Гадзі́ньнік Су́днага Дня (Гадзіньнік Апака́ліпсісу) — праект часопісу Bulletin of Atomic Scientists (Чыкаскі ўнівэрсытэт), які пачалі ў 1947 годзе стваральнікі першай амэрыканскай атамнай бомбы. Пэрыядычна на вокладцы часопіса публікуецца выява гадзіньніку, які паказвае бязь некалькіх хвілін поўнач — сымбалічны момант ядравага апакаліпсісу. Час, пакінуты да поўначы, сымбалізуе напружанасьць міжнароднага становішча і прагрэс у разьвіцьці ядзернага ўзбраеньня.
Рашэньне аб пераводзе стрэлак прымае рада дырэктараў часопіса пры дапамозе запрошаных экспэртаў, сярод якіх, у прыватнасьці, 18 ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.
Ваганьні хвіліннай стрэлкі Гадзіньніка Суднага дня на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў
За 60-гадовую гісторыю праекту стрэлкі Гадзіньніка мянялі сваё становішча 18 разоў, пачынаючы зь сямі хвілін у 1947 годзе. Падчас Карыбскага крызісу сьвет быў за два крокі ад ядзернай вайны. Тым ня менш, з-за таго, што крызіс скончыўся вельмі хутка (цягам 38 дзён), Гадзіньнік не пасьпеў адрэагаваць, і яго стрэлкі ня зрушыліся. З 1960 і па 1963 год гадзіньнік паказваў сем хвілін (у 1963 годзе гэты час быў павялічаны да дванаццаці хвілін).
У 1949 годзе Савецкі Саюз выпрабаваў сваю першую ядравую бомбу (тры хвіліны да поўначы)
У 1953 годзе, калі СССР і Злучаныя Штаты Амэрыкі з розьніцай у дзевяць месяцаў выпрабавалі свае тэрмаядравыя бомбы, да поўначы заставалася дзьве хвіліны — самае вялікае набліжэньне да апакаліпсісу.
У 1960 годзе пасьля ўсьведамленьня сусьветнай грамадзкасьцю рэальных пагрозаў ядравай вайны стрэлкі былі пераведзеныя назад на сем хвілін да поўначы.
У 1972 годзе ЗША і СССР падпісваюць дамову АСУ-1 і абмежаваньні ПРА (стрэлкі пераведзеныя да дванаццаці хвілін).
У 1974 годзе Індыя выпрабоўвае сваю першую ядравую бомбу, пахаладаньне адносін паміж дзьвюма звышдзяржавамі, абмеркаваньне дамовы АСУ-2 прыпыненае (дзевяць хвілін).
Нестабільнае міжнароднае становішча, падаграванае нацыяналістычнымі войнамі і тэрарыстычнымі актамі да 1980 году скараціла час да сямі хвілін.
1984 год — далейшая эскаляцыя гонкі ўзбраеньняў, палітыка Рональда Рэйгана, накіраваная на абвастрэньне канфлікту (праект САІ) (тры хвіліны да паўночы)
Разрадка міжнароднай напружанасьці — у 1988 годзе ЗША і СССР падпісваюць у Рэйк'явіку дамову аб зьнішчэньні ракет сярэдняй далёкасьці (шэсьць хвілін).
У 1991 годзе гадзіньнік паказваў сямнаццаць хвілін да поўначы — сёлета паміж СССР і ЗША была падпісаная дамова аб скарачэньні стратэгічнага ўзбраеньня. Гэта самы вялікі тэрмін, які даваўся чалавецтву за без малога 60 гадоў існаваньня праекту.
1995 год — асьцярогі, выкліканыя «ўцечкай мазгоў» і ядравых тэхналёгіяў з краін былога СССР, прымусілі перавесьці стрэлкі гадзіньніка на чатырнаццаць хвілін.
1998 год — дэманстратыўныя выпрабаваньні ядравай зброі Індыяй і Пакістанам. Гадзіньнік паказвае дзевяць хвілін.
2002 год — на фоне тэрарыстычных актаў ЗША адмаўляецца ад падпісанай раней дамовы аб абмежаваньні ПРА і плянуе разгарнуць нацыянальную проціракетную абарону (сем хвілін да поўначы).
У сувязі зь ядравымі праграмамі КНДР і Ірана 17 студзеня 2007 году стрэлкі пераведзеныя на дзьве хвіліны бліжэй да поўначы. Гэтая першая зьмена за апошнія пяць гадоў. Да канца сьвету заставалася пяць хвілін.
2007 — 23:55
2010 — 23:54 (Новая ДСНУ, Канферэнцыя ААН па зьмяненьні клімату)
У ілюстрацыях да распрацоўваемай кампутарнай гульні Team Fortress 2 прысутнічае Гадзіньнік Апакаліпсісу, што паказвае адну хвіліну да паўночы.
У калекцыйнай картачнай гульні Magic: The Gathering прысутнічае карта Armageddon Clock, афармленьнем і дзеяньнем якая нагадвае адначасова аб Гадзіньніку Суднага Дня і аб Машыне Суднага Дня.