Гарві Вайнштэйн

Гарві Вайнштэйн
па-ангельску: Harvey Weinstein
Дата нараджэньня 19 сакавіка 1952(1952-03-19)[1][2][3][…] (72 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак кінапрадусар, выканаўчы прадусар, актор, кінарэжысэр, сцэнарыст
Навуковая сфэра кінавытворчасьць[d][4]
Месца працы
Узнагароды
IMDb ID nm0005544

Гарві Вайнштэйн (па-ангельску: Harvey Weinstein, 19 сакавіка 1952) — амэрыканскі кінапрадусар. Ляўрэат прэмій «Оскар» и BAFTA за фільм «Закаханы Шэксьпір».

Адзін з самых вядомых прадусараў Галівуду. Стаў сузаснавальнікам кінакампаній Miramax і Weinstein Company. Працаваў над такімі фільмамі як «Закаханы Шэксьпір», «Кароль прамаўляе!», «Забіць Біла», «Банды Нью-Ёрка», «Крымінальнае чытво», «Джанга вызвалены» ды «Мярзотная васьмёрка».

Вырас у жыдоўскай сям’і зь Нью-Ёрку. Акрамя яго, у сям’і было яшчэ адно дзіяця — яго малодшы брат Боб Вайнштэйн. Гарві скончыў школу Джона Браўна, пасьля паступіў ва Ўнівэрсытэт штату Нью-Ёрк у Буфала[5][6].

Пасьля ўнівэрсытэту пачаў займацца прадусарскай дзейнасьцю. Першымі яго праектамі стала арганізацыя рок-канцэртаў у Буфала ў 1970-я гады. Харві разам з братам Бобам і Коркі Бургэрам працавалі пад лэйблам Harvey & Corky Productions. Але абодва браты марылі аб стварэньні фільмаў, і напрыканцы 70-х на заробленыя арганізацыяй канцэртаў грошы яны заснавалі невялікую, затое незалежную кампанію Miramax, якая была названая ў гонар бацькоў братоў — Мірыям і Макса. Першымі працамі Miramax былі музычныя фільмы — накшталт «Рок-шоў» з Полам Макартні.

Вайнштэйн зьяўляўся прыхільнікам Дэмакратычнай партыі, удзельнічаў у кампаніях прэзыдэнта Барака Абамы і кандыдатаў у прэзыдэнты Гілары Клінтан і Джона Кэры[7]. Падтрымліваў прэзыдэнцкую кампанію Гілары Клінтан у 2008 годзе[8] і ў 2012 годзе снаваў збор сродкаў для Абамы ў сваім доме ў Вэстпорце, Канэктыкут[9].

Абвінавачваньні і суд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увосень 2017 году дзясяткі жанчын пачалі абвінавачваць Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях рознага кшталту — усяго аб гэтым заявіла 75 жанчын. Сярод тых, хто заявіў пра дамаганьні Вайнштэйна, — кіназоркі Анджэліна Джалі, Сальма Гаек, Гвінэт Пэлтраў і Эшлі Джад[10]. Пасьля справы Вайнштэйна зьявілася шмат публічных абвінавачваньняў у адрас іншых вядомых мужчын, што прывяло да пачатку сусьветнай кампаніі супраць сэксуальных дамаганьняў пад хэштэгам #MeToo.

Вайнштэйна звольнілі з рады дырэктараў яго прадусарскай кампаніі і выключылі са складу амэрыканскай Кінаакадэміі. Пазьней заснаваная Вайнштэйнам і яго братам Бобам кампанія збанкрутавала. Сам прадусар не прызнаваў сваю віну.

Вайнштэйн здаўся паліцыі ў траўні 2018 году і быў вызвалены пад заклад.

У траўні 2019 году Вайнштэйн заключыў зьдзелку з жанчынамі, якія абвінавачваюць яго ў дамаганьнях. Ён абавязаўся выплаціць сваім ахвярам каля 44 мільёнаў даляраў[11].

Журы прысяжных у лютым прызнала Вайнштэйна вінаватым у сэксуальным гвалце па двух пунктах абвінавачваньня зь пяці. Ён быў апраўданы па двух найбольш сур’ёзных пунктах абвінавачваньня. Суд у Нью-Ёрку 11 сакавіка прысудзіў Вайнштэйну 23 гады турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньнях у сэксуальным гвалце[12][13].