Дрэйдэль

Дрэйдэль

Дрэ́йдэль (на іўрыце «сэвівон») — чатырохкутны турок, зь якім гуляюць дзеці падчас сьвята Ханука.

У часы макавеяў габрэяў саджалі ў турму за «злачыннае» вывучэньне Торы. Знаходзячыся ў турме, габрэі зьбіраліся для гульні ў дрэйдэль. Пад прыкрыцьцём гэтай на першы погляд гультайскай гульні яны абмяркоўвалі Тору, такім чынам, кідаючы выклік ворагам юдаізму.

Гульня ў дрэйдэль нагадвае аб тым, што габрэі кідаюць выклік любому, хто спрабуе ўстаць паміж габрэем і Торай.

Для кагосьці жыцьцё — гэта гульня, жарт, хаос. Але толькі не для габрэйскага народа. Менавіта аб гэтым гаворыць дрэйдэль.

Падчас Ханукі прынята гуляць у дрэйдэль. Аднак гэтая гульня не такая простая, як можа падацца на першы погляд.

Дрэйдэль — гэта своеасаблівы чатырохкутны турок з габрэйскімі літарамі на кожным з бакоў. Кожная з гэтых літар — гэта пачатковая літара вызначанага слова. Вось гэтыя чатыры літары:

  • נ («Нун») – першая літара слова «нэс», «цуд»
  • ג («Гімэл») – першая літара слова «гадол», «вялікі»
  • ה («Хэй») – першая літара слова «хайа», што азначае «быў»
  • ש («Шын») – першая літара слова «шам», «там»

Калі скласьці гэтыя словы разам, то атрымоўваецца фраза: «נס גדול היה שם» («Там быў вялікі цуд»). (У Ізраілі туркі́ іншыя, таму што замест літары ש («шын») выкарыстоўваецца літара פ («пэ») — «нэс хадол хайя по» — вялікі цуд адбыўся тут).

У кабалістычных вучэньнях чатыры літары ўяўляюць сабою чатыры розныя гістарычныя імпэрыі — бабілёнскую, пэрсыдзкую, грэцкую і рымскую — якія спрабавалі зьнішчыць габрэйскі народ.

Існуе некалькі спосабаў гульні ў дрэйдэль. У кожнай сям’і гуляюць па-рознаму, таму правілы заўсёды нагадваюцца загадзя. Часьцей за ўсё гуляюць на цукеркі ці гельт (чакаляднае золата).

Самы просты спосаб гульні такі. Чатыры ўдзельнікі выбіраюць па літары і круцяць турок па чарзе. Чыя літара выпадае ўверх, той і перамагае. Можна гуляць вызначаную колькасьць цыкляў па крузе або некалькі хадоў у раз і лічыць ачкі.

Існуе і больш азартны мэтад. У самым пачатку гульні куча цукерак разьмяркоўваецца пароўну паміж гульцамі. Кожны кладзе адну цукерку на сярэдзіну стала ў агульны банк. Як толькі ў банку не стае цукерак, усе кладуць па адной зноў. Затым круцяць адмысловы турок па чарзе. Кожная літара дыктуе дзеяньне:

  • Калі выпадае літара «нун», то гэта азначае што гулец нічога не выйграе.
  • Калі выпадае літара «гімэл», то гэта азначае што гулец забірае ўвесь банк.
  • Калі выпадае літара «хэй», то гэта азначае што гулец бярэ палову банку.
  • Калі выпадае літара «шын», то гэта азначае што гулец кладзе адну цукерку ў банк

Пераможца вызначаецца вельмі проста. Той хто выйграў усе цукеркі, той і перамог.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дрэйдэльсховішча мультымэдыйных матэрыялаў