Дэвін Букер | ||
![]() | ||
Пазыцыя: | атакавальны абаронца | |
Рост: | 198 см | |
Вага: | 93 кг | |
Грамадзянства: | ||
Нарадзіўся: | 30 кастрычніка 1996[1] (28 гадоў) | |
Альма-матэр: | ||
Драфт | ||
13, драфт НБА 2015 году | ||
Клюбная інфармацыя | ||
---|---|---|
Клюб | Фінікс Санз | |
Нумар | 1 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | |
2014—2015 | Кентукі Ўайлдкэтс[d] | |
2015— | Фінікс Санз | |
Статыстыка на NBA.com |
Дэвін Букер (па-ангельску: Devin Booker; нар. 30 кастрычніка 1996 году) — амэрыканскі баскетбаліст клюбу «Фінікс Санз» з НБА. Чатырохразовы ўдзельнік матчу ўсіх зорак НБА, двойчы абіраўся ў зборную ўсіх зорак НБА і ёсьць найлепшым бамбардзірам «Санз» за ўвесь час. У складзе зборнай ЗША здабываў залатыя мэдалі на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 і 2024 гадоў. Ёсьць сынам былога баскетбаліста Мэлвіна Букера.
25 чэрвеня 2015 году Букер быў абраны клюбам «Фінікс Санз» пад 13-м нумарам на драфце НБА 2015 году[3]. 13 ліпеня склаў з камандай кантракт пачаткоўца[4]. Дэбютаваў у НБА за два дні да свайго 19-годзьдзя, у матчы, які адкрыў сэзон «Санз», супраць «Далас Мавэрыкс». За 21 хвіліну гульні супраць тэхасцаў ён набраў 14 пунктаў, трапна пацэліўшы 6 кідаоў з 7-і зробленых[5]. 2 студзеня 2016 году Букер набраў рэкордны на той час 21 пункт ў матчы супраць «Сакрамэнта Кінгс», які скончыўся зь лікам 142:119[6]. 19 студзеня ён зарабіў 32 пункты ў матчы супраць «Індыяны Пэйсэрз», усталяваўшы рэкорд пачаткоўцаў «Санз» з шасьцю трохпунктавымі кідкамі. 3 сакавіка Букер набраў рэкордныя за кар’еру 34 пункты ў матчы супраць «Маямі Гіт», аднак клюб усё ж такі атрымаў паразу[7]. 10 сакавіка Букер здабыў рэкордныя 35 пунктаў у матчы супраць «Дэнвэр Нагетс», але зноў каманда саступіла супернірку. Ён стаў першым гульцом «Фінікс Санз», улучаным у каманду пачаткоўцаў НБА пасьля Амар’е Стадэмайра ў 2003 годзе[8].
24 сакавіка 2017 году супраць «Бостан Сэлтыкс» Букер стаў шостым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 70 пунктаў у гульні, стаўшы ў адзін шэраг з Ўілтам Чэмбэрленам, Дэйвідам Робінсанам, Дэйвідам Томпсанам, Элджынам Бэйларам і Кобі Браянтам. Гэта была 11-я гульня з 70 пунктамі ў баскетбаліста ў гісторыі НБА. Букер таксама паклаў на свой рахунак восем падбораў і шэсьць перадач за 45 хвілін гульні. 6 лістапада 2017 году Букер набраў 18 пунктаў у прайграным «Бруклін Нэтс» матчы, але тым самым набраў 3 тысячы пунткаў за кар’еру. Сэзоне 2017—2018 гадоў гулец некалькі разоў прапускаў матчы праз траўмы. 7 ліпеня 2018 году Букер падпісаў новы пяцігадовы кантракт з «Санз» на суму 158 мільёнаў даляраў[9][10]. 24 студзеня 2019 году спартовец стаў пятым наймаладзейшым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 5 тысяч пунктаў за кар’еру, пасьля Леброна Джэймза, Кевіна Д’юранта, Кармэла Энтані і Дўайта Гаўарда[11]. 22 студзеня 2021 году Букер набраў 8 тысяч пунктаў у матчы супраць «Дэнвэр Нагетс»[12][13].
У траўні 2021 году Букер упершыню згуляў у плэй-оф НБА, а разам з клюбам дакрочыў да фіналу, але «Фінікс Санз» у ім саступіў «Мілўокі Бакс». Па заканчэньні наступнага сэзону Букер упершыню быў улучаны ў зборную ўсіх зорак НБА[14]. 7 ліпеня 2022 году гулец пагадзіўся падоўжыць кантракт з «Санз» на чатыры гады за максымальную суму ў 224 мільёны даляраў[15]. 3 лютага 2025 году Букер пераўзышоў Ўолтэра Дэвіса паводле колькасьці пунктаў у гісторыі франшызы[16].