Га́за — гаручая вуглевадародная вадкасьць з тэмпэратурай кіпеньня ў інтэрвале 150—250 °C, прадукт перагонкі нафты. Сумесь празрыстая, бясколерная або злёгку жоўтая, троху алейная навобмацак.
Газа шырока выкарыстоўваецца ў якасьці паліва для турбавінтавых, турбарэактыўных, рэактыўных рухавікоў і некаторых ракетных рухавікоў у вельмі дапрацаванай форме пад назовам РП-1. Таксама могуць ужывацца як паліва дзеля гатаваньня ежы, асьвятленьня і ацяпленьня. У некаторых частках Азіі газа часам выкарыстоўваецца ў якасьці паліва для невялікіх чоўнавых рухавікоў і нават матацыклаў[1]. Сусьветнае спажываньне газы на ўсе патрэбы адпавядае прыкладна 5,5 млн барэляў у дзень паводле зьвестак ліпеня 2023 году[2].
Сусьветная арганізацыя здароўя лічыць газу брудным палівам і рэкамендуе ўрадам неадкладна спыніць прапаганду ейнага выкарыстаньня ў хатніх умовах[3]. Газавы дым зьмяшчае высокі ўзровень шкодных цьвёрдых часьцінак, таму хатняе выкарыстаньне газы павязанае з больш высокай рызыкай захворваньня на рак, рэсьпіраторныя інфэкцыі, дыхавіцу, сухоты, катаракту і несьпрыяльных зыходаў цяжарнасьці.