ГЭС Тры цясьні́ны — дзейная плаціна-ГЭС у Кітаі, якая стаіць на рацэ Янцзы паблізу гораду Саньдупін у гарадзкой акрузе Ічан правінцыі Хубэй. Тры цясьніны зьяўляецца найбуйнейшай у сьвеце электрастанцыяй паводле ўстаноўленай магутнасьці ў 21 тысячаў МВт, але другой пасьля ГЭС Ітайпу ў дачыненьні да выпрацоўкі электраэнэргіі ў год.
Будаўніцтва цела плаціны было завершанае ў 2006 годзе. Акрамя суднападымальніка першапачаткова плянаваныя кампанэнты праекту былі завершаныя 30 кастрычніка 2008 году, калі 26-я турбіна пачала камэрцыйную эксплюатацыю. Кожная турбіна мае магутнасьць у 700 МВт[1].
Кітайскі ўрад разглядае праект як гістарычны інжынэрны, сацыяльны й эканамічных посьпех краіны[2], маючы ГЭС з магутнымі сучаснымі турбінамі[3], а таксама з абмежаваньнем па выкіданьню парніковых газаў. Тым ня менш, будаўніцтва плаціны патрабавала зьнішчэньня некаторых археалягічных і культурных аб’ектаў і выклікала перасяленьне каля 1,3 мільёнаў чалавек, што прывяло да сур’ёзных экалягічныя зьменаў, у тым ліку павышэньня рызыкі апоўзьняў. Плаціна была спрэчнай тэмай як у Кітаі, гэтак і за мяжой[4].
Вялікая плаціна праз раку Янцзы першапачаткова прадугледжвалася яшчэ Сунь Ятсэнам як адзін з крокаў праграмы Міжнароднага разьвіцьця Кітаю ў 1919 годзе[5][6]. Ён рабіў заяву, што плаціна, здольная выпрацоўваць энэргію ў 30 мільёнаў конскіх сілаў (22 ГВт), магчыма можа быць пабудаваная ніжэй за сёньняшнюю ГЭС[6]. У 1932 годзе нацыяналістычны ўрад на чале з Чан Кайшы пачаў папярэднюю працу над плянамі рэалізацыі праекту. У 1939 годзе японскія вайсковыя сілы акупавалі Ічан і абсьледавалі тэрыторыю. Японцы хутка скончылі праектаваньне плаціны і чакалі перамогі Японіі ў вайне супраць Кітаю.
У 1944 годзе галоўны інжынэр-канструктар Бюро па мэліярацыі ЗША Джон Лусьен Сэвэдж агледзеў тэрыторыю і склаў прапанову да стварэньня плаціны на рацэ[7]. Каля 54 кітайскіх інжынэраў выправіліся ў ЗША на навучаньне. Першапачатковыя пляны плаціны прадугледжвалі выкарыстаньне ўнікальнага мэтаду для перамяшчэньня караблёў; караблі перамяшчаліся б па парогах, разьмешчаных на ніжнім і верхнім канцах плаціны. У выпадку дробных водных суднаў для эфэктыўнасьці меркавалася абслугоўваць адразу групу караблёў. Невядома, ці гэтае рашэньне было перагледжанае празь ягоную эфэктыўнасьць у эканоміі вады ці таму, што інжынэры палічылі, што розьніца ў вышынях паміж верхнім і ніжнім парогамі ёсьць занадта вялікімі для альтэрнатыўных мэтадаў[8]. Былі зробленыя некаторыя абсьледаваньні, эканамічныя дасьледаваньні і праектныя работы, але ў разгар грамадзянскай вайны ў Кітаі ўрад спыніў працу ў 1947 годзе.
Пасьля захопу ўлады камуністамі ў 1949 году Мао Дзэ-дун падтрымаў гэты праект, але спачатку распачалася рэалізацыя праекту плаціны Гэчжоўба, і эканамічныя праблемы, уключаючы Вялікі скок наперад і Культурную рэвалюцыю, запаволілі прагрэс. Пасьля паводкі на рацэ Янцзы ў 1954 годзе, у 1956 годзе Мао Цзэ-дун напісаў верш «Плаваньне», верш пра ягонае захапленьне плацінай на Янцзы. У 1958 годзе, пасьля кампаніі «Сто кветак», некаторыя інжынэры, якія выступілі супраць рэалізацыі праекту, апынуліся ў турме[9].
На працягу 1980-х гадох ідэя будаўніцтва плаціны ўзьнікла зноўку. Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў зацьвердзіў будаўніцтва плаціны ў 1992 годзе, то бок з 2633 дэлегатаў, 1767 прагаласавалі за, 177 прагаласавалі супраць, 664 устрымаліся, а 25 чальцоў не прагаласавалі[10]. Будаўніцтва пачалося 14 сьнежня 1994 году[11]. Плаціна, як чакалася, павінна была запрацаваць у 2009 годзе, аднак дадатковыя праекты, напрыклад, падземная электрастанцыя з шасьцю дадатковымі генэратарамі, зацягнулі выхад на поўную эксплюатацыю да траўня 2012 году[9][12]. Карабелевы ўздымнік быў завершаны і ўведзены ў эксплюатацыю ў 2015 году[13][14]. Да сканчэньня 2008 году плаціна ўзьняла ўзровень вады ў вадасховішчы да 172,5 мэтраў над узроўнем мора, на максымальны ўзровень плаціна выйшла да кастрычніку 2010 году — 175 мэтраў[15][16].