Дынга

Дынга
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
АтрадДрапежныя
СямействаСабачыя
РодВаўкі
ВідВоўк
ПадвідДынга
Бінамінальная намэнклятура
Canis lupus dingo
Арэал

Дынга[1] (Canis lupus dingo) — другасна зьдзічэлы свойскі сабака, адзіны пляцэнтарны драпежнік у фаўне Аўстраліі да прыходу эўрапейцаў. Назва «Дынга» ўзьнікла ў пачатку эўрапейскай калянізацыі Новага Паўднёвага Ўэйлзу і, па ўсёй верагоднасьці, паходзіць ад «тынга» — тэрміну, які выкарыстоўваўся абарыгенамі Порт-Джэксану для апісаньня сваіх сабак.

Дынга выглядае як добра складзены сабака сярэдняй велічыні: вышыня ў загрыўку 47-67 см, даўжыня цела з галавой 86—122 см, даўжыня хваста 26—38 см. Вага 9,60—19 кг, рэдка — да 24 кг. Самцы значна буйней за самак, а азіяцкія Дынга драбней аўстралійскіх суродзічаў, мабыць, з-за рацыёну, беднага на бялкі. Целаскладам Дынга нагадвае ганчака. Пыса квадратпадобная; вушы невялікія, стаячыя. Хвост пухнаты, шаблепадобны.

Поўсьць Дынга кароткая і густая, тыповая афарбоўка — іржава-рудая ці руда-бурая, на псе і бруху сьвятлейшая. Зрэдку сустракаюцца асобіны амаль чорнага колеру, белыя і пярэстыя. На паўднёвым усходзе Аўстраліі жыве парода Дынга шэра-белай масьці. Дынга чорна-падпалай афарбоўкі (па тыпу афарбоўкі ратвэйлера) лічацца гібрыдамі Дынга з свойскімі сабакамі, верагодна, нямецкімі аўчаркамі. Чыстакроўныя Дынга ня брэшуць, але здольныя рыкаць і выць як воўк.

Мяркуючы па выкапнях парэшткаў, Дынга завезьлі ў Аўстралію не перасяленцы (прыкладна 40 000 — 50 000 гадоў таму), як меркавалася раней, а выхадцы з Паўднёва-Ўсходняй Азіі (магчыма, з Малайскага архіпэляга). Самаму старажытнаму чэрапу дынга, знойдзенаму ў Віетнаме, прыкладна 5500 гадоў; рэшткі гэтага сабакі ўзростам ад 2500 да 5000 гадоў знаходзяць і ў іншых частках Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а найстаражытным скамянелым рэшткам дынга ў Аўстраліі — каля 3450 гадоў. Дасьледаваньні мітахандрыяльнай ДНК дынга, апублікаваныя ў 2004 годзе, датуюць іх зьяўленьне ў Аўстраліі 4000 г. да н. э.. Верагодна, усё аўстралійскія Дынга вядуць паходжаньне ад адной невялікай групы. У Аўстраліі ўцёклыя або кінутыя гаспадарамі Дынга знайшлі выдатныя ўмовы для пражываньня: шмат дзічыны, адсутнасьць ворагаў і сур’ёзных канкурэнтаў, размножыліся і расьсяліліся па ўсім кантынэнце і бліжэйшых астравах, не патрапіўшы толькі на Тасманію. Уменьне паляваць зграямі дала ім важную перавагу перад адзіночнымі сумчатымі драпежнікамі. Як мяркуецца, Дынга сталі прычынай выміраньня шэрагу сумчатых, улучна з самым буйным абарыгенным драпежнікам — сумчатым ваўком.

Звычайна Дынга разглядаюць у якасьці падвіда свойскага сабакі, аднак шматлікія адмыслоўцы лічаць яго цалкам самастойным відам. Мяркуюць, што Дынга зьяўляецца амаль чыстакроўным нашчадкам адамашненага індыйскага ваўка, які ў дзікім стане і зараз водзіцца на паўвостраве Індастан і ў Бэлуджыстане. У 1958 годзе дзікі сабака, падобны да Дынга, але толькі больш дробны, быў знойдзены ў лясах Новай Гвінэі. Да Дынга таксама падобны нядаўна выяўлены на паўднёвым усходзе ЗША дзікі каралінскі сабака.

Дынга паўсюдна пашыраны ў Аўстраліі, асабліва шматлікі ў паўночнай, заходняй і цэнтральнай яе частках; невялікія папуляцыі захаваліся ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі — у Тайляндзе, М’янме, на паўднёвым усходзе Кітая, у Лаосе, Малайзіі, Інданэзіі, на Барнэо, Філіпінах і на Новай Гвінэі.

Лад жыцьця і рацыён

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дынга — пераважна начныя жывёлы. Асноўныя месцы іх пражываньня ў Аўстраліі — узьлескі вільготных лясоў, сухія эўкаліптавыя зарасьнікі, засушлівыя паўпустыні ў глыбіні мацерыка. Логава яны ладзяць ў пячорах, пустых норах, сярод каранёў дрэваў, звычайна непадалёк ад вадаёмаў. У Азіі Дынга трымаюцца паблізу чалавечага жыльля і харчуюцца адкідамі.

Прыкладна 60% рацыёну аўстралійскіх Дынга складаюць невялікія сысуны, у прыватнасьці трусы. Палююць на кенгуру і валабі. У меншай ступені харчуюцца птушкамі, рэптыліямі, казуркамі і падалкай. З пачаткам масавага разьвядзеньня жывёлы Дынга стаў нападаць і на яе, што пацягнула за сабой зьнішчэньне дзікіх сабакаў фэрмэрамі. Хоць, як высьветлілася, свойская жывёла складае ўсяго 4% рацыёну дынга, гэтыя дзікія сабакі часта рэжуць авечак, не ядучы. У Азіі Дынга сілкуюцца, як правіла, харчовымі адкідамі: рысам, сырой садавінай, у невялікай колькасьці рыбай і курыным мясам; радзей ловяць яшчарак і пацукоў.

Маладыя Дынга па-за сэзонам размнажэньня жывуць, як правіла, паасобку, хоць могуць утвараць групы падчас паляваньня на буйную дзічыну. На вялікай колькасьці падалкі часам назіралі да сотні сабакаў. Стабільныя сямейныя зграі ў Дынга складаюцца з 3-12 асобін, як і ў ваўкоў, якія групуюцца вакол дамінантнай пары. У сямейных групах выконваецца строгая герархія. У кожнай зграі ёсьць свой паляўнічы ўчастак, які яна абараняе ад суседзяў.

Да зьяўленьня эўрапейцаў Дынга былі галоўнымі драпежнікамі Аўстраліі. Патрапіўшы на мацярык, яны паступова пацясьнілі і зьнішчылі большасьць абарыгенных драпежнікаў, у тым ліку сумчатага ваўка і сумчатага д’ябла. Дынга адрозьніваюцца кемлівасьцю і спрытам. Характэрная іх рыса — крайняя асьцярожнасьць, што дапамагае ім з посьпехам пазьбягаць пастак і атручаных прынад. Лічыцца, што на людзей чыстакроўныя Дынга не нападаюць (аднак з гэтага правіла ёсьць і выключэньне — напрыклад, гібель 9-тыднёвай Азарыі Чэмбэрлен). Асноўнымі ворагамі Дынга зьяўляюцца завезеныя эўрапейцамі шакалы і сабакі. На шчанят палююць буйныя драпежныя птушкі.

Дынга жывуць невялікімі зграямі, у якіх размножваецца толькі дамінантная пара. Калі ў іншай самкі нараджаюцца дзіцяняты, дамінантная самка іх забівае. Нізкарангавыя самкі і самцы праяўляюць клопат пра дзіцянят галоўнай самкі. Герархія Дынга будуецца на запалохваньні і пэрыядычных бойках.

У адрозьненьне ад звычайнага сабакі, Дынга размножваюцца раз у год. Шлюбны сэзон у аўстралійскіх Дынга прыпадае на сакавік-красавік, у азіяцкіх — на жнівень-верасень. Тэрмін цяжарнасьці, як і ў сабак — 63 дні. У памёце звычайна 6-8 шчанят, якіх самка нараджае ў логаве. Шчанюкі нараджаюцца сьляпымі, але пакрытымі поўсьцю. За патомствам даглядаюць абодва бацькі.

Ва ўзросьце 3 тыдняў шчанюкі Дынга ўпершыню пакідаюць роднае логава, і самка перастае карміць іх малаком. Да 8 тыдняў яны канчаткова пакідаюць логава і жывуць разам зь іншымі чальцамі зграі. З 9 да 12 тыдняў маці і астатнія члены зграі прыносяць ім ежу і ваду, якія кормяць шчанюкоў. У 3-4 месяцы шчанюкі ўжо незалежныя і суправаджаюць дарослых на паляваньні.

Плоцевая сталасьць у Дынга надыходзіць ва ўзросьце 1—3 гадоў. Дынга манагамныя. Жывуць яны 10 гадоў у прыродзе і да 13 гадоў у няволі.

Дынга і свойскія сабакі лёгка скрыжоўваюцца, і дзікія папуляцыі Дынга ў вялікай ступені гібрыдызаваныя. Выключэньне складаюць папуляцыі, якія жывуць у аўстралійскіх нацыянальных парках і на іншых ахоўных тэрыторыях. Патомства Дынга і сабакі ўяўляе вялікую пагрозу для авечкагадоўлі, паколькі нечыстакроўныя дынга, як правіла, размножваюцца 2 разы на год (а не адзін, як чыстакроўныя) і больш агрэсіўныя.

Значэньне для экасыстэмы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дынга — асноўныя млекакормячыя драпежнікі Аўстраліі і займаюць важнае месца ў экалёгіі кантынэнта. Пры яго засяленьні яны выціснулі мясцовых драпежнікаў, заняўшы біялягічную нішу істоты, якая рэгулюе колькасьць траваедных жывёлаў. Яны таксама перашкаджаюць зьнікненьню некаторых відаў абарыгеннай фаўны, бо нішчаць яе ворагаў — зьдзічэлых катоў і лісаў, хоць самі сталі прычынай зьнікненьня некаторых відаў сумчатых. Дынга таксама дапамагаюць рэгуляваць колькасьць звычайных трусоў, завезеных у Аўстралію і якія распладзіліся тут у велізарнай колькасьці. Аднак Дынга можна назваць шкоднікамі, бо яны ёсьць першапачаткова чужым элемэнтам для аўстралійскай фаўны млекакормячых, яны тым ня менш наносяць значную шкоду прыродзе мацерыка, вынішчаючы рэдкіх мясцовых бандзікутаў, валабі, дробных драпежных сумчатых і іншыя віды.

Значэньне для чалавека

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку стаўленьне перасяленцаў да Дынга было памяркоўным, але сытуацыя хутка зьмянілася ў XIX стагодзьдзі, калі авечкагадоўля стала важнай галіной аўстралійскай эканомікі. Дынга, якія палявалі на авечак, лавілі пасткамі, адстрэльвалі і труцілі ядамі. У канцы XIX стагодзьдзя ў адным Новым Паўднёвым Ўэйлзе фэрмэры штогод выдаткоўваўлі на барацьбу зь дзікімі сабакамі некалькі тон стрыхніну. Калі гэтых захадаў апынулася недастаткова, у 1880-х гг. было пачата будаўніцтва велічэзнага сеткаватага плоту (сабачы плот), які агароджваў участкі авечых пашаў у Паўднёвым Кўінзлэндзе, каб засьцерагчы жывёлу ад дынга, а пашы ад трусоў, якія тут распладзіліся. У 1960-х гг. асобныя сэкцыі агароджы былі злучаныя разам, утварыўшы бар’ер, які перарываўся толькі ў месцах перасячэньня шашэйных дарог. На дадзены момант агароджа працягнулася на 8500 км — ад г. Тувумба ў Кўінзлэндзе да Вялікага Аўстралійскага заліва, адлучаючы засушлівую паўночна-заходнюю частку Аўстраліі ад параўнальна ўрадлівай. Гэты плот зьяўляецца самым працяглым збудаваньнем, якое было пабудаванае людзьмі.Падтрыманьне агароджы ў належным парадку штогод абыходзіцца штатам Кўінзлэнд, Новы Паўднёвы Ўэйлз і Паўднёвая Аўстралія каля 15 млн аўстралійскіх даляраў. Уздоўж агароджы курсуюць адмысловыя патрулі, якія шукаюць пашкоджаньні ў сетцы і падземныя норы, праробленыя трусамі ці вомбатамі, і зьнішчаюць дынга, якія пракраліся за агароджу.

Вядомыя вельмі рэдкія выпадкі нападу Дынга на чалавека. У Аўстраліі атрымаў шырокую вядомасьць працэс над бацькамі Азарыі Чэмбэрлен, якую скраў дынга, — першапачаткова ў яе сьмерці абвінавачвалі саміх бацькоў.

У некаторых краінах трымаць Дынга як свойскіх жывёлінаў забаронена. У Азіі іх мяса, як і іншых сабакаў, ужываецца мясцовымі жыхарамі ў ежу.

  1. ^ Напісаньне Дынга ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.6. Мн., 1998, С.286

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дынгасховішча мультымэдыйных матэрыялаў