Глуск лац. Hłusk | |||||
![]() У цэнтры мястэчка | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XV ст. | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Глускі | ||||
Вышыня: | 144 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 7138 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2230 | ||||
Паштовы індэкс: | 213879 | ||||
СААТА: | 7217551000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д.Каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д. | ||||
Глуск на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Глуск | |||||
![]() |
Глуск — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Пцічы. Адміністрацыйны цэнтар Глускага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7138 чалавек[1]. Знаходзіцца за 170 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы (лінія Бабруйск — Рудабелка). Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Бабруйскам, Старымі Дарогамі, Рудабелкай, Любаньню.
Глуск — мястэчка на гістарычнай Случчыне (частка Наваградчыны) каля мяжы з Панізоўем, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Глуск утварыўся ў выніку трансфармацыі словаў «глух», «глуш»[2].
Назва «Глуск» у пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца з другой паловы XV ст. Першым гаспадаром вотчыны з цэнтрам Стары Глуск (з XIX ст. — Гарадок) быў Юры Гальшанскі. Па яго сьмерці ўладаньні падзялілі паміж сабой спадкаемцы. Каля 1520 году Юры Гальшанскі-Дубровіцкі выдзяліў сваю частку ў асобнае ўладаньне з цэнтрам у Глуску Дубровіцкім, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1522 годзе ў каралеўскім прывілеі на заснаваньне замка.
У 1525 годзе Глуск атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзеньне кірмашоў. Па сьмерці Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага паселішчам валодалі спачатку ягоныя сыны Януш і Ўладзімер, потым Сямён, якія ўсе сышлі беспатомнымі. У 1558 годзе ўсю рухомую і нерухомую маёмасьць князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх падзялілі паміж дочкамі Юрыя — князёўнамі Гальшанскімі Настасьсяй Заслаўскай і Соф’яй Палубінскай. Гэты падзел замацаваны лістом Жыгімонта Аўгуста ад 23 траўня 1558 году. Па сьмерці Настасьсі ў 1561 годзе ейная доля перайшла ўнукам Янушу і Міхаілу Заслаўскім, якія праз 10 гадоў саступілі палову сваёй часткі цётцы Ганьне Чартарыйскай, дачцэ княгіні Настасьсі, якая ў 1581 годзе выкупіла ў пляменьнікаў і іх палову. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Глуск увайшоў у Наваградзкі павет (Слуцкае княства) Наваградзкага ваяводзтва. У 1568 годзе Ян Хадкевіч атрымаў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску». На 1571 год у мястэчку было 124 дамы і 12 крамаў[3].
У канцы XVI ст. Глускам супольна валодалі Палубінскія, і Чартарыйскія. У 1626 годзе М. Ю. Чартарыйскі прадаў сваю частку Глуску К. А. Палубінскаму, які стаў адзіным яго ўладальнікам. На 1638 год у мястэчку было 7 вуліцаў і 332 пляцы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сакавіку 1655 году Глуск «агнём і мячом датла» разбурылі казакі[4], па вайне ўлады Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі мястэчка ад падаткаў тэрмінам на 10 гадоў[3]. Па пажары замак, умацаваны гароднямі, у 1670-х гадох ператварылі ў замак зь землянымі валамі і пяцьцю бастыёнамі. У 1667 годзе князь Палубінскі заснаваў у мястэчку кляштар бэрнардынаў. У 1672—1677 гадох у Глуску жыў гравёр А. Тарасевіч, які меў тут сваю майтэрню. У 1673 годзе мястэчка атрымала паўторнае вызваленьне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў. Па сьмерці князя Палубінскага Глуску перайшоў да ягонай дачкі Ганны, жонцы Дамініка Мікалая Радзівіла. З гэтага часу і да канца XVIII ст. мястэчка знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў, за якімі Глуская воласьць мела назву «графста». На 1727 год у Глуску было 36 крамаў, у сярэдзіне XVIII ст. — 320 двароў. Пабудовы разьмяшчаліся на 12 вуліцах, сярод якіх былі дарогі на Менск, Слуцак, Мазыр, Бабруйск. Кампазыцыйным цэнтрам зьяўляўся 12-кутны Рынак, дзе разьмяшчаліся драўляныя Ўваскрасенская і Траецкая цэрквы, 47 крамаў і 25 камораў, якія ўтваралі замкнёныя гандлёвыя рады. Існавала прадмесьце Карпілаў, разьмешчанае на скрыжаваньні 2 дарог. У 1775 годзе Глуск пацярпеў ад пажару. У 1791 годзе ён увайшоў у Случарэцкі павет Наваградзкага ваяводзтва.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. На 1798 год тут было 143 двары, замак, 2 касьцёлы, 3 царквы, гаспадарскі двор, 48 крамаў, паштовая станцыя, працаваў медналіцейны завод. З 1800 году маёнтак знаходзіўся ў валоданьні графа Юдзіцкага, пазьней перайшоў да Бжастоўскіх.
У 1861 годзе ў Глуску было 430 двароў, мураваныя касьцёл і кляштар, 2 драўляныя цэрквы, 5 малітоўных дамоў. У 1885 годзе ў мястэчку працавалі 5 скураных заводаў і 82 крамы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Глуску было 675 двароў; працавалі 2 расейскія народныя вучэльні, царкоўнапрыходзкая школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфная кантора, 125 крамаў, 9 заезных дамоў, 3 медаварні; дзеялі 2 цэрквы, касьцёл, 5 сынагог. На 1907 год — 870 двароў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Глуск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глуск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. З жніўня 1919 да 12 ліпеня 1920 году Глуск займалі польскія войскі. У 1921 годзе ў мястэчку пачалі працаваць аптэка і тэлеграф, у 1922 годзе — 7-гадовая школа, хата-чытальня і вэтэрынарны пункт, у 1923 годзе — лякарня. 17 ліпеня 1924 году Глуск стаў цэнтрам раёну (у 1962—1966 гадох уваходзіў у склад Бабруйскага раёну). З 1927 году пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя, з 1929 году — народны дом. З прадпрыемстваў найбольш значнымі былі паравы і вадзяны млыны, электрастанцыя, стужкавая (269 работнікаў), абутковая (57 работнікаў) і кравецкая (70 работнікаў) арцелі. 17 верасьня 1938 году Глуск атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1944 годзе ў Глуску пачалі працаваць 2 электрастанцыі, 2 паравыя млыны, 2 лесапільні, ваўначоска і сукнавальня, аднавілі працу гарбарны завод, лякарня, амбуляторыя, аптэка. У 1956 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю плодаагародніннага, у 1971 годзе — масласырзавода, у 1975 годзе — мэблевай фабрыкі.
У Глуску працуюць 3 сярэднія, санаторная школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
У мястэчку выдаецца раённая газэта «Радзіма».
Па апошняй вайне ў Глуску галоўным чынам будаваліся драўляныя хаты сядзібнага тыпу. Пазьней, паводле генэральнага пляну сфармаваліся паўночная жылая і паўднёвая прамысловая зоны, дзе ў наш час працуюць 8 прадпрыемстваў.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Горкага вуліца | Касарыцкая вуліца |
Камсамольская вуліца | Царкоўная вуліца |
Карла Маркса вуліца | Пагулянка вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Поблінская вуліца |
Кірава вуліца | Менская вуліца |
Луначарскага вуліца | Хваставіцкая вуліца |
Савецкая вуліца | Шашэйная вуліца Слабадзкая вуліца[a] |
Сацыялістычная вуліца | Слуцкая вуліца |
Таксама ў Глуску існавалі Бабруйская вуліца і пляц Рынак.
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Спыніцца можна ў гатэлі «Глуск»[14].
|