Дзяржаўны доўг

Дзяржа́ўны доўг — сума запазычанасьці дзяржавы па пазыках і нявыплачаных па іх адсотках.

Узьнікае пры патрэбе пакрыцьця нястачы ў дзяржаўным бюджэце. З улікам разьмяшчэньня падзяляецца на ўнутраны і вонкавы. Унутраны доўг ствараецца на аблігацыях дзяржаўнай пазыкі, гарантыях дзяржавы пад каштоўныя паперы акцыянэрных таварыстваў, пазыках дзяржаве ад банкаў і нявыплачаным пакрыцьці фізычным і юрыдычным асобам. Вонкавы доўг узьнікае па ўзятых дзяржавай замежных пазыках, гарантыях дзяржавы пад атрыманыя айчыннымі ўстановамі за мяжой пазыкі і запазычанасьцях бюджэтных установаў у вонкавагандлёвай дзейнасьці[1].

На студзень 2014 году памер дзяржаўнага доўгу перавышаў памер сукупнага ўнутранага прадукту такіх разьвітых краінаў, як ЗША, Грэцыя, Ірляндыя, Італія і Партугалія[2].

Паводле 57-га артыкула Бюджэтнага кодэксу Беларусі 2008 году, «Рэспубліка Беларусь нясе безумоўныя абавязкі па абслугоўваньні і пагашэньні дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь поўнасьцю забясьпечваецца сродкамі рэспубліканскага бюджэту і іншай маёмасьцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці». Пры гэтым, «выплаты па абслугоўваньні і пагашэньні дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь ёсьць першачарговымі ў адносінах да іншых выплатаў пры выкананьні рэспубліканскага бюджэту»[3]. На студзень 2014 году замежны дзяржаўны доўг Беларусі налічваў звыш 12 млрд даляраў ЗША, што складала 19 % сукупнага ўнутранага прадукту краіны[2].

Дзяржаўны доўг Беларусі на пачатак году
Год Сума, млрд рублёў[4] % да СУП
2021 57,775 37,3
2020 44,790 33
2019 45,375 35,1
2018 42,172 39,1
2017 36,958 39,2
2016 32,855* 31,4
2015 19,745 21,5
2014 15,400 21,6
*З улікам дэнамінаваньня беларускага рубля
ў ліпені 2016 году 10 000 : 1.
  1. ^ Дзяржаўны доўг // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 152. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  2. ^ а б Сяргей Куркач. «Немагчыма сёньня жыць і не разьвівацца» // Зьвязда : газэта. — 22 студзеня 2014. — № 11 (27621). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ А. Лукашэнка. Бюжэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 412-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 9 лістапада 2021 г.
  4. ^ Архіў стану дзяржаўнага доўгу (рас.) // Міністэрства фінансаў Беларусі, 2021 г. Праверана 9 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]