Гандвана

Гандвана 200 млн гадоў таму

Гандва́на — назва буйнога кантынэнту, які доўгі час існаваў у паўднёвым паўшар’і Зямлі. Гандвана складалася з сучасных мацерыкоў Афрыка, Паўднёвая Амэрыка, Антарктыда, Аўстралія, а таксама з вострава Індастану, які пасьля сутыкненьня зь Ляўразіяй стаў паўвостравам.

Гандвана ўзьнікла прыкладна 530—750 млн гадоў таму й доўгі час разьмяшчалася вакол Паўднёвага полюсу. У раньнім палеазоі яна паступова перамяшчалася на поўнач і злучылася ў эпоху каменнавугальнага пэрыяду (360 млн гадоў таму) з паўночнаамэрыканскім-скандынаўскім мацерыком у гіганцкі протакантынэнт Пангэя.

Аднак падчас юрскага пэрыяду каля 180 млн гадоў таму Пангэя зноўку раскалолася на Гандвану й паўночны кантынэнт Ляўразію, якія падзяліў акіян Тэтыс. 30 млн гадоў пасьля, у тым жа юрскім пэрыядзе Гандвана сама пачала распадацца на вышэйпералічаныя (цяперашнія) мацерыкі. Спачатку, 150 млн гадоў назад, Гандвана раскалолася на дзьве часткі, адна зь якіх ўключала Афрыку й Паўднёвую Амэрыку, іншая — Аўстралію, Антарктыду й паўвостраў Індастан. Канчаткова ўсе сучасныя мацерыкі вылучыліся з Гандваны толькі ў канцы крэйдавага пэрыяду, 70—80 мільёнаў гадоў таму.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]