Дзьмітры Жук | |
Род дзейнасьці | журналіст, мэдыя-мэнэджар |
---|---|
Дата нараджэньня | 7 ліпеня 1970 (54 гады) |
Месца нараджэньня | Леткаўшчына, Менская вобласьць |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст, прапагандыст |
Месца працы | |
Бацька | Алесь Жук |
Узнагароды | |
Дадаткова | Фігурант Чорнага сьпісу Эўразьвязу |
Дзьмітры Жук (нарадзіўся 7 ліпеня 1970 году) — прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, мэдыя-мэнэджар і галоўны рэдактар газэты «Советская Белоруссия», фігурант Чорнага сьпісу ЭЗ.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Леткаўшчына Менскай вобласьці.[1]
У 1992 г. скончыў філялягічны факультэт БДУ, паводле спэцыяльнасьці — выкладчык беларускай і расейскай моваў і літаратуры. У 1992—1993 гг. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў школе-гімназіі ў Менску. З 1993 па 1997 гг. працаваў у выдавецка-інфармацыйным цэнтры Нацыянальнага банку Беларусі. У 1997—1999 гг. працаваў у прадстаўніцтве расейскага інфармацыйнага агенцтва «Интерфакс» у Беларусі. У лістападзе 1999 г. прызначаны кіраўніком прэс-службы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. З 2003 па 2018 год займаў пасаду дырэктара РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва». 6 лютага 2018 прызначаны галоўным рэдактарам газэты «Советская Белоруссия»[2].
З 2024 году — сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га скліканьня.
Ляўрэат спэцыяльнае прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі», ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровай граматай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі».
У 2011 годзе ў сувязі з хваляй рэпрэсіяў супраць актывістаў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе Дзьмітры Жук і некалькі іншых уплывовых супрацоўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных СМІ Беларусі былі ўключаныя ў Чорны сьпіс Эўразьвязу. Ім быў забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага Зьвязу, а іхныя актывы на тэрыторыі ЭЗ падлягалі замарожваньню[3]. Забарона была зьнятая ў 2016 годзе[4].
Паводле Рады Эўрапейскага Зьвязу[5], Дзьмітры Жук
нясе адказнасьць за перадачу мэдыямі дзяржаўнае прапаганды, якая падтрымлівала й апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнае апазыцыі й грамадзянскае супольнасьці 19 сьнежня 2010 году, выкарыстоўваючы сфальсыфікаваную інфармацыю. | ||
20 лістапада 2020 году ўнесены ў санкцыйныя сьпісы Летувы, Латвіі ды Эстоніі[6]. Улетку 2024 году зноў унесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[7] ды Швайцарыі[8].