Дзяржаўная закупка — набыцьцё тавара або паслугі за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.
Згодна з 17-м артыкулам Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)» 2012 году вылучалі 6 відаў ажыцьцяўленьня дзяржаўнай закупкі: 1) адкрыты конкурс, 2) закрыты конкурс, 3) электронны аўкцыён, 4) запыт цэнавых прапановаў, 5) закупка з адной крыніцы, 6) біржавы гандаль[1].
У 2017 годзе рынак дзяржаўных закупак у 28 дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу склаў каля 15 % сукупнага ўнутранага прадукту (звыш 2,2 трлн эўра). На 2018 год 47 са 162 дзяржаваў-удзельніцаў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі былі бакамі Пагадненьня аб дзяржаўных закупках[2].
24 лістапада 1993 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў Закон «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэбаў». 13 чэрвеня 2012 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)», які складаўся з 63 артыкулаў. Паводле 7-га артыкула Закону, прэзыдэнт Беларусі «вызначае ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках». Згодна з 8-м артыкулам Савет міністраў Рэспублікі Беларусь:
Паводле 15-га артыкула Закону, кожны ўдзельнік спаборніцтва за дзяржаўную закупку мае падаць запытаныя заказчыкам зьвесткі, якія сьведчаць пра: 1) «яго права ажыцьцяўляць адпаведны від дзейнасьці па пастаўцы або рэалізацыі іншым спосабам тавараў (выкананьні працаў, аказаньні паслугаў), а таксама наяўнасьць кваліфікаванага пэрсаналу і досьведу працы ў адпаведнай галіне дзейнасьці, тэхнічную аснашчанасьць, фінансавыя і іншыя магчымасьці, патрэбныя для выкананьня дамовы на працягу ўсяго пэрыяду яе дзеяньня; 2) адсутнасьць запазычанасьці па выплаце падаткаў, збораў (мытаў), пратэрмінаванай запазычанасьці па бюджэтных пазыках, запазычанасьці па плацяжах у бюджэт у сувязі зь невыкананнем або неналежным выкананьнем раней заключаных дамоваў у адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, рэзыдэнтам якой ён зьяўляецца, на 1-ы дзень месяца, які папярэднічае дню падачы прапановы». Паводле 18-га артыкула, «Інфармацыя аб дзяржаўных закупках ... і акты заканадаўства аб дзяржаўных закупках разьмяшчаюцца на беларускай і (або) расейскай мовах у адкрытым доступе на афіцыйным сайце». Гэтая інфармацыя мае ўлучаць: «гадавыя пляны дзяржаўных закупак, запрашэньні да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак, дакумэнты, якія прадстаўляюцца ўдзельніку для падрыхтоўкі прапановы на ўдзел у адкрытым конкурсе, электронным аўкцыёне, паведамленьні аб выніках працэдураў дзяржаўных закупак, зьвесткі аб дамовах..., сьпіс пастаўнікоў, якія часова не дапускаюцца ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак,... пратаколы паседжаньняў камісіяў па пытаньнях адкрыцьця прапановаў, адхіленьні прапаноў і падвядзеньня вынікаў». Пагатоў «заказчык штогод зацьвярджае гадавы плян дзяржаўных закупак і да 8 сакавіка бягучага году разьмяшчае яго на афіцыйным сайце. ... дапаўненні ў гадавы плян дзяржаўных закупак на працягу 15 каляндарных дзён зь дня іх прыняцьця падлягаюць разьмяшчэньню на афіцыйным сайце»[1].
Згодна з Законам (артыкул 20) «Аб'ём аднародных тавараў, якія складаюць прадмет дзяржаўнай закупкі, ня можа складаць менш за квартальную патрэбу ў іх, прадугледжаную гадавым плянам». Паводле 22-га артыкула, «Тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць у выпадку правядзеньня: 1) адкрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце; 2) закрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня накіраваньня індывідуальнага запрашэньня патэнцыйным пастаўнікам; 3) электроннага аўкцыёну — ня менш за 20 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце або ня менш за 10 працоўных дзён, калі арыентавальная вартасьць дзяржаўнай закупкі не перавышае 3000 базавых велічыняў; 4) працэдуры запыту цэнавых прапаноў — ня менш за 10 працоўных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце». Пагатоў, калі адбываецца «разьмяшчэньне запрашэньня ў замежных сродках масавай інфармацыі, тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць на 10 каляндарных дзён больш». Аднак «Пры правядзеньні паўторных працэдураў дзяржаўных закупак тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў можа быць скарочаны заказчыкам, але ня больш чым удвая ад мінімальнага тэрміну»[1].
За 2017 год на дзяржаўныя закупкі ў Беларусі пайшло каля 3 млрд даляраў ЗША, якія склалі 6 % сукупнага ўнутранага прадукту[2].
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |