Жаночая зборная Бэльгіі па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Каралеўская бэльгійская фэдэрацыя валейболу | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 14 | ||
Колеры | чырвоны, чорны | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | 30 жніўня 2024 году |
Жаночая зборная Бэльгіі па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Бэльгію на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Каралеўскай бэльгійскай фэдэрацыяй валейболу.
Каралеўская бэльгійская фэдэрацыя валейболу ў 1947 годзе стала адной з заснавальніцаў Міжнароднай фэдэрацыі валейболу. На міжнароднай арэне жаночая зборная Бэльгіі дэбютавала ў 1956 годзе, стаўшы ўдзельніцай чэмпіянату сьвету ў Парыжы. Свой першы матч на турніры бэльгійскія валейбалісткі згулялі 30 жніўня супраць зборнай Чэхаславаччыны і зазналі паразу ў трох партыях. Агулам турнір быў няўдалым для каманды, якая ў выніку спынілася на 13-м месцы.
У чэмпіянатах Эўропы зборная Бэльгіі дэбютавала ў 1967 годзе. Атрымаўшы ўсяго адну перамогу ў 8 згуляных матчах, бэльгійкі занялі толькі 14-е месца. Другі раз сярод удзельніцаў чэмпіянату сьвету нацыянальная каманда Бэльгіі апынулася толькі ў 1978 году на сусьветным першынстве, які ладзіўся ў СССР. На турніры бэльгійкі занялі месца зборнай Эгіпту, якая тады была дзейным чэмпіёнам Афрыкі, але адмовілася ад удзелу ў сусьветным чэмпіянаце. Здабыўы перамогу толькі адзін раз у зборнай Тунісу і пацярпеўшы 7 паразаў, бэльгійскія валейбалісткі занялі толькі перадапошняе 22-е месца. У час XX стагодзьдзя на чэмпіянатах Эўропы зборная кваліфікавалася яшчэ толькі тройчы, але там посьпехаў ня мела.
У 2007 годзе пасьля 20-гадовага перапынку зборная Бэльгіі зноў была сярод удзельніцаў эўрапейскага кантынэнтальнага першынства і, у адрозьненьне ад ранейшых часоў, ужо ня была статыстам. Цягам турніру валейбалісты здабылі тры перамогі і падзялілі з зборнай Францыі 7-е месца. На чэмпіянаце Эўропы 2009 году бэльгійскі згулялі ўжо менш удала, здабыўшы перамогу толькі над зборнай Беларусі. У 2013 годзе спартоўкі з Бэльгіі пасьпяхова пракрочылі праз кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету ды дэбютавалі ў Эўралізе, адразу прабіўшыся ў фінал. На чэмпіянаце Эўропы таго ж году, які ладзіўся ў Нямеччыне, зборная Бэльгія нечакана заняла першы радок у сваёй групе, а ў плэй-оф выбілі зборную Францыі, але ў паўфінале ва ўпартай барацьбе саступілі зборнай Нямеччыны. На наступны дзень спартоўкі ўпершыню ў сваёй гісторыі здабылі бронзавыя мэдалі, выгуляўшы зборную Сэрбію. Пасьля доўгага перапынку зборная Бэльгіі вярнулася на чэмпіянат сьвету, які ў 2014 году ладзіўся ў Італіі. Валейбалісткі выбылі на другім этапе. На хатнім чэмпіянаце Эўропы 2015 году каманда выбыла ў чвэрцьфінале. Агулам зборная пачала стала трапляць на кантынэнтальнае першынство, але звычайна не трапляючы ў васьмак найлепшых.