Друскенікі лац. Druskieniki | |||||
лет. Druskininkai | |||||
Возера ў парку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1563 | ||||
Горад з: | 1793 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Аліцкі | ||||
Раён: | Друскеніцкае самакіраваньне | ||||
Мэр: | Рычардас Малінаўскас[d] | ||||
Плошча: | 22 км² | ||||
Вышыня: | 110 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2017) | |||||
колькасьць: | 12 803 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 581,95 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 313 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-66001 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°1′14″ пн. ш. 23°58′21″ у. д. / 54.02056° пн. ш. 23.9725° у. д.Каардынаты: 54°1′14″ пн. ш. 23°58′21″ у. д. / 54.02056° пн. ш. 23.9725° у. д. | ||||
Друскенікі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
www.druskininkai.lt |
Друске́нікі, Друзге́нікі (лет. Druskininkai) — места ў Летуве, на рацэ Нёмане пры ўтоку ў яго Ратнічанкі. Адміністрацыйны цэнтр Друскеніцкага самакіраваньня Аліцкага павету. Насельніцтва на 2018 год — 12 441 чалавек. Знаходзяцца за 129 км ад Вільні, за 42 км ад Горадні. Чыгуначная станцыя.
Друскенікі — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў. У наш час бальнеагразевы і кліматычны курорт, тут дзее Парк Грутас — музэй савецкага мінулага.
Тапонім Друскенікі мае сугучнасьць зь летувіскім словам druska — соль[1]. Паводле адной з вэрсіяў, падобную этымалёгію мае назва места Трускаўцу на Галіччыне[2].
Зь іншага боку, назву Друскенікі таксама мае вёска ў Беларусі, ніяк не зьвязаваная ані зь мінэральнымі водамі, ані з сольлю. Тым часам Этымалягічны слоўнік беларускай мовы НАН Беларусі падае дзеяслоў друзгаць — 'разьбіваць', які зьвязвае з тэрмінам друз і параўноўвае з друзг (старажытнарус. друскъ) — 'гальлё'[3]. Паводле Гістарычнага слоўніка беларускай мовы, слова друск у значэньні 'сухое гальлё' бытавала ў старабеларускай мове[4] (таксама ўжывалася слова труска — 'вязанка, пучок'[5]), а ў сучаснай беларускай мове ў значэньні 'дробныя галінкі, ламачча' захавалася слова труск[6].
У беларускай мове побач з Друскенікамі існуе іншая форма назвы — Друзгенікі[7].
Першы пісьмовы ўпамін пра Друскенікі (Друскеники) датуецца 1563 годам і зьмяшчаецца ў мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага. Тым часам археалягічныя дасьледаваньні выявілі на месцы сучаснага места існаваньне прускіх паселішчаў. Відаць, тут існаваў прускі горад, які згарэў у 1308 годзе, па чым навакольле абязьлюдзела. З 1413 году мястэчка Друскенікі знаходзілася ў складзе Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва[8].
У 1794 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Друскенікам статус курорту, а каралеўскі доктар пацьвердзіў лекавыя ўласьцівасьці мясцовых мінэральных крыніцаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Друскенікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1837 годзе на загад маскоўскага гаспадара Мікалая І тут пачалося будаваньне курортавых пабудоваў. Неўзабаве курорт атрымаў вялікую папулярнасьць.
У 1878—1879 гадох у Друскеніках збудавалі 150 жылых будынкаў для разьмяшчэньня наведвальнікаў курорту. У 1865 годзе тут узьвялі царкву-мураўёўку.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Друскенікі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Друскенікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[9]. У 1920 годзе Друскенікі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У 1934 годзе празь места прайшла чыгунка (адгалінаваньне ад станцыі Парэчча).
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Друскенікі акупавалі войскі Трэцяга Райху, але неўзабаве места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Друскенікі ўвайшлі ў склад БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтар сельскага і пасялковага саветаў Парэцкага раёну Беластоцкай вобласьці.
1—2 кастрычніка 1940 году ўлады СССР перадалі Друскенікі Летувіскай ССР. У 1941—1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1990 годзе Друскенікі ўтварылі асобную адміністрацыйную адзінку, якой кіруе беспасярэдне летувіскі ўрад. У 1990-я гады ўлады Летувы залучылі Друскенікі ў афіцыйны этнаграфічны рэгіён Дзукія.
У Друскеніках працуе каля 10 санаторыяў (у тым ліку санаторыя «Беларусь»), пансыянаты, бальнеагразелячэбніца, пітная галерэя, аэрасалярыі, каскадныя купальні і іншае[11]. Дзеюць 4 музэі (у тым ліку музэй Мікалоюса Чурлёніса). У цэнтры места парк культуры і адпачынку, побач ляндшафтавы заказьнік.
Пералік местаў-сяброў Друскенікаў |
---|
|