Джынсавая рэвалюцыя

Джынсавая стужка

Джы́нсавая, або Вало́шкавая рэвалю́цыя — умоўная назва акцыяў пратэсту 19—26 сакавіка 2006 року супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Тэрмін «джынсавая рэвалюцыя» зьявіўся пасьля дэманстрацыі 16 верасьня 2005 году супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля таго, як міліцыянтамі былі адабраныя бел-чырвона-белыя сьцягі пратэстоўцаў, актывіст моладзевага руху «Зубр» Мікіта Сасім узьняў над галавой замест сьцягу ўласную джынсавую кашулку[1]. Пазьней «Зубр» прапаноўваў апранаць джынсавую вопратку штомесяц 16-га чысла, у дзень успамінаў аб зьнікненьнях у Беларусі.

Папярэднія падзеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мітынг прыхільнікаў апазыцыі ў Менску 19 сакавіка 2006 году

На сустрэчы з выбарцамі 25 лютага Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў: «Я катэгарычна супраць усялякіх рэвалюцыяў. Я за эвалюцыю. Але ўлада робіць усе, каб выбары ужо сёньня былі незаконнымі. Назіральнік на беларускіх выбарах мае фактычна нулявыя магчымасьці прасачыць правільнасьць падліку галасоў. Але, як бы не перашкаджала ўлада, ужо ўвечары 19 сакавіка мы будзем ведаць з дакладнасьцю да дзясятых, які адсотак галасаваньня».

26 лютага на сустрэчы з жыхарамі Менску Мілінкевіч заявіў: «Мы нікому не дамо права скрасьці нашу перамогу. 19 сакавіка будзе вызначацца, ці ідзем мы ў будучыню, ці зьявіцца будучыня ў нашых дзяцей, або мы застаемся на месцы, што сёньня азначае адкат назад».

Першыя мітынгі (19—20 сакавіка)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увечары 19 сакавіка каля Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску пачалі зьбірацца прыхільнікі Мілінкевіча і Казуліна.

На мітынгу Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў, што мае намер дамагацца прызнаньня вынікаў падліку выбараў несапраўднымі. Паводле ягоных словаў, «беларуская ўлада радасна рапартуе, што за Лукашэнку прагаласавалі 90% выбарцаў. Гэта няпраўда». Як сьцьвярджаў Мілінкевіч, Лукашэнка набраў па рэспубліцы толькі 45% галасоў, а ў Менску — 30%.

У 22:45 Аляксандар Казулін паведаміў, што яны з Аляксандрам Мілінкевічам вырашылі пайсьці на пляц Перамогі, каб ускласьці кветкі, пасьля чаго завяршыць мітынг, а таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца назаўтра ў 18:30.

Міліцыя ў ход мітынгу ня ўмешвалася.

У ноч на 20 сакавіка былі абнародаваныя вынікі папярэдняга падліку 100% бюлетэняў: яўка на галасаваньне склала 92,6% (6 614 998 грамадзянаў), Аляксандра Лукашэнку падтрымалі 82,6% выбарцаў (5460 тыс.), Аляксандра Мілінкевіча — 6% (каля 400 тыс.), Сяргея Гайдукевіча — 3,5% (250 тыс.), Аляксандра Казуліна — 2,3% (154 тыс.).

20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы зноў адбыўся мітынг, падчас якога была абвешчана Дэклярацыя народа Беларусі, у якой патрабавалі паўторных выбараў прэзыдэнта. Мітынг сабраў ад 6 да 10 тысячаў чалавек. Мітынгоўцы скандавалі: «Жыве Беларусь!», «Ганьба ўладам!», «Свабоды і праўды!».[2] Таксама ў гэты дзень людзі ў камэрах спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна сталі скандаваць «Жыве Беларусь», аднак у бунт гэта не вылілася.[3]

Падзеі 21 сакавіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увечары 21 сакавіка на Кастрычніцкім пляцы паўстала намётавае мястэчка. Цяпер ужо дэманстранты запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнта і ўраду.[4] Побач з намётавым мястэчкам тут жа зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, імі было затрымана больш за сто чалавек за дастаўку ежы пратэстуючым.[5] Вядома тое, што некаторыя студэнты былі выключаныя з ВНУ за прыняцьце ўдзелу ў акцыі пратэсту.[6] У той жа дзень плошчу наведалі амбасадары з краінаў ЭЗ[7]. Таксама туды прыехалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў зь іншых гарадоў Беларусі.[8] Пад ноч улады адключылі асьвятленьне на плошчы.[9]

Мітынг на Кастрычніцкім пляцы 21 сакавіка 2006 году

Па зьвестках дэманстрантаў, акцыі падтрымкі прайшлі ня толькі ў некаторых беларускіх гарадах, але і ў Расеі. Так, у Екацярынбургу прадстаўнікі праваабарончай асацыяцыі "Голад" правялі мітынг у падтрымку беларусаў, якія ня згодныя з вынікамі выбараў.[4]

Скарачэньне колькасьці дэманстрантаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам першых трох дзён пратэстаў колькасьць людзей, якія прымалі ўдзел у акцыі, павялічвалася, а пасьля таго як 22 сакавіка правадыры рэвалюцыі пасварыліся — стала скарачацца. Галоўнай прычынай сваркі лідэраў апазыцыі было тое, што яны не змаглі дамовіцца аб далейшых дзеяньнях. А. Казулін лічыў, што трэба пакінуць плошчу і працягнуць акцыі пратэсту 25 сакавіка, А. Мілінкевіч лічыў, што трэба заставацца на плошчы[10]. У вечаровы час ля намётаў знаходзілася ў сярэднім некалькі тысячаў чалавек, у астатнія часы — каля трохсот[11][12].

Разгон намётавага мястэчка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уночы на 24 сакавіка намётавае мястэчка было ліквідаванае міліцыяй, ягоныя ўдзельнікі затрыманыя і арыштаваныя на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту. Падчас разгону ўдзельнікі акцыі пратэсту, якіх было прыкладна 500 чалавек, селі на зямлю і пачалі трымацца адзін за друга. Супрацоўнікі міліцыі расшчапілі іх, пасадзілі ў машыны і павезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна.[13] Там жа пачаліся суды над затрыманымі.[14]

Падзеі 25 сакавіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка, на Дзень Волі, у ськверы Янкі Купалы прайшоў мітынг сабраўшы каля 10 тысячаў чалавек. На прыканцы мітынгу былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін прапанаваў працягнуць пратэст каля Акрэсьціна, дзе знаходзіліся пратэстоўцы затрыманыя днём раней. Натоўп колькасьцю ад 1,5 да 2 тысячаў чалавек рушыў у яго бок. Але на ўчастку паміж Тэатрам музычнай камэдыі і будынкам адміністрацыі Маскоўскага раёну, спэцназ жорстка разагнаў пратэстоўцаў, былі арыштаваныя болей за 100 чалавек, сярод іх і кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. 14 ліпеня ён быў прыгавораны да 5,5 году турэмнага зьняволеньня за ўдзел у акцыі пратэсту[15].

Пасьля правалу Джынсавай рэвалюцыі ЗША і ЭЗ увялі санкцыі супраць Беларусі.[16]

Пасьлявыбарчыя пратэсты на Кастрычніцкім пляцы задакумэнтаваныя беларускім рэжысэрам Юрыем Хашчавацкім у фільме «Плошча»(en).

У лістападзе 2006 году польскі рэжысэр Мірослаў Дэмбінскі выпусьціў дакумэнтальную стужку «Урок беларускай мовы(en)» (па-польску: Lekcja białoruskiego), прысьвечаную ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах.

  1. ^ Charter97: АМАП супраць праўды (рас.)
  2. ^ БелаПан. Участники акции на Октябрьской площади в Минске приняли декларацию, в которой потребовали проведения повторных выборов
  3. ^ На Октябрьской площади в Минске звучат призывы приносить палатки, теплые вещи, чай, кофе
  4. ^ а б Участники акции на Октябрьской площади требуют отставки президента и правительства
  5. ^ БелаПан. За доставку пищи митингующим арестовывают на 10 суток
  6. ^ Более 380 белорусских студентов продолжат обучение в странах-соседях и странах ЕС
  7. ^ БелаПан. Послы стран Евросоюза пришли на Октябрьскую площадь Минска, чтобы «увидеть все своими глазами»
  8. ^ Новости tut.by: Количество палаток на Октябрьской площади Минска возросло до девятнадцати
  9. ^ Митингующей белорусской оппозиции отключили свет
  10. ^ БелаПан. Штаб Козулина обвиняет Милинкевича в срыве договоренностей, касающихся продолжения акции протеста на Октябрьской площади, новости TUT.BY (22 марта 2006 в 10:47).
  11. ^ Около 300 человек остаются на центральной площади Минска // РИА Новости
  12. ^ Сотрудники милиции устроили для журналистов экскурсию на крышу Дворца Республики, чтобы продемонстрировать количество участников акции оппозиции // Навіны TUT.BY
  13. ^ Naviny.by. Подробности ликвидации белорусского Майдана новости TUT.BY (24 марта 2006 в 19:57).
  14. ^ БелаПан. В спецприемнике-распределителе на улице Окрестина проходят суды над задержанными на Октябрьской площадиновости TUT.BY (24 марта 2006 в 10:48).
  15. ^ Belarus opposition leader jailed. BBC (14 ліпеня 2006). Праверана 1 кастрычніка 2006 г.
  16. ^ Newsru. США ввели санкции против шести белорусских деятелей, Минск назвал это «юридическим нонсенсом»новости TUT.BY (28 февраля 2006 в 9:21).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]