Галушкі | |
Славацкія брынзавыя галушкі са шкваркамі | |
Нацыянальная страва | славацкая, украінская |
---|---|
Паходжаньне | Славаччына, Украіна |
Асноўны складнік | |
Распаўсюджаныя складнікі | кляр[d] |
Галу́шкі (па-ўкраінску: Галушки, па-славацку: Halušky) — украінская і славацкая страва з адвараных у кіпені кавалачкаў цеста. У адрозненьне ад варэнікаў ня маюць начыньня. Галушкі гатуюць як асобную страву або вараць зь імі суп.
На Галічыне больш распаўсюджаныя палюшкі — галушкі, у склад якіх уваходзіць адвараная бульба.
Цеста для галушак гатуюць на аснове мукі (звычайна пшанічнай ці грэчневай або іх сумесяў), ці манных крупаў, ці сумесі мукі з бульбай, тварагом, дадаючы яйкі, ваду, соль, цукар. Цеста дзеляць лыжкай альбо раскатваюць да таўшчыні 1,5 см і наразаюць на невялікія квадраты, потым вараць у падсоленым кіпені (або булёне ці малацэ), пакуль не ўсплывуць. Адвараныя галушкі падаюць на стол з растопленым маслам альбо са шкваркамі і смажанай цыбуляй.
Перад падачай на стол галушкі можна крыху падсмажыць на патэльні з падагрэтым алеем.
У Славаччыне галушкі звычайна падаюцца пасыпаныя авечай брынзай ці іншым струганым сырам, а таксама са шкваркамі. Таксама могуць падавацца з кіслай капустаю; у такім выпадку называюцца страпачкі.