Гарадзея (футбольны клюб)

Гарадзея
Поўная назва Футбольны клюб «Гарадзея»
Заснаваны 2002
Горад Гарадзея, Беларусь
Стадыён «Гарадзея»
Умяшчальнасьць: 1625
Чэмпіянат Найвышэйшая ліга
 · 2020 13 месца
Афіцыйны сайт

«Гарадзе́я» — колішні футбольны клюб зь Беларусі. Заснаваны ў 2002 годзе і распушчаны ў 2021 годзе. Базаваўся ў аднайменным гарадзкім паселішчы. 14 студзеня 2011 году клюб атрымаў пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі й стаў прафэсійным футбольным клюбам, аднак свае выступы ў чэмпіянаце Беларусі распачаў у 2008 годзе, узяўшы ўдзел у другой лізе айчыннага чэмпіянату. Да гэтага клюб браў удзел у чэмпіянаце Менскай вобласьці й чэмпіянаце Беларусі па футзале. З 2016 году выступаў у найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.

Клюб быў створаны ў 2002 годзе дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва Гарадзейскага цукровага камбінату й адразу заяўлены ў чэмпіянат Менскай вобласьці па футболе. Праз два гады да каманды прыйшоў першы посьпех — «Гарадзея» сталася ўладальнікам Кубка Менскай вобласьці. А ў 2006 годзе клюб дамогся залатога дублю на абласным узроўні, стаўшы пераможцам абласной лігі й уладальнікам кубка вобласьці.

Акрамя футболу клюб таксама прымаў удзел у спаборніцтвах па футзале, гуляўчы ў чэмпіянаце Беларусі па гэтым відзе спорту. У 2008 годзе «Гарадзея» заваявала срэбраныя мэдалі айчыннага чэмпіянату па футзале й стала ўладальнікам кубка.

У 2007 годзе клюб упершыню прыняў удзел у Кубку Беларусі па футболе, а на наступны год быў заяўлены ў другую лігу айчыннага чэмпіянату. Амаль адразу клюб пачаў паказваць добрыя вынікі, то бок у 2009 годзе клюб заняў другое месца ў розыгрышу лігі, а на наступны год стаўся ейным чэмпіёнам, прасунуўшыся, такім чынам, у першую лігу. Незважаючы на першапачатковую мэту захаваць месца ў першай лізе, каманда ў дэбютны сэзон у новай лізе заняла выніковы трэці радок. У 2012 годзе клюб узяў рэзкі старт. Пасьля паразы ў першым туры, каманда з гарадзкога паселішча выдала сэрыі без паразаў у адзінаццаць матчаў, што дало магчымасьць «Гарадзеі» выйсьці на першае месца. Аднак канцоўка першага этапу была правалена, клюб атрымаў шэраг паразаў і апусьціўся на трэцюю пазыцыі. У выніку клюб заняў выніковае другое месца й атрымаў права ўдзелу ў матчах плэй-оф за месца ў найвышэйшай лізе супраць жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», якое заняло апошні радок у розыгрышы найвышэйшай лігі[1]. Пасьля хатняй перамогі зь мінімальным лікам 1:0, «цукравікі» пацярпелі буйную паразу ад аўтазавадчанаў зь лікам 0:4. У сэзоне 2013 году клюб таксама заняў другое месца ў першай лізе і атрымаў права гуляць у плэй-оф за месца ў найвышэйшай лізе, але і на гэты раз «Гарадзея» саступіла па суме двух матчаў цяпер ужо магілёўскаму «Дняпро».

Сэзон 2014 году «Гарадзея» пачала няўдала, хутка апынуўшыся ўнізе табліцы. У выніку ўжо ў траўні 2014 году быў звольнены галоўны трэнэр Андрэй Кіпра, на месца якога быў запрошаны Сяргей Яромка. З новым трэнэрам каманда стала выступаць больш пасьпяхова, і першае кола «Гарадзея» скончыла на трэцім радку. У пачатку другога кола «Гарадзея» захоўвала трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў найвышэйшай лізе. Але ў кастрычніку каманда выдала няўдалую сэрыю з шасьці матчаў безь перамогаў, з-за якой ужо за некалькі тураў страціла апошні шанец на павышэньне. У 2015 годзе каманда заняла другое месца ў першай лізе і атрымала права на ўдзел у найвышэйшай лізе ў 2016 годзе.

Пасьля выхаду ў эліту беларускага футболу кіраўніцтва «Гарадзеі» задумалася пра абнаўленьне стадыёну, каб мець магчымасьць сустракаць супернікаў на хатняй пляцоўцы. У сакавіку 2016 году пачаліся працы на стадыёне. У выніку клюб вырашыў першыя матчы праводзіць у Менску, а потым перабрацца на нясьвіскі стадыён «Ураджай», да таго як скончыць рэканструкцыю свайго стадыёна. Дэбют «Гарадзеі» ў найвышэйшай лізе адбыўся 2 красавіка 2016 году, калі клюб прымаў у Менску салігорскі «Шахцёр». Скончыўся матч паразай для дэбютантаў зь лікам 0:1. Аднак ужо ў трэцім туры клюб атрымаў першую перамогу — ахвярай клюбу зь невялікага мястэчка стаў «Слуцак», а аўтарам першага голу каманды стаў Кірыл Паўлючак.

Улетку клюб скончыў рэкаструкцыю стадыёну, якая ўключыала ў сябе пабудову яшчэ адной трыбуны, мадэрнізацыя старой трыбуны, былі пабудаваны распранальні, а таксама ўсталяваны асьвятляльныя макшты. Гульнявая пляцоўка была пашырана з 64 па 68 мэтраў, а колькасьць месцаў на стадыёне павялічылася з 1020 па 1625. Агулам кошт рэканструкцыі склаў 1 мільён даляраў[2]. Першы хатні матч на абноўленым стадыёне адбыўся 20 чэрвеня 2016 году, калі «Гарадзея» прымала мазырскую «Славію» і перамагла зь лікам 4:2. Менавіта гэтым матчам пачалася клюбная сэрыя без паразаў, якая доўжылася ажно 13 тураў. Толькі 24 кастрычніка гарадзейскі клюб трываў паразу ад клюбу «Менск» зь лікам 1:3. Сярод гульцоў асабліва вылучаліся капітан клюбу Дзьмітры Лебедзеў і нападнік Антон Сарока, які пасьля ўдалага сэзону 2016 году перашоў у менскае «Дынама». Адобва футбалісты забілі па 8 галоў. Клюб скончыў чэмпіянат на 9-м месцы.

Страту аднаго з асноўных нападнікаў клюб у міжсэзонны кампэнсаваў складаньнем кантракту з сэрбскім гульцом Боянам Дубаічам. Новы 2017 сэзон клюб зноўку распачаў хатняй паразай ад салігорскага «Шахцёру» зь лікам 0:1. Аднак на наступнай хатняй гульне 15 красавіка 2017 году «Гарадзея» атрымала перамогу над «Іслачу» зь лікам 2:0. Першы мяч у сэзоне апынуўся на рахунку навічка клюбу Дубаіча. Варта адзначыць, што гэтая хатняя параза аказалася адзінай у чэмпіянаце, у астатніх матчах гарадзейскі клюб больш не прайграваў у хатніх матчаў, у асноўным гуляючы ўнічыю. Аднак, у выязных матчах клюб часьцей за ўсё атрымліваў паразы ў выніку чаго скончыў чэмпіянат зноўку на 9-м радку выніковай табліцы. У красавіку клюб пачаў усталёўваць дах над абедзьвюма трыбунамі, працы скончыліся толькі ў чэрвені. У апошнім туры клюб быў уцягнуты ў чэмпіёнскую гонку, калі БАТЭ на апошніх сэкундах матчу з «Гарадзеяй» здолеў забіць гол і здабыць чарговы тытул. Лепшым бамбардзірам клюбу стаў Боян Дубаіч, які забіў амаль усе свае галы ў канцы сэзону, зарабіўшы галявыя дублі ў матчах супраць «Дняпра», «Нафтану» і БАТЭ.

Сэзон 2018 году пачаўся для гарадзейцаў няўдала, каманда хутка апынулася ў канцы турнірнай табліцы. Першая перамога была атрымана толькі ў 10-м туры, калі дзякуючы голу на апошніх хвілінах «Гарадзея» сэнсацыйна ўзяла верх над БАТЭ (2:1), аднак гэтая перамога засталася адзінай у першай палове чэмпіянату. У другой палове сэзону «Гарадзея» стала выступаць значна лепей, шэраг перамог дазволіў камандзе пакінуць падвал табліцы і скончыць сэзон трэці раз запар на дзявятым радку. У сэзоне 2019 году каманда таксама спачатку знаходзілася ўнізе табліцы, але неўзабаве вынікі палепшыліся, таму каманда ўпэўнена замацавалася ў сярэдзіне табліцы. Пазьней нават мела магчымасьць змагацца за высокія месцы, аднак у выніку фінішавала сёмай. У сэзоне 2020 году ў «Гарадзеі» меліся фінансавыя праблемы, зьвязаныя з затрыманьнем у межах «цукровай справы» дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча, які чыніў значную дапамогу камандзе. У выніку клюб стаў рабіць большую стаўку на маладых выканаўцаў. Не зважаючы на праблемы, «Гарадзея» здолела пазьбегнуць вылету, стаўшы трынаццатай.

У студзені 2021 году клюб пакінуў увесь трэнэрскі штаб[3]. Неўзабаве стала вядома, што клюб адмаўляецца ад удзелу ў Найвышэйшай лізе ў сэзоне 2021 году. Гульцы каманды разышліся па іншых клюбах, пераважна ў Найвышэйшай лізе, а «Гарадзея» спыніла існаваньне[4].

  • «Цуккамбінат» (2004—2007)
Сэзон Ліга Месца Г В Н П РМ Пкт Кубак
2012 Першая 2 28 18 6 4 49-21 60 1/8
2013 Першая 2 30 18 6 6 68-32 60 1/4
2014 Першая 6 30 11 12 7 42-26 45 1/8
2015 Першая 2 30 21 5 4 73-25 68 1/16
2016 Найвышэйшая 9 30 8 14 8 36-39 38 1/8
2017 Найвышэйшая 9 30 8 14 8 37-35 38 1/8
2018 Найвышэйшая 9 30 9 7 14 31-33 34 1/8
2019 Найвышэйшая 7 30 12 8 10 31-29 44 1/16
2020 Найвышэйшая 13 30 8 7 15 30-48 31 1/8

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]