Граб

Граб[1] (Carpinus) — род кветкавых расьлін сямейства бярозавых. Налічваецца каля 50 відаў.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (вышыня да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вэртыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісьце двухрадна разьмешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырвоных каташках. Цьвітуць адначасова з распусканьнем лісьця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевыносьлівыя, засухаўстойлівыя расьліны. Устойлівыя да гарадзкіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (часам да 400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганьне. Размнажаюцца насеньнем і вегетатыўна (парасткамі).

Пашырэньне й ваколіца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утвараюць грабавыя лясы. Пашыраны ва Усходняй Азіі, Эўропе (асабліва Цэнтральнай і Заходняй) і Паўночнай Амэрыцы (1 від), пераважна ў горных і перадгорных ваеоліцах. На Каўказе сустракаюцца лясы, створаныя грабам каўказскім, у Крымеусходнім, або грабіннікам, у Карэі, Японіі і Кітаі прыморскім, або сэрцалістым, у Паўночнай Амерыцы — грабам каралінскім, або амэрыканскім, у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — грабам звычайным, або эўрапейскім. Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэньні з дубам і букам.

Значэньне і выкарыстаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэкаратыўныя, дубільныя, кармавыя, тэхнічныя і фарбавальныя расьліны. Драўніна цяжкая, цьвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаваньні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб музычных інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азеляненьня населеных месцаў. Ёсць дэкаратыўныя садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

  1. ^ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 33. — 160 с. — 2 350 экз.
  • Вынаеў Г. Граб // БЭ ў 18 т. Т. 5. Мн., 1997.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]