До́ктар філязо́фіі (PhD, Ph.D., or DPhil; па-лацінску: philosophiae doctor, прамаўляецца: / piːeɪtʃˈdiː /) — гэта найвышэйшая ўнівэрсытэцкая ступень, якую атрымліваюць пасьля праходжаньня адпаведнага курса навучаньня ва ўнівэрсытэтах большасьці краінаў. Ступень прысуджаецца па праграмах, што ахапляюць поўны спэктар акадэмічных абласьцей. Ад тых, хто навучаецца на доктарскую ступень, звычайна патрабуецца праводзіць арыгінальныя дасьледаваньні, што пашыраюць межы ведаў, звычайна ў форме дысэртацыі, і бараніць сваю працу сярод экспэртаў у гэтай вобласьці. Атрыманьне доктарскай ступені часта зьяўляецца патрабаваньнем для працы ў якасьці лектара ўнівэрсытэту, дасьледніка ці навукоўца ў многіх галінах.
Ступень PhD упершыню пачалі прысвойваць у Балёнскім унівэрсытэце ў 1130 годзе, пасьля чаго хутка пашырылася на Вялікабрытанію, Італію і Францыю.
Нягледзячы на назву, у наш час ступень ня мае ніякага практычнага дачыненьня да філязофіі (толькі гістарычнае) і прысуджаецца амаль ва ўсіх навуковых галінах, напрыклад: доктар філязофіі па літаратуры ці доктар філязофіі па фізыцы.
Такое становішча злучана з традыцыямі, што ўзыходзяць да часоў сярэднявечных унівэрсытэтаў, стандартная структура якіх звычайна агадвала наяўнасьць факультэтаў філязофіі, юрыспрудэнцыі, тэалёгіі і мэдыцыны. Таму апроч ступені доктара філязофіі існуе і абмежаваны шэраг іншых доктарскіх ступеняў таго ж рангу; лекарам прысуджаецца ступень доктара мэдыцыны, юрыстам — доктара права, багасловам — доктара багаслоўя, а ўсім іншым — доктара філязофіі.
У некаторых краінах Эўрапэйскага Зьвязу (Францыя, Італія, Фінляндыя і інш.), Мэксыцы, ЗША і Канадзе і большасьці краінаў сьвету PhD застаецца самай высокай навуковай ступеньню. Таму ў гэтых краінах і ўласьнікі савецкага ці сучаснага дыплёма кандыдата навук, і ўласьнікі дыплёма доктара навук прыраўноўваюцца да доктара філязофіі (PhD).
У некаторых былых сацыялістычных краінах (Польшча, Вугоршчына, Чэхія і інш.) і краінах былога СССР (краіны Балтыі, Украіна, Казахстан і інш.) ступень кандыдата навук зьяўляецца прыблізным эквівалентам ступені доктара філязофіі і прыраўноўваецца да яе на афіцыйным узроўні.
Па выніках публічнай абароны дысэртацыі рашэньнем Найвышэйшай атэстацыйнай камісыі Рэспублікі Беларусь сашукальніку вучонай ступені можа быць прысвоена як ступень кандыдата навук, якая пацьвярджаецца нацыянальным дыплёмам, так і ступень доктара філязофіі (PhD), якая таксама пацьвярджаецца нацыянальным дыплёмам. Гэтая норма адносіцца да замежных грамадзянаў. Аднак нацыянальны дыплём PhD можа быць выдадзены і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія маюць патрэбу ў гэтым і вучоную ступень кандыдата навук. Яны ў дадатак да ўжо наяўнага дыплёма кандыдата навук атрымліваюць дыплём PhD.
Дадзеная норма Палажэньня аб прысуджэньні вучоных ступеней і прысваеньні вучоных званьняў у Рэспубліцы Беларусь фактычна прызнае поўную эквівалентнасьць вучоных ступеней кандыдата навук і доктара філязофіі (PhD), а таксама патрабуе ад Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі выдаваць саіскальнікам вучоных ступеней дыплёмы дзяржаўнага ўзору кандыдата навук і доктара філязофіі.
Аднак грамадзяне Беларусі, якія атрымалі ступень PhD у замежнай навучальнай ці навуковай установе, а таксама замежныя грамадзяне, якія жадаюць карыстацца ў Беларусі ўсімі перавагамі ўладальнікаў навуковых ступеней, для настрыфікацыі (прызнаньня ў Рэспубліцы Беларусь) наяўнага ў іх дыплёма доктара філязофіі (PhD) павінны прайсьці працэдуру пераатэстацыі для ўстанаўленьня адпаведнасьці іх кваліфікацыі патрабаваньням да саіскальнікаў навуковай ступені кандыдата навук. Для гэтага ім неабходна перакласьці тэкст дысэртацыі на дзяржаўную мову, выступіць з дакладам па выніках дысэртацыйнага дасьледаваньня ў адным з саветаў па абароне дысэртацый, станоўчае рашэньне якога зацьвярджае экспэртны савет і Прэзыдыюм Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі.
Гэтая практыка, якая фактычна патрабуе ад уладальнікаў ступені PhD праходзіць паўторную абарону сваёй дысэртацыі ў Беларусі, наўпрост супярэчыць асноўным прынцыпам Балёнскага працэсу.
Гэта — накід артыкула пра навуку. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |