Дыеўтурыба — латыскі нэапаганскі рух, які займаецца адраджэньнем традыцыйных вераваньняў куршаў, земгалаў ды латгалаў у пэрыяд да пачатку хрысьціянізацыі ў ХІІІ стагодзьдзі. Удзельнікі руху завуць сабе дыеўтурамі, літаральна «богаўтрымальнікамі», або больш дакладна «людзямі, што жывуць у ладзе з Дыеўсам». Назва Дыеўтурыбы паходзіць ад шырока ўжыванага слова turēt «мець, трымаць, захоўваць», напрыклад, «мець гонар», «мець добры розум», «няхай ня будзеш ты мець іншых багоў» і г. д. Дыеўтурыба тады азначала б богабаязнасьць, выкананьне культу ды этычных нормаў. На замежную мову гэтую назву найлепей перакладаць словам «культ».
Рух дыеўтураў быў заснаваны ў 1925 годзе Эрнэстам Брастыньшам. У 1936 годзе ён выдае ў Рызе праграмны дакумэнт руху — Катэхізыс дыеўтураў, або «Цэраксьліс» (Cerokslis). Рух дыеўтураў быў забаронены пасьля савецкае акупацыі Латвіі і адноўлены пасьля аднаўленьня незалежнасьці.[1] Цяпер у краіне маецца каля 650 актыўных удзельнікаў руху[2], найбольш вядомыя зь якіх — сукладальнік Райманд Паўлс[3] і тэлевядучая Ганна Лецкалныня.
Дыеўтурыба заснаваная на латыскім фальклёры, дайнах і міталёгіі. Дыеўтуры спавядаюць шматбожжа. Галоўнымі з багоў лічацца Дыеўс, Лайма ды Мара.[4] Таксама важную ролю граюць багіні-апякункі водаў — маці мора (Jūras māte), маці водаў (Ūdens māte) і маці рэчак (Upes māte). Чалавек у дыеўтураў лічыцца сукупнасьцю трох формаў: цела (miesa), духу (dvēsele) і астральнага цела (velis).
Дыеўтурыба — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў