Гераін (дыямарфін) — алькалёід опіюму ў выглядзе застылага соку макавак.
Належыць да ліку дурманлівых рэчываў. Мае болепатольнае дзеяньне выйшэйшае, чым у марфіна. Стварае моцнае пачуцьцё эўфарыі. Выклікае хуткае ўзьнікненьне нарказалежнасьці. Вытворчасьць і ўжываньне ў Беларусі знаходзяцца пад забаронай[1]. Хімічная формула: C21H23NO5.
Пры спыненьні ўжываньня выклікаў цяглічны боль у выглядзе ломкі. У выніку нарказалежныя з кожным разам павялічвалі дозу дзеля дасягненьня эўфарыі. Урэшце, гэта выклікала перадазоўку, пры якой спынялася дыханьне і кроў пераставала паступаць у галаўны мозаг, ад чаго людзі гінулі[2].
У 1875 годзе ангельскі хімік Чарлз Алдэр-Райт сынтэзаваў дыямарфін падчас працы ў мэдычнай школе пры шпіталі сьвятой Марыі ў Вэстмінстэры (Лёнданскае графства). Алдэр-Райт кіпяціў бязводны марфін з воцатным ангідрыдам цягам некалькіх гадзінаў, у выніку чаго атрымаў ацэтыляваны віду марфіну — дыяцэтылмарфін. У 1895 годзе нямецкі вытворца лекаў «Баер» (Эльбэрфэльд, Райнская правінцыя, Каралеўства Прусія) стаў выпускаць дыяцэтылмарфін у якасьці безрэцэптурнага лека ад кашлю пад таварным знакам «Гераін» (грэц. ήρως — моцны). Яго рэклямавалі як «незацягвальны замяняльнік марфіну». Пагатоў нямецкі хімік Фэлікс Гофман ацэтыляваў марфін для «Баера» ў рэчыва, якое было ў 1,5 разу мацнейшым (адсюль назва). «Гераін» прадавалі ў аптэках шматлікіх краінах сьвету, што прывяло да істотнага пашырэньня нарказалежнасьці, якую той выклікаў зь першага ж ужываньня[3]. У 1925 годзе Камітэт па здароўі Лігі народаў (Жэнэва, Швайцарыя) забараніў вытворчасьць і продаж дыяцэтылмарфіну.
У 2004 годзе на Аўганістан прыпала звыш 80% сусьветнай вытворчасьці гераіну[4]. У 2013 годзе 1 тона гераіну ў Аўганістане, дзе яго выраблялі, каштавала $9000. Па прывозе ў Расею, зь якой Беларусь мела адчыненую мяжу, наркагандляры прадавалі тону гераіну за $150 000[5] (16-кратна даражэй).
У 2004 годзе большасьць гераіну патрапіла ў Беларусь праз адчыненую мяжу з Расеяй[4]. За 2014 год каля 50 чалавек памерла ў Беларусі ад перадазоўкі гераінам[6]. У 2015 годзе асноўная маса гераіну паступіла ў Беларусь з Аўганістану, а таксама Пакістану (краіны «Залатога паўмесяца»)[7]. Паводле Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, сярод 14,5 тыс. чалавек пад назіраньнем у нарколягаў 2,5% (360) ужывалі гераін[8].
Гэта — накід артыкула па хіміі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |