Госьляр | |||
| |||
Краіна: | Нямеччына | ||
Кіраўнік: | Уртэ Швэртнэр[d] | ||
Плошча: |
| ||
Вышыня: | 255 м н. у. м. | ||
Насельніцтва: |
| ||
Тэлефонны код: | 05321, 05325 | ||
Паштовы індэкс: | 38640, 38642, 38644 | ||
Нумарны знак: | GS, BRL, CLZ | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 51°54′21.611″ пн. ш. 10°25′44.987″ у. д. / 51.90600306° пн. ш. 10.42916306° у. д.Каардынаты: 51°54′21.611″ пн. ш. 10°25′44.987″ у. д. / 51.90600306° пн. ш. 10.42916306° у. д. | ||
Госьляр | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||
https://www.goslar.de/ |
Госьляр (па-нямецку: Goslar) — горад на паўночным захадзе Нямеччыны, у зямлі Ніжняй Саксоніі. Адміністрацыйны цэнтар аднайменнай акругі. Месьціцца на паўночна-заходніх схілах горнага сьцягу Гарц. Стары горад Госьляру і шахты Рамэльсбэрга ўключаныя у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО за іхнюю тысячагадавую гісторыю здабычы руды і палітычнае значэньне часоў Сьвятой Рымскай імпэрыі і Ганзейскага зьвязу[3].
Здабыча жалезнай руды была распаўсюджаная ў рэгіёне Гарцу яшчэ з рымскіх часоў. Самае раньняе вядомае сьведчаньне кар’ернай здабычы і плаўленьня датуецца III стагодзьдзем нашай эры. Некаторыя раскопваньні ў Ангельшчыне выявілі старажытныя пахавальныя прадметы з гарцаўскай руды. Паселішча ўпершыню згадваецца ў грамаце імпэратара Атона II у 979 годзе.
Калі нашчадак Атона Генрых II пачаў склікаць імпэрскія сыноды ў палацы Госьляру ў 1009 годзе, горад паступова падвысіў свой статус. Конрад II, некалі абраны каралём рымлянаў, сьвяткаваў Каляды ў 1024 годзе ў Госьляры і ў наступным годзе заклаў падмурак новага імпэратарскага палацу. Госьляр стаў улюбёнай рэзыдэнцыяй сына Конрада Генрыха III, які спыняўся ў палацы каля дваццаці разоў. Тут ён прыняў дэлегацыю вугорскага караля Пятра, а таксама эмісараў кіеўскага князя Яраслава і прызначаў тут біскупаў і князёў. Пры Генрыху ў месьце пабудавалі Госьлярскую катэдру. Незадоўга да свайго скону ў 1056 годзе імпэратар сустрэўся ў царкве з папам Віктарам II, падкрэсьліваючы зьвяз людзкай і царкоўнай уладаў.
Пры Генрыху IV Госьлар заставаўся цэнтрам імпэрскага кіраваньня. Аднак, за саксонскім паўстаньнем 1077—1088 гадоў жыхары Госьляра выступілі на баку антыкараля Рудольфа фон Райнфэльдэна, які зладзіў тут княжацкую асамблею ў 1077 годзе, а таксама на баку Гэрмана фон Зальма, які быў каранаваны ў Госьляры арцыбіскупам Зыгфрыдам 26 сьнежня. У 1081 годзе Госьляр набыў статус імпэрскага гораду. Значнасьць Госьляру як імпэрскай рэзыдэнцыі пачала зьмяншацца за часам панаваньня нашчадкаў Фрыдрыха Барбаросы. У часы барацьбы за нямецкі трон кароль Атон IV аблажыў горад у 1198 годзе, але быў вымушаны саступіць сілам свайго суперніка Філіпу Швабскаму з дынастыі Гогэнштаўфэнаў. Госьляр быў зноў узяты штурмам і разрабаваны войскамі Атона IV у 1206 годзе. Фрыдрых II зладзіў тут апошні імпэрскі сейм. Па ягонай сьмерці ў 1250 годзе імпэрская эра Госьляру скончылася.
У 1267 году Госьляр далучыўся да Ганзейскага зьвязу. Акрамя здабычы карысных выкапняў у Верхнім Гарцы, вялікае значэньне набылі камэрцыя і гандаль півам, а пазьней таксама дахоўкай і купарвасам. У 1290 годзе места стала вольным імпэрскім горадам. Госьляр і ягоная эканоміка моцна пацярпелі ад Трыццацігадовай вайны, галоўным чынам ад фінансавага крызісу Кіпэра і Віпэра ў 1620-х гадах, які прывёў да некалькіх паўстаньняў і пагромаў.