Джаваньні Бэльліні | |
Партрэт Джаваньні Бэльліні ў першым выданьні «Жыцьцяпісаў» Джорджа Вазары | |
Дата нараджэньня | 1430 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вэнэцыя |
Дата сьмерці | 1516 |
Месца сьмерці | Вэнэцыя |
Месца пахаваньня | |
Занятак | гістарычны жывапіс партрэт |
Навуковая сфэра | малярства |
Псэўданімы | Giambellino[1] |
Жанры | гістарычны жывапіс[2][3], рэлігійны жывапіс[d][3], алегорыя[d][3], анімалістычнае малярства[d][3], фігурка[d][3], жанравае малярства[d][3], пэйзаж[3], ню[3] і партрэт[3] |
Плынь | Вэнэцыянская школа жывапісу |
Джаваньні Бэльліні (па-італьянску: Giovanni Bellini; каля 1430—1433, Вэнэцыя — 1516, Вэнэцыя) — італьянскі мастак XVI стагодзьдзя вэнэцыянскай школы жывапісу. Малодшы брат Джэнтыле Бэльліні.
Джаваньні Бэльліні нарадзіўся ў 1430 годзе, верагодна, у Вэнэцыі, (па іншых зьвестках — у 1426 годзе). Сын Якапа Бэльліні (1400 — 1471), у майстэрні якога разам з братам Джэнтыле Бэльліні пачаў навучаньне жывапісу й уласную кар’еру мастака. Маляваў партрэты й розныя рэлігійныя кампазыцыі. Раньнія працы Джаваньні Бэльліні створаны пад уплывам ягонага швагра Мантэньні. Асабісты стыль Джаваньні выпрацаваўся ў 70-я гады XV стагодзьдзя («Мадонна пад дрэвам», 1487, «Мадонна са сьвятымі», 1488).
З карціны «Мадонна са сьвятымі» (1505) пачынаецца апошні пэрыяд творчасьці мастака. У канцы жыцьця Бэльліні стаў лепшым жывапісцам пэйзажаў. Альбрэхт Дурэр пісаў пра яго ў 1506 годзе: «Ён вельмі стары, але ён усё яшчэ найлепшы мастак». Джаваньні Бэльліні быў настаўнікам Джарджонэ і Тыцыяна. Памёр Бэльліні ў 1516 годзе ў Вэнэцыі.
Стыль Джаваньні Бэльліні вагаўся ад статычнай манеры вэнэцыянскіх працаў сярэдзіны XV стагодзьдзя да гармоніі й хараства працаў эпохі Высокага Адраджэньня, як, напрыклад, у алтары Царквы Сьвятога Захарыя, Вэнэцыя (1505). Мастак увёў мяккія тоны, гармонію ў кампазыцыю й выкарыстоўваў сьветлыя колеры, што значна паўплывала на наступнае пакаленьне жывапісцаў. На самога ж мастака, як лічыцца, паўплывала галяндзкая школа зь ейным сканцэнтраваньнем на дэталях. Гэты ўплыў адначасова не прыводзіць мастака да эклектызму, яму ўдаецца вельмі гарманічна спалучаць лепшыя дасягненьні сучасных яму выяўленчых школаў.
У Джаваньні Бэльліні разнастайная тэматыка, нямала Мадоннаў. Выдатная навацыя — увядзеньне ў карціну пэйзажу, прычым не зьвязанага з асноўным сюжэтам мастацкага твору. Творы мастака — эмацыйныя, але вельмі мяккія, дораць адчуваньне спакою й ласкі. Мастак пісаў пераважна алейнымі фарбамі, а не тэмпэрай. Менавіта зь сярэдзіны 70-х гадох XV стагодзьдзя Джавані авалодаў новай для Вэнэцыі тэхнікай алейнага жывапісу. Калярыт майстра набыў насычанасьць і цеплыню. Творы Джаваньні Бэльліні (Мадонны, алтарныя абразы, сцэны з Эвангельля на фоне пэйзажу, алегорыі й партрэты) адрозьніваюцца спакойнай веліччу, глыбінёй пачуцьцяў й паэтычнасьцю. Як афіцыйны мастак Вэнэцыянскай рэспублікі, маляваў партрэты дожаў, якія ўзначальвалі ўрад. Пасьля сьмерці Джаваньні гэту пасаду атрымаў Тыцыян Вэчэліё.
Але драматычныя творы сустракаюцца й у ягонай творчасьці: «П’ета з двума анёламі» (Бэрлін), «Сыны п’янага Ноя хаваюць ад Хама аголенае цела бацькі» (Бэзансон, Францыя) й г. д. Але ён больш майстар гармоніі, паэтычнага настрою, музычных акордаў, гэтак зьвярталіся вучню Джарджонэ з Кастэльфранка (каля 1478—1510).
Для рэлігійнага жывапісу цікавая спроба Бэльліні выкарыстоўваць дасягненьні Бізантыі ў сваім творы «Мадонна з грэцкім надпісам» Мілян, Брэра. Вядома, што бізантыйскія грэкі стала эмігрыравалі ў Італію й Вэнэцыю. Прывозілі яны свае абразы, якія захоўвалі старажытныя, непрыгожыя італьянцам каноны (пляскатасьць, суровасьць вобразаў, знакавае адлюстраваньне асяродзьдзя замест рэальнага, падпарадкаваньне старажытным аўтарытэтам, адмова ад пошукаў новага). Майстры Вэнэцыі пакінулі ўсё гэта ў мінулым і зьвярнуліся да прывабнай рэальнасьці. Джаваньні жа ўспомніў старажытныя каноны (сумная Багародзіца, фон без пэйзажаў, аднастайныя фарбы), але шмат і новага. Ніводны сучасны майстру грэк ня здолеў бы так намаляваць зморшчыны адзеньня Хрыста ці твар маленькага Хрыста. Прызначэньне вобраза праваслаўным пацьвярджае й грэцкі надпіс зьверху, як на іконе, які й даў пазьней назву твору.
Мастак-гуманіст, Джаваньні Бэльліні выступае як сьмелы наватар, творчасьць якога падводзіць вэнэцыянскіх майстроў да росквіту Высокага Адраджэньня, такім чынам Бэльліні зрабіў вэнэцыянскую мастацкую школу лепшай у эпоху Адрадэньня й адной з галоўных у заходнім мастацтве.
Джаваньні Бэліні — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў