Афіцыйнае выкарыстаньне назвы Дэмакратычная фэдэратыўная Югаславія (ДФЮ) было пачатае толькі з 10 жніўня 1945 року, пры гэтым да гэтага было два этапы выкарыстаньня гэтае назвы:
пэрыяд з двума югаслаўскімі ўрадамі (29 лістапада 1943 року — 7 сакавіка 1945 року), калі існавалі раўналежна каралеўскі югаслаўскі ўрад у выгнаньні (у Лёндане) і Нацыянальны камітэт па вызваленьні Югаславіі ў краіне (абодва ўрады лічылі сябе адзінымі леґітымнымі). У гэты пэрыяд НКВЮ ўжываў ДФЮ як назву краіны.
пераходны пэрыяд, на працягу якога з 7 сакавіка па 29 лістапада 1945 року на паперы існаваў аб’яднаны каралеўскі ўрад НКВЮ. У гэты пэрыяд назва ДФЮ была прынятая абодвума бакамі, і таму ў гэты пэрыяд ДФЮ можна лічыць апошняю фазаю каралеўства й першаю фазаю сацыялістычнае Югаславіі. Фэдэратыўная народная рэспубліка Югаславія была абвешчаная 29 лістапада 1945 року, і ў той жа дзень была скасаваная манархія.
Пасьля ўтварэньня агульнаюгаслаўскага ўраду пачалося фармаваньне ўрадаў рэспублік: 9 красавіка — Сэрбіі, 14 красавіка — Харватыі, 16 красавіка — Македоніі, 17 красавіка — Чарнагорыі, 27 красавіка — Босьніі й Герцаґавіны, 5 траўня — Славеніі.
7 жніўня 1945 у Бялградзе адбылася трэцяя сэсія Антыфашыстоўскага веча народнага вызваленьня Югаславіі, якая была пашыраная 36 дэпутатамі апошняга югаслаўскага парлямэнту 1938 року, ня меўшымі стасункаў зь нямецкімі акупантамі. Пашыранае Антыфашыстоўскае веча было названае Часоваю Народнаю скупшчынаю Югаславіі, якое прыняло першыя законы новае Югаславіі.