Кніга Новага Запавету |
Гістарычныя кнігі |
Дыдактычныя кнігі |
Прароцкія кнігі |
Друго́е пасла́ньне да Цімафе́я — адзін зь лістоў апостала Паўла, які ўвайшоў у сьпіс кніг Новага Запавету. Знаходзіцца пасьля Першага пасланьня да Цімафея й перад Пасланьнем да Тытуса.
Гэта самы апошні ліст апостала, ён напісаны зь няволі. Апостал быў паўторна арыштаваны, магчыма ў гэтым удзельнічаў нейкі каваль Аляксандар, які потым выступіў сьведкам абвінавачваньня. Пасьля першай часткі працэсу зыход для Паўла быў добрым, аднак апостал прадчуваў, што час ягонага жыцьця на зыходзе й ён атрымае сьмяротны прысуд.
Таму гэты ліст можна разглядаць як духоўны тэстамэнт Паўла. Апостал ня толькі настаўляе Цімафея, але просіць, замаўляе й моліць, разумеючы, што пасьля сьмерці Паўла Цімафею прыйдзецца працаваць самастойна без падтрымкі й абароны Паўла. З усіх пасланьняў Паўла гэтае ёсьць самае цеплае, пяшчотнае й жалобнае. Зь яго можна даведацца, што большасьць былых супрацоўнікаў пакінула Паўла, а некаторыя сталі адступнікамі. Нікто не рызыкнуў стаць на судзе ў якасьці сьведкаў абароны.
Павал наказвае Цімафею быць мужным і стойкім, бясстомна працаваць, паводле прыкладу Ісуса Хрыста й самога Паўла. Хрысьціянскага прапаведніка можна параўнаць як з воінам, гэтак і зь земляробам і атлетам. Ён павінен увесь час змагацца з гарэзіямі, якія пагражаюць зьнішчыць Царкву. Павал пакідае замест сябе Цімафея, дае яму настаўленьні наконт ягонай працы. Апостал падводзіць рысу свайго жыцьця й піша, што ён выканаў свой абавязак, як атлет на спаборніцтвах, ён адолеў забег даўжынёй у жыцьцё.
У заканчэньні ліста Павал паведамляе пра свае абставіны й просіць Цімафея хутчэй прыйсьці да яго. Ліст поўны пэўных дэталяў, імёнаў, шмат болі й журботы й адначасова й радасьці.
Гэта самае апошнае пасланьне з тых, якія дайшлі да нас. Яно было напісанае з Рыму, дзе Павал правёў апошнія дні свайго жыцьця.
Пасланьне падзелена на 4 разьдзелы. Яно пачынаецца з пранікнёнай малітвы, у якой Павал заклікае Цімафея быць верным свайму Пану на прыкладзе Хрыста, Паўла й родных Цімафея. Апостал напамінае Цімафею аб неабходнасьці супрацьстаяць ілжэвучэньням. Павал прадказвае Цімафею, што ў апошнія часы наступіць падзеньне нораву, аднак, нягледзячы на посьпех ілжэвучэньняў, іх чакае пагібель. Таму Цімафей павінен быць асабліва цьвёрдым у вучэньні, якое ён атрымаў ад Паўла і якое згодна з Сьвятым пісаньнем, таму што яно зьяўляецца крыніцай праўды. Далей ідуць асабістыя настаўленьні й просьбы, якія прадстаўляюць духоўны тэстамэнт Паўла, у якім ён падводзіць вынікі свайго жыцьця й служэньня.
Другое пасланьне да Цімафея — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў