьве долі вілаватае залозы хаваюцца пад адмысловай капсуляй і складаюцца зь нясьпелых Т-вузаў.

Найбольшых памераў залоза сягае ў дзяцей і падлеткаў, а ў дарослых паступова замяшчаецца тлушчавай тканкай. Аднак разьвіцьцё імунных вузаў тут адбываецца цягам усяго жыцьця і выдаленьне вілавіцы можа стаць прычынай разьвіцьця некаторых захворваньняў[2].

Вілаватая залоза складаецца з долек, колькасьць якіх можа зьмяняцца ў залежнасьці ад індывідуальных асаблівасьцяў чалавека, аднак асноўным варыянтам будовы зьяўляецца наяўнасьць дзьвюх долек. У кожнай такой дольцы вылучаюць коркавую і мазгавую матэрыю[3].

Звонку вілаватая залоза ўяўляе сабою невялікі орган ружова-шэрага колеру з долькавай паверхняй. У немаўлят залоза мае масу каля 15 грамаў, а памеры складаюць 5 см у даўжыню, 4 см у шырыню і 6 мм таўшчыні. Вілавіца расьце да пачатку палавога высьпяваньня, калі яе даўжыня павялічваецца да 7, 5—16 см, а маса дасягае 20—37 грамаў. Пасьля гэтага орган паступова замяшчаецца тлуставай тканкай і становіцца жоўтым[4].

  1. ^ Nomina anatomica alboruthenica (выпуск II). Менск: Інбелкульт, 1927. (часткова) — БНТ. — Slounik.org, 2003—2023.
  2. ^ Kameron A. Kooshesh, M. D., Brody H. Foy, D. Phil., David B. Sykes, M. D., Ph. D., Karin Gustafsson, Ph. D., and David T. Scadden, M. D. // Health Consequences of Thymus Removal in Adults (анг.)
  3. ^ Д. В. Бреусенко, И. Д. Димов, Е. С. Клименко, Н. Р. Карелина // Современныя представления о морфологии тимуса (рас.)
  4. ^ Gray, H. 4c. The Thymus // Anatomy of the Human Body (анг.)