Жанна Літвіна | |
Дата нараджэньня | 30 жніўня 1954 (70 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналістка |
Месца працы | |
Узнагароды |
Жа́нна Мікала́еўна Літвіна́ (нар. 30 жніўня 1954, Менск) — журналістка, прадусарка праграм тэлебачаньня й радыё, першая старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Актывістка за свабоду слова нарадзілася 30 жніўня 1954 году ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ(be). Пасьля атрыманьня адукацыі ў 1976—1994 гадох працавала ў структурах Дзяржаўнага камітэту па тэлебачаньні й радыёвяшчаньні (з 1991 па 1994 год — Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачаньні й радыё), дзе прайшла ступені ад малодшай рэдактаркі да галоўнай рэдактаркі Галоўнай рэдакцыі моладзевай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» да яе расфармаваньня ў 1994 годзе, перш чым была звольненая[1]. З 1994 году была генэральнай дырэктаркай кампаніі «БМ Інформ». У 1995 годзе яна і яе паплечнікі стварылі й кіравалі ўласнай незалежнай інфармацыйна-музычнай станцыяю Радыё 101,2, якую ўлады закрылі ў 1996 годзе[1].
Яе закрыцьцё падштурхнула Літвіну зьехаць з краіны, і яна працягнула журналісцкую дзейнасьць з Польшчы, каб пазьбегнуць ганеньняў рэжыму Лукашэнкі. Працавала карэспандэнткай, дырэктаркай менскага офісу радыёстанцыі «Свабода» з 1994 па 1999 годы.
Літвіна стала сузаснавальнікам і першай старшынёю Беларускай асацыяцыі журналістаў, грамадзкай арганізацыі, створанай у 1996 годзе для абароны правоў журналістаў, прасоўваньня свабоды слова, грамадзкага доступу да інфармацыі і аказаньня юрыдычнае дапамогі журналістам, якія сталі суб’ектам ціску ўлады на Беларусі.
У 2004 годзе яна заявіла ў Эўрапейскім парлямэнце падчас сваёй прамовы з нагоды прысуджэньня прэміі імя Андрэя Сахарава Беларускай асацыяцыі журналістаў: «Мы можам змагацца супраць гэтага аўтарытарнага рэжыму, толькі парушаючы дзяржаўную манаполію на інфармацыю, ствараючы сыстэму адкрытай інфармацыйнай прасторы, у якой будзе месца для свабоды выказваньняў і меркаваньняў, месца для дыскусіяў і форумаў»[2].
Літвіна сышла з пасады кіраўніцы Беларускай асацыяцыі журналістаў 25 красавіка 2015 году[3].
Аўтары кнігі «Хто ёсьць хто ў Беларусі» апісалі яе як «непапраўнага альтруіста, гатовага ахвяраваць дзеля высакароднай справы»[4].
У шлюбе[4]. Праваслаўная й беспартыйная[4].