Гнэйс (ням. Gneis) — горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры мэтамарфізьме магматычных (ортагнэйсы) або асадкавых (парагнэйсы) парод, паводле складу блізкая да гранітаў.
Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінэралаў (біятыт, рагавая падманка, піраксэн). Дадаткі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, сьветла-ружовы. Шчыльнасьць 2500 — 2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найбольш старажытных участкаў зямной кары. На тэрыторыі Беларусі разам зь іншымі пародамі складаюць дакэмбрыйскі крышталічны фундамэнт.
Прыдатныя на выраб друзу, ходнікавых пліт, як абліцовачны камень.