Дал Рыяда | ||||
| ||||
Афіцыйная мова | старажытнаірляндзкая | |||
Сталіца | Дунад | |||
Форма кіраваньня | манархія |
Дал Ры́яда (па-ірляндзку: Dál Riata, па-гэльску: Dail Riata) — адно зь сярэднявечных гэльскіх дзяржаўных утварэньняў, якое ўключала ў сябе галоўным чынам паўночны ўсход ірляндзкага гістарычнага рэгіёну Ольстэр і сумежныя зь імі заходнія рэгіёны сучаснае Шатляндыі, аддзеленыя ад Ольстэру Паўночнай пратокай. Напрыканцы VI — пачатку VII ст. тэрыторыя Дал Рыяды складалася з тэрыторыяў паўднёвага захаду Шатляндыі (сучасныя графствы Аргал і Б’ют ды Лахабэр) і паўночнага ўсходу востраву Ірляндыя (сучаснае графства Антрым Паўночнай Ірляндыі)[1]. На поўначы і ўсходзе ўладаньні Дал Рыяды судакраналіся з уладаньнямі суседняй тагачаснай этнапляменнай групы Шатляндыі, піктаў.
У традыцыйнай гістарыяграфіі Дал Рыяда разглядаецца як дзяржава, заснаваная ірляндзкімі каляністамі, якія прынесьлі ў Шатляндыю традыцыі пісьменнасьці й хрысьціянства, але ў цяперашнія часы гэты пункт гледжаньня ўсё больш аспрэчваецца. На думку раду археолягаў, напрыклад, Эвана Кэмпбэла, не існуе археалягічных сьведчаньняў ірляндзкага ўварваньня або калянізацыі паўднёвага захаду Шатляндыі, у супрацьвагу чаму прапаноўваецца тэорыя аб існаваньні між двума бакамі Паўночнае пратокі цесных марскіх зносінаў, якія спрычыняліся б да падтрыманьня агульнае культуры ў рэгіёне[2]. У гістарычнай літаратуры насельнікі Дал Рыяды могуць згадвацца як скоты (лац. scoti). Гэты тэрмін першапачаткова ўжываўся ў рымскіх і грэцкіх крыніцах у значэньні ірляндзкага насельніцтва, якое ўдзельнічала ў набегах на тэрыторыі Рымскае Брытаніі, і пазьней укаранілася ў якасьці эндаэтноніму ўсіх носьбітаў гайдэльскіх дыялектаў незалежна ад іх рэгіёну, пры гэтым лацінскі тэрмін scoti ўжо па зьнікненьні Дал Рыяды паступова замацаваўся ў значэньні выключна гэлаў Шатляндыі (што, напрыклад, прывяло да ўзьнікненьня ў беларускай мове назваў Шатляндыя й шатляндцы). Больш адназначныя трактоўкі кельцкага гэльскага насельніцтва гэтае дзяржавы прымяняюць тэрмін гэлы або дал рыядцы.
Найбольшы ўздым Дал Рыяды прыпадае на цараваньне Айдана МакГаўраня (574—608 гг.), які, аднак, неўзабаве перарваўся ў выніку бітвы пры Дэгсэстане (603 г.) з англа-саксамі княства Бэрніцыя, якая адбылася на крайнім паўднёвым усходзе Шатляндыі (цяперашняе графства Роксбаршыр). Зьнешнепалітычныя няўдачы Дал Рыяды працягнуліся падчас знаходжаньня на стальцы Домнала Брэка (пам. 642 г.), пасьля чаго Дал Рыяда была вымушаная стаць васалам Нартумбрыі і пазьней таксама піктаў. Існуе рознагалосьсе датычна лёсу Дал Рыяды пачынаючы з канца VIII ст.: некаторыя дасьледчыкі не знаходзяць пацьверджаньняў узмацненьня дзяржавы й выхаду яе з замежнага ўплыву, у той час як іншыя прыпісваюць адраджэньне краіны пэрыяду кіраваньня Айда Фінда (736—778 гг.) і ягонага наступніка Кенэта МакАльпіна; пэўныя гістарычныя працы сьцьвярджаюць нават пра атрыманьне ўлады кіраўнікоў Дал Рыяды над пікцкім каралеўствам Фортрыю пасьля часу кіраваньня МакАльпіна (800—858)[a].
Існаваньне дзяржавы спынілася ў пачатку Х ст. шляхам аб’яднаньня пікцкіх уладаньняў і Дал Рыяды ў Каралеўства Альба, якое стала папярэднікам Каралеўства Шатляндыя.
Назва Дал Рыяда паходзіць са старажытнаірляндзкае мовы, зь якой Dál трактуецца як «частка», тады як другі кампанэнт назвы, Riata або Riada хутчэй за ўсё зьяўляецца ўласным імем, у выніку чаго назва дзяржавы перакладаецца як «зямля Рыяды».
Большая частка тагачаснага насельніцтва Дал Рыяды пражывала ў дробных паселішчах, якія ў гэтым жа памеры захаваліся на шатляндзкіх астравох Айлэй і Тыры. Сельская гаспадарка, як і ў іншых краінах Эўропы гэтай эпохі, зьяўлялася галіной большасьці насельніцтва, галоўнымі збожжавымі культурамі зьяўляліся авёс і ячмень, шырока карысталася адгонная жывёлагадоўля, пры гэтым некаторыя малазаселеныя дробныя астравы выкарыстоўваліся выключна ў мэтах жывёлагадоўлі. Зыходзячы з гістарычна разьвітага карыстаньня воднымі рэсурсамі, гісторыкі таксама прыходзяць да высновы, што вялікую ролю ў гаспадарцы гэлаў Дал Рыяды адыгрывала нарыхтоўка морапрадуктаў[3][4].
Старажытнаірляндзкая гістарычная хроніка Х ст. «Гісторыя жыхароў Шатляндыі» (ст.-ірл. Senchus fer n-Alban) згадвае падзел насельніцтва Дал Рыяды на тры традыцыйныя кланавыя групы, сярод якіх потым узьнікла й чацьвертая[5][6][7]. Клаваная сыстэма захоўвалася таксама да ангельскай калянізацыі Ірляндыі й прыкладна да сярэдзіны XVIII ст. на горным паўночным захадзе Шатляндыі (гл. ірляндцы і шатляндцы). Кожны з кланаў меў легендарнага прабацьку, выразна абрысаваны рэгіён пражываньня й агульнае прозьвішча.
Акрамя гэтых кланаў, «Гісторыя жыхароў Шатляндыі» пералічвае больш дробныя кланавыя групы.
Найважнейшым з каралеўскіх цэнтраў Дал Рыяды зьяўлялася ўмацаваньне Дунад, што на поўначы Аргайлу (паўднёвы захад Шатляндыі). Пры раскопках умацаваньня зафіксаваная наяўнасьць у гэтым горадзе зброі, жарнавоў, формаў для стварэньня ювэлірных вырабаў, былі таксама раскапаныя ўмацаваньні. Аб існаваньні ў горадзе жыхароў з высокім статусам сьведчаць шкляныя вырабы й вінныя амфары з Галіі, канцэнтрацыя якіх у Дунадзе вышэйшая ў параўнаньні зь іншымі мясьцінамі сучаснае Вялікабрытаніі або Ірляндыі. Меншымі паводле маштабу каралеўскімі рэзыдэнцыямі зьяўляліся Тун Ола (паўночны ўсход Аргайлу, рэзыдэнцыя каралёў з клану Кенел Лоарнь) і Дунавэрці (крайні поўдзень Кінтайру)[9][10][11]. Галоўным каралеўскім цэнтрам ірляндзкае часткі каралеўства зьяўляўся, хутчэй за ўсё, Дун Шэбурге (цяпер Дунсэвэрык, графства Антрым)[12].
Падзеленасьць тэрыторыі Дал Рыяды на шэраг дробных астраўкоў і дзьве вялікія ўзьбярэжныя тэрыторыі спрычыніліся да павелічэньня ролі ў дзяржаве марскіх камунікацыяў. Вялікае гаспадарчае значэньне адыгрывалі як мясцовы гандаль, так і міжнародны[13]. Найбольш распаўсюджанымі сродкамі марскога транспарту зьяўляўся курах (лодка сярэдняга памеру, абцягнутая скурай), на маленькіх адлегласьцях прымяняліся таксама чоўны і караклы (адзін зь відай традыцыйнае лодкі дробнага памеру). Існавалі таксама вялікія караблі, якія згодна з разнастайнымі сьведчаньнямі былі падобныя на караблі вікінгаў[14].
Самыя раньнія пісьмовыя сьведчаньні пра эпоху Дал Рыяды выкананыя ў ірляндзкіх манастырох або зьмешчаныя ў летапісах шатляндзкага клшятару на Аёне, сьведчаньні дахрысьціянскага пэрыяду практычна адсутнічаюць.
Адной з выбітных постацяў гэльскага хрысьціянства ў Дал Рыядзе зьяўляецца Сьв. Калумба, ужо ў часы існаваньня Дал Рыяды, прыкладна праз стагодзьдзе пасьля сьмерці Сьв. Калюмбы (які лічыцца хрысьціцелем піктаў), ягонае жыціе было складзенае адным з манахаў Аёны, Адамнанам, пры гэтым уласна тэкст канцэптуальна ня ўтрымлівае мастацкіх рысаў, характэрных для позьняга Сярэднявечча, а засяроджваецца галоўным чынам выключна на гістарычных рысах асобы, што зьяўляецца вельмі карысным для гісторыкаў. Гэтая ж праца таксама зьмяшчае надзвычай карысныя зьвесткі аб разьмеркаваньні Q-кельцкіх (да якіх належала старажытнаірляндзкая мова) і P-кельцкіх (да якіх належалі брыцкія гаворкі поўдня Шатляндыі) тапонімаў у Шатляндыі канца VII ст. (пра падзел кельцкіх моваў на Q і P групы гл. кельцкія мовы). Таксама адзначаецца патрэба ў перакладчыку са старажытнаірляндзкай мовы пры размове з насельніцтвам востраву Скай (паўночны захад Шатляндыі), што пацьвярджаецца распаўсюджаньнем тыпова P-кельцкіх тапонімаў у шатляндзкай частцы Дал Рыяды ў адрозьненьне ад ірляндзкай, дзе была гайдэльская тапаніміка[15].
Пры Сьвятым Калюмбу ў 563 годзе на востраве Аёна быў заснаваны хрысьціянскі манастыр, дзякуючы якому хрысьціянства пашыралася ня толькі сярод піктаў, але й таксама сярод англа-саксонскіх каралеўстваў поўдня Вялікабрытаніі. Манастыр у Аёне не ўваходзіў у склад уладаньняў Дал Рыяды, але падтрымліваў цесныя сувязі з кланам Гаўраняў. Іншыя летапісныя помнікі таксама ўказваюць пра існаваньне манастыроў ва ўласна Дал Рыядзе, сярод якіх Лісмарскі (паўночны ўсход Аргайлу), Кінгарцкі (на паўночны ўсход ад Кінтайру), Эгаўскі (Арднамэрхан) і Эплкроскі манастыры (апошні, імаверна, на той час падпарадкоўваўся піктам)[16]. У ірляндзкай частцы Дал Рыяды найважнейшым духоўным цэнтрам стаў манастыр у Армаі (паўночны захад Антрыму), але пазьней Армайскі манастыр быў адценены ў манастыром у Ньютаўнордзе (графства Даўн, усход Паўночнай Ірляндыі) і манастыром у Бангары (паблізу ад Ньютаўнордзу)[17]. Таксама дзейнасьць манахаў на Аёне спрычынілася да ўзьнікненьня стылю г.зв. астраўнога мастацтва, якое спалучыла ў сабе міжземнаморскія, кельцкія, англа-саксонскія й пікцкія элемэнты, адным са значных і знакамітых прыкладаў гэтага стылю зьяўляецца Келскі рукапіс, які ўтрымлівае чатыры Эвангельлі й шэраг камэнтароў на багаслоўскую тэматыку.
Зьвесткі пра існаваньне ў Дал Рыядзе манастыроў атрымліваюцца таксама дзякуючы тапанімічным сьведчаньням: напрыклад, корань сучасных тапонімаў kil (у ангельскім напісаньні) паходзіць ад старажытнаірляндзкага cill, якое зьвязваецца менавіта з царкоўнай дзейнасьцю ў мясцовасьці[18]
Узоры іншых галінаў мастацтва дэманструюць на сабе ўплывы суседніх народаў. Так, крыж Сьв. Марціна на Аёне верагодна адлюстроўвае нартумбрыйскі ўплыў, аднак варта адзначыць, што ўзоры падобных крыжоў існуюць таксама і ў іншых частках Ірляндыі. Скульптурныя кампазыцыі з Ардкатану (паўночны Аргайл) адлюстроўваюць пікцкі ўплыў, хоць выказваюцца здагадкі аб існаваньні зваротнага, гэльскага ўплыву на пікцкае скульптурнае мастацтва (напрыклад, меркавана, крыж з Дупліну). Завушніцы, знойдзеныя ў Дунадзе належаць да астраўнога стылю, спалучаючы ў сабе саксонскія й ірляндзкія рысы[19][20].
Сярэднеірляндзкая хроніка «Песьня шатляндцаў» (ст.-ірл. Duan Albanach) зьмяшчае легенду, паводле якой тры сыны аднаго з каралёў Дал Рыяды — Эрка — а менавіта Фэргус Мор, Лоарн і Оньгус заваявалі Шатляндыю ўжо ў VI ст. н.э., гэтая вэрсія ў агульным дачыненьні зьяўляецца прынятай у сучаснай гістарыяграфіі. У сваю чаргу, узьнікненьне ў тагачаснай Шатляндыі носьбітаў старажытнаірляндзкай мовы, датуль распаўсюджанай толькі ў Ірляндыі, тлумачыцца па-рознаму: буйнамаштабнай міграцыяй з суседняга ірляндзкага Ольстэру[21] або простым узмацненьнем статусу мовы ў гэтым рэгіёне дзякуючы нешматлікай гэльскай эліце. Тым ня менш, гэльская калянізацыя Шатляндыі аспрэчваецца археолягам Эванам Кэмпбэлам, на думку якога на тэрыторыі Шатляндыі няма тапанімічных або археалягічных доказаў на карысьць гэтага[2]. Археалягічныя сьведчаньні адлюстроўваюць адрозьненьне Аргайлу й некаторых іншых суседніх з Ірляндыяй шатляндзкіх рэгіёнаў ад Ірляндыі, але разам з тым існуе пэўнае збліжэньне гэтага рэгіёну з Ірляндыяй у адрозьненьне ад астатняе Шатляндыі[22][23][24][25][26]. Высоўваюцца гіпотэзы, што гэльскае маўленьне магло быць распаўсюджанае на тэрыторыі Дал Рыяды ўжо з часоў падзелу астраўных кельцкіх моваў на прабрыцкую й архаічнаірляндзкую (мовы, якія сталі продкамі брыцкіх і гайдэльскіх адпаведна), аднак утварэньне Дал Рыяды прыпадае на значна пазьнейшы пэрыяд.
Пэўныя лінгвістычныя й генэалягічныя фактары зьвязваюць продкаў гэльскіх плямёнаў, што заснавалі Дал Рыяду, зь іншымі гэльскімі плямёнамі, івэрнамі й дарынамі, пры гэтым першыя пражывалі на адваротным канцы Ірляндыі, на ейным поўдні, зыходзячы з гэтых меркаваньняў, высоўваюцца гіпотэзы аб сваяцтве гэтых плямёнаў з плямёнамі старажытнага Ольстэру (тагачасны У́ладзь), з тэрыторыі якога й была заснаваная Дал Рыяда. У якасьці продкаў заснавальнікаў каралеўства таксама меркаваліся робагдыі (поўнач Ольстэру). Апроч гэтага, найранейшыя радаводы Дал Рыяды адзначаюць, што заснавальнікі дзяржавы зьяўляюцца нашчадкамі Дзедада МакШына, які паходзіў таксама з івэрнаў.
Гісторыя Дал Рыяды ўключна да сярэдзіны VI ст. у вялікай ступені зьяўляецца нявызначанай, што, аднак, мяняецца пасьля сярэдзіны VIII ст.
У 575 годзе вядомы хаўрус, які са спрыяньнем Калюмбы быў складзены між Айданам МакГаўранем і Айдам МакАньмурэхам, але неўзабаве гэты хаўрус быў разьбіты праз заваёвы караля ўсходняга Ольстэру (Дал Фітах) Бэтана МакКарыля, які імкнуўся да падпарадкаваньня ўсёй Дал Рыяды й востраву Мэн. У 581 годзе Бэтан МакКарыль памёр, але каралі Дал Фітаху не адмовіліся ад сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў.
Прыкладна з 574 па 609 гг. на сталец Дал Рыяды ўзыходзіць Айдан МакГаўрань, кіраваньне якога характарызуецца як самы пасьпяховы пэрыяд у гісторыі краіны. Згодна з Адмананам, тытул караля МакГаўраню быў нададзены непасрэдна Сьв. Калюмбам. У гэтыя часы высілкі Калюмбы спрычыняюцца да складаньня хаўрусу між Дал Рыядай і каралеўствам Паўночны І-Нель (захад і цэнтар Ольстэру), у выніку якога была нанесеная параза Бэтану МакКарылю, пасьля чаго МакГаўрань атрымаў мажлівасьць барацьбы з больш далёкімі суседзямі, напрыклад, супраць Аркнэйскіх астравоў і пляменнага аб’яднаньня Мэйтэй (што ў цэнтральнай Шатляндыі на рацэ Форт), аднак гэты шэраг заваёўных кампаніяў скончыўся няўдачай падчас бітвы з англа-саксамі пад Дэгсэстанам (603 г., гл. вышэй). Гэлам атрымалася, у прыватнасьці, забіць брата англа-саконскага правадыра Этэлфрыта, але наогул сыход бітвы апынуўся няўдачным.
У 608 г. Айдан МакГаўрань сканаў ва ўзросьце сямідзесяці год, пасьля чаго на сталец узышоў ягоны сын Гарнаць. Мажліва, менавіта пры ім быў заваяваны востраў Скай (паўночны захад Шатляндыі). Пазьнейшае кіраваньне Дал Рыядай прыпісваецца кіраўніку каралеўства Дал Арайдзі (паўночна-ўсходняя Ірляндыя) Фіхнэ МакБэтаню, які кіраваў адразу абедзьвюма краінамі і памёр у 626. Пры ім працягвалася барацьба з Нартумбрыяй, у прыватнасьці, быў узяты пад аблогу Бамбра, што непадалёк ад Шатляндыі.
Да прыходу Домнала Брэка (пам. 642 г.) Дал Рыяда захоўвала хаўрусныя зносіны з Паўночным І-Нелем, пры Домналу Брэку быў заключаны новы хаўрус, з каралём Дал Арайдзі Конгалам Кэхам. Праз хуткі час па заключэньні новага хаўрусу Дал Рыяда ўступіла ў кампанію супраць Домнала МакЭйда, сына МакАньмурэха[27]. Пасьля гэтага Дал Рыяда пацярпела адразу дзьве паразы, у Кінтайры й пры Мойры, што тагачаснымі храністамі трактавалася як расплата за напад на сваякоў Калюмбы, апошняй бітвай пры кіраваньні Домнала Брэка стала бітва пры Страткаране з каралём брыцкага Стратклайду (поўдзень Шатляндыі) Эўгейнам мап-Бэлі. Хаўрусныя дачыненьні з Паўночным І-Нелем захоўваліся да 730-х гг.[28].
Далейшая гісторыя Дал Рыяды таксама становіцца прадметам спрэчак. Падобна на тое, што тэрыторыя Дал Рыяды ў Ірляндыі зьведала значнае зьмяншэньне за кошт заваёваў з боку Дал Арайдзі, клану Кенел Эгань і каралеўства Аргіла[29][30]. Таксама няпэўным зьяўляецца лёс тагачаснай шатляндзкай часткі Дал Рыяды. Хутчэй за ўсё, рэгіён зьяўляўся даніньнікам Нартумбрыі, пакуль нартумбрыйцы не былі пераможаныя ў 685 годзе пікцкім каралём Брудэ ІІІ; дата сканчэньня сюзэрэнітэту Нартумбрыі над шатляндзкай Дал Рыядай не зьяўляецца дакладна ўсталяванай, але яна лічыцца агульнапрынятай[24]. Разам з тым вядома, што кароль Нартумбрыі Эдбэрт у 740 годзе ставіў намаганьні па спыненьні ўлады піктаў, але мяркуецца, што гэтымі дзеяньнямі ён жадаў толькі скараціць уплыў піктаў. Працяглы пэрыяд нестабільнасьці ў Дал Рыядзе спыняецца толькі па заканчэньні скарэньня Дал Рыяды піктамі ў 730-х гг., пасьля 741 г. Дал Рыяда зьнікае з ірляндзкіх хронік.
На 798 г. прыпадаюць зьвесткі пра караля Дал Рыяды Айда Фінда, які вёў барацьбу супраць пікцкага каралеўства Фортрыю, пры гэтым пасьля сваёй сьмерці ў 778 г. ён згадваецца як кароль Дал Рыяды, гэтак жа, як і ягоны брат Фэргус МакЭхдах у 781 г. Апошнім згаданым каралём дзяржавы зьяўляецца нейкі Донкархе (792 г.), адсутнасьць зьвестак пра іншыя пэрыяды дагэтуль зьяўляецца незразумелай. Мяркуецца, што згадваньне такой маленькай колькасьці ўладароў краіны тлумачыцца значнымі разбурэньнямі ў каралеўстве ў 730-х гг. (гл. вышэй)[31]. Малаверагодна, што пікты беспасярэдне кіравалі Дал Рыядай, але існуюць згадкі аб кіраваньні Дал Рыядай сынам пікцкага караля Канстантына Домналам у пэрыяд з 811 па 835 гг. Ягоным апошнім наступнікам, верагодна, стаў Айд МакБоанта, забіты падчас паразы піктаў ад вікінгаў у 839 г.[24][32] Тым ня менш, шэраг крыніцаў дапускае, што наступнік Айда Фінда, Кенэт МакАльпін (800—858) нават атрымаў поўную ўладу над піктамі.
У сярэдзіне гэтага ж пэрыяду выхадцам зь Мёрэ-ог-Румсдалу Кетылам Б’ёрнсанам на месцы Дал Рыяды, а таксама шэрагу іншых тэрыторыяў было заснаванае г.зв. Каралеўства Астравоў, якое ўключыла ў сябе, у прыватнасьці, навакольныя Гебрыды (астравы на захад ад Шатляндыі) і востраў Мэн. Каралінгаўскія хронікі, Бэртынскія аналы (лац. Annales Bertiniani), прыпісваюць захоп вікінгамі Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў, крайняга ўладаньня Дал Рыяды, 847 году[33][34]. На думку брытанскага гісторыка А. Ўулфа, скандынавы зьдзейсьнілі захоп толькі памежных астраўных тэрыторыяў, пакінуўшы ў кіраваньне гэлам шатляндзкае ўзьбярэжжа й некаторыя паўднёвыя ўскраінныя астравы, што спрычынілася да таго, што ў сучаснай гэльскай шатляндзкай мове Зьнешнія Гебрыдзкія астравы маюць назву Innse Gall, літаральна — «Астравы чужынцаў», у той час як астатнія тэрыторыі зваліся тэрмінам Airer Gaedel «Гэльскае ўзьбярэжжа»[35]. Дадаткова, на думку Ўулфа, адзін з апошніх кіраўнікоў Дал Рыяды, Малкалм ІІ разам з адной з групаў Кенел Гаўраняў прасунуўся на поўнач Шатляндыі, заняўшы ўсход і цэнтар рэгіёну[36].
У пачатку Х ст. рэшткі Дал Рыяды, відавочна, аб’ядноўваюцца зь пікцкімі ўладаньнямі ў Каралеўства Альба, якое лічыцца своеасаблівай прадцечай Шатляндыі ў яе позьнесярэднявечным разуменьні.
Упершыню ў мастацкай літаратуры Дал Рыяда згадваецца ў рамане ангельскае пісьменьніцы Розмэры Саткліф «Знак валадара каня» (анг. The Mark of the Horse Lord, 1965 г.), дзе апісваецца сюжэт дынастычнае барацьбы ў дзяржаве й яе змаганьне з адным рэальна існых плямёнаў Шатляндыі, каледонамі. У рамане амэрыканскай пісьменьніцы Джуліян Мэй «Сага аб пліяцэнавых выгнаньніках» (анг. Saga of Pliocene Exile) упамінаецца шатляндзкая плянэта па назовам Далрыяда (арыг. Dalriada). У сюжэце канадзкага фэнтэзійна-дэтэктыўнага сэрыялу «Згубленая» (анг. Lost Girl) існуе бар, названы ў гонар каралеўства. Аднайменную назву мае цэлая трылёгія пісьменьніцы Дж. Ўотсан (анг. Dalriada, 2006—2008 гг.), дзе апісваецца пэрыяд з трох стагодзьдзяў з панаваньня рымлянаў над Вялікабрытаніяй. У гістарычным фэнтэзі Дж. Спарлін «Мора Мугану» (анг. The Sea at Mughain) згадваецца прынцэса каралеўства Дал Арайдзі, якая кахае прынца Дал Рыяды.