Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй | |
![]() |
Гало́ўная ўпра́ва па барацьбе́ з арганізава́най злачы́ннасьцю і кару́пцыяй (ГУБАЗіК) — управа Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
Зь верасьня 2014 па лістапад 2020 року пасаду начальніка ГУБАЗіК займаў Мікалай Карпянкоў.
У лістападзе 2020 року Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пра запуск працэсу міжнароднага прызнаньня структураў ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі ў зьвязку з учыненымі імі злачынствамі ў час здушэньня пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі[1]. Некаторых палітыкі і актывісты назваюць ГУБАЗіК «беларускім Гестапа».[2]
Паводле сьведчаньня палітычнага вязьня Міколы Дзядка, агучанага 1 ліпеня 2021 року ў Менскім судзе, супрацоўнікі ГУБАЗіКа называюць уласную менскую ўправу Гестапа[3].
28 сакавіка 1991 року ў цэнтральным апараце МУС СССР была заснаваная галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю[4]. У ейную структуру ўвайшла міжрэгіянальная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю №1, якая базавалася ў Менску й знаходзілася ў апэратыўным падпарадкаваньні кіраўніцтва МУС БССР.
30 сьнежня 2003 року Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй пры МУС Беларусі быў скасаваны. Паўнамоцтвы камітэту і падпарадкаваных яму тэрытарыяльных і на транспарце спэцыяльных падразьдзяленьняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй былі перададзены Міністэрству ўнутраных справаў, галоўнай управе ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, управам унутраных справаў аблвыканкамаў, управе ўнутраных справаў на транспарце[5]. У МУС Беларусі была створаная галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.
У другой палове 2020 году афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў перайшоў на бок апазыцыі, перадаў руху за свабодныя выбары вялікі масіў унутранай інфармацыі і зьехаў зь Беларусі[6]. У красавіку 2023 году Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў Лупаносава да 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу[7].
У структуру ўсіх тэрытарыяльных управаў уваходзяць: першы аддзел (па барацьбе з карупцыяй), другі аддзел (па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю), трэці аддзел (па супрацьдзеяньні экстрэмізму), чацьверты аддзел (агентурна-апэратыўнай работы і апэратыўнага аналізу).
21 чэрвеня 2021 году ГУБАЗіК дадалі ў Сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за разгортваньне спэцыялізаванае падразьдзяленьняў для зьдзяйсьненьня гвалту супраць пратэстоўцаў, у тым ліку за рэйд на сядзібу апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, выкраданьне Марыі Калесьнікавай і ўзяцьце пад варту Рамана Пратасевіча. У санкцыйны спіс быў дададзены і былы начальнік ўправы Мікалай Карпянкоў[8]. У той жа дзень Карпянкоў таксама трапіў пад санкцыі ЭЗ[9][10], Вялікабрытаніі[11], Канады[12]. 7 ліпеня да санкцый супраць Карпянкова далучылася Швейцарыя[13].
2 сьнежня 2021 году начальнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын і іншыя кіраўнікі ўправы патрапілі пад санкцыі ЗША ды Канады. Паршын у той жа дзень быў уключаны і ў санкцыйны сьпіс Вялікабрытаніі[14][15][16]. У 2022 годзе да санкцый супраць Паршына далучыліся ЭЗ[17] ды Швайцарыя[13].
Летам 2024 году Эўрапейскі зьвяз і Швайцарыя ўвялі санкцыі супраць кіраўніка ГУБАЗіК Андрэя Ананенкі ды дваіх яго намесьнікаў[18][19].
27 студзеня 2025 году Канада ўвяла санкцыі супраць управы ды Ананенкі[20], а Вялікабрытанія пашырыла санкцыі на Ананенку ды Бедункевіча[21].