Ганорыюс I (папа рымскі)

Ганорыюс I (папа рымскі)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 585
Памёр 12 кастрычніка 638
ДэнамінацыяКаталіцкая царква[1]
Заняткікаталіцкі сьвятар, пісьменьнік

Ганорыюс I (па-лацінску: Honorius I) — рымскі біскуп (папа рымскі) з 27 кастрычніка 625 году па сваю сьмерць. У асноўным ён запомніўся сваёй перапіскай з канстантынопальскім патрыярхам Сэргіюшам I з нагоды вучэньня монатэлітызму. Ганорыюс быў пасьмяротна падвергнуты анатэме, спачатку за тое, што ён падпісаўся на монатэлітызм, а пазьней толькі за тое, што ня здолеў яго спыніць. Анатэма супраць Ганорыюса I стала адным з цэнтральных аргумэнтаў супраць дактрыны папскай беспамылковасьці.

Ганорыюс быў заможным шляхцічам і паходзіў з Кампаніі. Ягоным бацькам быў консул Пэтроніюс. Пра кар’еру Ганорыюса анічога не вядома да таго часу, пакуль ягоны не абралі папам 27 кастрычніка 625 году. Прыкметна, што абраны ён быў усяго толькі праз два дні пасьля сьмерці Баніфацыюса V. Такія хуткія выбары адбыліся, магчыма, праз прысутнасьць у Рыме Ісаака Армяніна, які быў упаўнаважаны зацьвердзіць абраньне папы, які імпэратарскі экзарх у Італіі[2].

Як папа рымскі, Ганорыюс I нанімаў у Лятэранскі палац манахаў, а не сьвецкае духавенства. Першапачаткова ён падтрымліваў Адаляальда, зрынутага каталіцкага караля лянгабардаў, але ўсталяваў сардэчныя адносіны з арыянскім супернікам Арыяальдам. Ганорыюс ня здолеў урэгуляваць раскол Вэнэцыі і Істрыі, але ён зрабіў пасьпяховыя захады, каб залагодзіць арцыбіскупаў Равэнны, якія былі незадаволеныя сваім падпарадкаваньнем Рыму.

Ганорыюс прыняў удзел у раньніх дыскусіях адносна вучэньня пра монатэлітызм, якое заключаецца ў тым, што Хрыстос мае толькі адну энэргію і адну волю, у адрозьненьне ад вучэньня пра тое, што ён мае дзьве энэргіі і дзьве волі, як чалавечую, гэтак і боскую[3]. Канстантынопальскі патрыярх Сэргіюш I напісаў першапачатковы ліст, у якім паведамляў Ганорыюсу аб супярэчнасьцях з монатэлітамі, просячы Ганорыюса падтрымаць пазыцыю, паводле якой адзінству Царквы не павінна пагражаць дыскусія альбо спрэчкі наконт таго, што Хрыстос валодае адной ці дзьвюма энэргіямі. Сэргіюш дадаў, што вучэньне пра дзьве энэргіі можа прывесьці да памылковага перакананьня, што Ісус мае дзьве супярэчлівыя волі[4]. Адказ Ганорыюса ў 635 годзе падтрымаў гэтую думку, што ўсе дыскусіі павінны спыніцца, і пагадзіўся, што Ісус ня мае дзьвюх супярэчлівых воляў, але ёсьць адна, бо Ісус меў не сапсаваную чалавечую прыроду, якая мела месца пасьля ўчынку Адама, а чалавечую прыроду, якая існавала да падзеньня Адама[5].

Ён актыўна распаўсюджваў хрысьціянства сярод англасаксаў і спрабаваў пераканаць кельтаў вылічыць Вялікдзень па-рымску.

  1. ^ Catholic-Hierarchy.org (анг.)USA: 1990.
  2. ^ Attwater, Aubrey (1939). «A Dictionary of Popes: From Peter to Pius XII.» — С. 67—68.
  3. ^ Monothelitism and Monothelites. Catholic Encyclopedia.
  4. ^ Hefele 1896. С. 25.
  5. ^ Hefele 1896. С. 29—30.
  • Hefele, Charles J. A History of the Councils of the Church, From the Original Documents, Volume 5. — 1896.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]