Гінрых Лёзэ

Гінрых Лёзэ
2 верасьня 1896(1896-09-02)[1][2]25 лютага 1964(1964-02-25)[1][2] (67 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца сьмерці

Гінрых Лёзэ (па-нямецку: Hinrich Lohse; 2 верасьня 1896, Мюленбарбэк, Шлезьвіг-Гальштайн, Нямеччына — 25 лютага 1964, Мюленбарбэк) — нямецкі нацыскі палітык, галоўны камісар Райхскамісарыяту «Остлянд», групэнфюрэр SA.

У 1903—1912 навучаўся ў народнай школе ў родным горадзе, а пасьля ў вышэйшай гандлёвай школе. У 1913 працаваў на гамбурскай вэрфі Blohm & Voss. Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне ад 23 верасьня 1915 да 30 кастрычніка 1916, калі быў звольнены будучы параненым.

У 1919 уваходзіў у Шлезьвіг-Гальштайнскае сялянскае згуртаваньне, ад 1920 генэральны сакратар Шлезьвіг-Гальштайнскае Дэмакратыі Сялянаў і Работнікаў на Зямлі, неўзабаве перайменаванай у Шлезьвіг-Гальштайнскую Зямельную Партыю. У 1923 уступіў у Нацыскую партыю (НСДАП) і 27 сакавіка 1925 стаў гаўляйтэрам NSDAP на Шлезьвіг-Гальштайне. У 1927 як сябар Народна-Сацыяльнага Блёку ад 1924 стаў адзіным сябрам NSDAP, які быў абраны ў Гарадзкую Прадстаўнічую Калегію ў Альтане. У гэты час завабіў разнастайныя нацыянальна-арыентаваныя сялянскія аб’яднаньні ў паўночнай Нямеччыне, прыкладам Вясковы Народны Рух, у Нацыскую Партыю. У 1928—1929 часова быў гамбурскім гаўляйтэрам.

У 1932 абраны ў Райхстаг. 25 сакавіка 1933 быў прызначаны обэрпрэзыдэнтам правінцыі Шлезьвіг-Гальштайн. У 1933 увайшоў у склад прускае Рады. У 1934 узначаліў Нардычную Грамаду, у тым самым годзе быў прызначаны групэнфюрэрам SA. У 1942, як і ўсе, гаўляйтэры быў прызначаны камісарам Абароны Райху.

Пасьля акупацыі Нямеччынай часткі СССР 17 ліпеня 1941 быў прызначаны Райхскамісарам «Остлянду», адначасова застаючыся кіраўніком Шлезьвіг-Гальштайну й езьдзячы паміж Рыгай і Кілем. Па заняцьці пасады перавёў да сябе сваіх старых сяброў з Шлезьвіг-Гальштайну. Быў райхскамісарам да самых уцёкаў увосень 1944. Вінаваты ў вынішчэньні жыдоў на падуладных землях. Падчас ліквідацыі гетаў прыняў рашэньне пра вынішчэньне ўсіх жыдоў, нават тых, якія працавалі на хвабрыках Вэрмахту. Таксама вінаваты ў рэпрэсыях супраць нежыдоўскага насельніцтва «Остлянду», рабаваньнях, карных апэрацыях, дэпартацыях на працу ў Нямеччыну.

6 траўня 1945, згодна з патрабаваньнямі брытанцаў, быў зьмешчаны райхспрэзыдэнтам Карлам Дзёніцам з пасады обэрпрэзыдэнта Шлезьвіг-Гальштайну. Неўзабаве пасьля гэтага быў арыштаваны брытанцамі. У 1948 быў засуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі, але ў 1951 быў вызвалены праз хваробу. Згодна з рашэньнем Шлезьвіг-Гальштайнскага Ляндтагу быў пазбаўлены пэнсыі. Апошнія гады свайго правёў у Мюленбарбку.

  1. ^ а б в Hinrich Lohse // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б в г д The Hitler Book (ням.) / Hrsg.: H. Eberle, M. Uhl — 2005.