«Дыскавэры» (па-ангельску: Discovery — адкрыцьцё) — шматразовы транспартны касьмічны карабель NASA па праграме Space Transportation System (Спэйс шатл). «Дыскавэры» — трэці шатл, быў перададзены ў эксплюатацыю NASA у лістападзе 1982 году. У NASA шатл «Дыскавэры» мае пазначэньне OV-103 (Orbiter Vehicle — 103). Першы палёт «Дыскавэры» зьдзейсьніў 30 жніўня 1984 году. У сапраўдны момант «Дыскавэры» — найстарэйшы з эксплюатаваных шатлаў.
Шатл «Дыскавэры» быў названы ў гонар аднаго з двух суднаў, на якіх у 1770-х гадах брытанскі капітан Джэймз Кук адкрыў Гавайскія астравы і дасьледаваў узьбярэжжа Аляскі і паўночна-заходняй Канады. Такое жа імя («Дыскаверы») насіла адно з суднаў Генры Хадсона, які ў 1610—1611гадах дасьледаваў Гудзонаў заліў. Яшчэ два «Дыскаверы» былі пабудаваныя брытанскім Каралеўскім геаграфічным грамадзтвам для дасьледаваньня Паўночнага канцавосься і Антарктыкі у 1875 і 1901 гадах. Такое жа імя («Дыскаверы») мае касьмічны карабель у фільме «Касьмічная Адысэя 2001».
Шатл «Дыскаверы» даставіў на арбіту касьмічны тэлескоп «Хабл», а таксама ўдзельнічаў у двух місіях па яго абслугоўваньні.
З шатла «Дыскаверы» былі запушчаныя зонд «Уліс» і тры рэтрансьляцыйных спадарожніка. «Дыскаверы» быў першым шатлам, на якім амэрыканскія астранаўты адправіліся ў космас пасьля катастрофы «Чэленджэра» (STS-51L). «Дыскаверы» быў таксама першым шатлам, на якім былі адноўленыя касьмічныя палёты пасьля катастрофы шатла «Калумбія» (STS-107).
На шатле «Дыскаверы» (STS-95) 29 кастрычніка 1998 году адправіўся ў свой другі касьмічны палёт астранаўт Джон Гленн, якому ў той момант было 77 гадоў.
Першы палёт расейскага касманаўта на амэрыканскім касьмічным караблі быў зьдзейсьнены Сяргеем Крыкалевым менавіта на «Дыскаверы».