Гасьці́ны дво́р — тып грамадзкага будынку гандлёвага прызначэньня, які ўключае гандлёвыя й складзкія будынкі, жылыя памяшканьні гасьцінічнага тыпу[1].
Тут спыняліся госьці-купцы, захоўваліся тавары, і вёўся гандаль. У XVI—XVII стагодзьдзях гасьціны двор меў выгляд прастакутнага пляцу, абнесенага мураванымі або драўлянымі памяшканьнямі, аб’яднанымі крытымі галерэямі. У XVIII—XIX стагодзьдзях гасьціныя двары будуюцца ў стылі клясыцызму. Гасьціны двор плянавалі ў выглядзе замкнёнага прастакутніка з адкрытымі аркадамі-галерэямі або калёнамі.
У гарадох Заходняе Эўропы былі пашыраныя з XIV стагодзьдзя (Брэмэн, Кракаў, Прага). На Беларусі пашыраныя з XVI—XIX стагодзьдзяў (Полацак, Горадня, Віцебск, Менск). Драўляны гасьціны двор пабудаваны ў Тураве ў XVIII стагодзьдзі[1].
На аснове гандлёвых дамоў вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі[1].