Гэ́нрык (Энры́ка) Марко́ні (па-польску: Henryk Marconi, па-італьянску: Enrico Marconi; 7 студзеня 1792, Рым — 21 лютага 1863, Варшава) — польскі архітэктар італьянскага паходжаньня, адзін з найвыбітнейшых і пладавітых польскіх архітэктараў першае паловы XIX стагодзьдзя.
Пачатковую адукацыю атрымаў пад началам бацькі Леандра (1763—1837), пасьля ў 1806—1810 навучаўся ва ўнівэрсытэце і адначасна ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Балёньні. Ад 1811 року навучаўся рысунку ў сярэдняй школе ў Луга. У Польшчу быў запрошаны ў 1822 генэраламЛюдвікам Міхалам Пацам дзеля завяршэньня палацу ў Даўспудзе. Ад 1827 займаў пасаду ў Аддзеле прамысловасьці і гандлю Урадавай камісіі ўнутраных, духоўных справаў і публічнай асьветы, а ў 1851—1858 быў прафэсарам у Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве.
Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве, асобна ад жонкі, дачкі і сыноў Гэнрыка, Яна і Ўладыслава, якія пахаваныя на эвангельска-рэфармацкіх могілках.
Ажаніўся з дачкой садоўніка Пацаў Маргарытай з шатляндзкага роду Хэйтанаў (1807—1884). Жонка была кальвіністкай, некаторыя дзеці выгадаваныя ў кальвінізьме, іншыя ў каталіцтве. Дзеці: Карл Антоні (1826—1864, жывапісец), Элеанора Кольбэрг (1832—1882), Леандра (1834—1919, архітэктар), Гэнрык (1842—1920, інжынэр-тэхноляг), Ян (1845—1921), Уладыслаў (1848—1915, архітэктар).
Імем архітэктара названы варшаўскі тэатар, заснаваны ў 2009 таварыствам «Italiani In Polonia» («Італьянцы ў Польшчы»). Тэатар месьціцца ў скляпеньнях запраектаванага Гэнрыкам Касьцёлу ўсіх сьвятых.
Tadeusz S. Jaroszewski. O siedzibach neogotyckich w Polsce. — Warszawa: 1981. — ISBN 83-01-01758-9
Tadeusz S. Jaroszewski. Henryk Marconi i neogotyk (uwagi) // «Rocznik Białostocki». — 1976 Т. 13. — С. 451—471.
Katalog rysunków architektonicznych Henryka i Leandra Marconich w Archiwum Głównym Akt Dawnych / oprac. Tadeusz S. Jaroszewski, Andrzej Rottermund. — Warszawa: Biblioteka Muzealnictwa i Ochrony Zabytków, 1977. — Т. 11. — (seria A).
Stanisław Łoza. Architekci i budowniczowie w Polsce. — Warszawa: 1954.