Джузэпэ Маскаці

Джузэпэ Маскаці
Giuseppe Moscati
Джузэпэ Маскаці
Джузэпэ Маскаці
Сьвяты
Нарадзіўся 25 ліпеня 1880
Бэнэвэнта
Памёр 12 красавіка 1927
Нэапаль
Шануецца каталіцтва
Бэатыфікаваны 16 лістапада 1975
Кананізаваны 25 кастрычніка 1987 Янам Паўлам II
Галоўная сьвятыня Джэзу Нуова, Нэапаль
Дзень памяці 16 лістапада
Патрон халасьцякоў; адрынутых рэлігійнымі ордэнамі; лекараў
Атрыбуты белы плашч

Сьвяты́ Джузэ́пэ Маска́ці (па-італьянску: Giuseppe Moscati; 25 ліпеня 1880, Бэнэвэнта — 12 красавіка 1927, Нэапаль) — італьянскі лекар, навуковец-дасьледчык і ўнівэрсытэцкі прафэсар, адметны сваёй першапраходніцкай працай у біяхіміі і вядомы сваёй пабожнасьцю[1]. Маскаці быў кананізаваны каталіцкай царквой у 1987 року; ягоны памятны дзень адзначаецца 16 лістапада.

Джузэпэ быў сёмым зь дзевяці дзяцей у сям’і юрыста Франчэска і Розы Дэ Люкі дэй Маркезі ды Разэта. У 1884 року сям’я пераехала ў Нэапаль, дзе ён і правёў большасьць свайго жыцьця. У дзесяцігадовым узросьце ён быў канфірмаваны ў царкве; у гэты ж час ягоная сям’я пазнаёмілася з Бартолё Лёнга і пэўны час правяла ў маёнтку Кацярыны Вальпічэльлі, што стала адной з галоўных духоўных падзеяў у ягоным жыцьці.

Скончыўшы ў 1889 року пачатковую школу, Джузэпэ паступіў у ліцэй імя Віторыё Эмануэля II у Нэапалі, дзе сярод ягоных прафэсараў быў вульканоляг Джузэпэ Мэркальлі. Зацікаўленасьць у мэдыцыне зьявілася ў Маскаці ў 1892 року, калі ён стаў сьведкам хатняга догляду за братам Альбэртам, які атрымаў невылечную траўму галавы пры падзеньні з каня на вайсковай службе. Гэтае захапленьне працягнулася і пасьля сканчэньня ліцэю ў 1897; у гэтым жа годзе памёр бацька Джузэпэ. Маскаці паступіў на мэдычны факультэт Нэапалітанскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1903[1].

Атрымаўшы дактарат, Маскаці далучыўся да штату Шпіталю невылечных у Нэапалі, дзе быў адміністратарам. У гэты час ён працягваў вучобу, праводзіў навуковыя дасьледаваньні. Ужо заслужыўшы прызнаньне за сваю адданасьць абавязку, ён асабліва адзначыўся падчас вывяржэньня Вэзувію 8 красавіка 1906. Адзін са шпіталяў у ахопе адказнасьці Джузэпэ Маскаці, разьмешчаны ў Торэ дэль Грэка, знаходзіўся за некалькі кілямэтраў ад кратэру вулькана. Мноства пацыентаў былі старымі, іншыя таксама паралізаванымі. Маскаці пракантраляваў эвакуацыю будынку, вывеўшы ўсіх перад тым, як дах абрынуўся.

Калі ў 1911 у Нэапалі пачаўся выбух эпідэміі халеры, урад даручыў Маскаці праводзіць інспэкцыі стану здароўя, дасьледуючы як прычыны захворваньня, так і шляхі іх ліквідацыі. Ён выканаў гэта апэратыўна, прадставіўшы кіраўніцтву места свае прапановы, большасьць зь якіх былі прынятыя да ягонай сьмерці. У тым жа 1911 року Маскаці стаў сябрам Каралеўскай акадэміі хірургічнай мэдыцыны і атрымаў дактарат па фізыялягічнай хіміі.

У часе I сусьветнай вайны Маскаці спрабаваў запісацца ва ўзброеныя сілы, аднак яго не ўзялі, палічыўшы, што ён будзе болей патрэбны на цывільнай службе дзеля лекаваньня параненых. Ягоны шпіталь быў падпарадкаваны войску, і ён уласна наведаў блізу 3000 жаўнераў. У 1919 ён быў прызначаны дырэктарам аднае зь мясцовых школаў, дзе таксама выкладаў. У 1922 року Маскаці атрымаў габілітацыю па клінічнай мэдыцыне, што дало яму магчымасьць выкладаць ва ўстановах найвышэйшай адукацыі.

12 красавіка 1927 року Маскаці раптоўна сканаў. Уранку ён, як заўжды, наведаў імшу, пасьля пайшоў у шпіталь. Вярнуўшыся дадому, таксама прымаў пацыентаў да трох гадзінаў дню, пасьля чаго, стомлены, сеў адпачнуць у фатэлі, дзе і памёр.

Джузэпэ Маскаці быў пахаваны на могілках Поджарэале, але праз тры гады быў перапахаваны пры царкве Джэзу Нуова.

У сваёй практыцы Маскаці заўсёды знаходзіў месца цноце і дабрачыннасьці. Зь бедных ён ня браў аплаты, замест гэтага часам разам з рэцэптамі укладаў ім і грошы на іх набыцьцё[1]. Яшчэ да ягонай сьмерці сьцьвярджалі, што ён зьдзяйсьняў цуды: нібыта ён мог па сымптомах любога пацыента паставіць дыягназ і прызначыць неабходнае лекаваньне, і што ён дабіваўся немагчымых вынікаў лячэньня[2]. Паведамленьні пра падобныя выпадкі працягнуліся і па ягонай сьмерці. У рэшце рэшт 16 лістапада 1975 ён быў бэатыфікаваны, а 25 кастрычніка 1987 — кананізаваны. Неабходным для кананізацыі цудам паслужыў выпадак з маладым мэталістам, хворым на леўкемію. Маці хлапца прысьніла лекара ў белым плашчы, пасьля яна пазнала на фатаздымку Маскаці. Неўзабаве пасьля гэтага ейны сын пайшоў на рэмісію і вярнуўся на працу[1].

Дзень сьвятога Джузэпэ Маскаці адзначаюць 16 лістапада.

У Бэнэвэнце, дзе нарадзіўся Джузэпэ Маскаці, пастаўленая мармуровая статуя.

У 2007 року італьянскі тэлеканал Rai Uno прадставіў тэлефільм «Джузэпэ Маскаці. Любоў, што ацаляе» рэжысэра Джакама Кампьёцьці. Фільм заснаваны на сьведчаньнях сучасьнікаў Маскаці і апісвае ягонае жыцьцё з моманту выпуску з унівэрсытэту (1903) да сьмерці.

  1. ^ а б в г Miller, Michael J. (2004) Joseph Moscati: Saint, doctor, and miracle-worker (анг.) Catholic Education Resource Center. Catholic Educator's Resource Center. Праверана 2007-08-13 г.
  2. ^ Patron Saints Index – Saint Joseph Moscati (анг.) Patron Saints Index. Liturgical Publications of St. Louis, Inc. Праверана 2007-08-13 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]