Частка больш агульнага | гісторыя жанчынаў |
---|---|
Краіна | Армэнія |
Жанчыны ў Армэніі маюць аднолькавыя правы з мужчынамі ад утварэньня першай рэспублікі. 21—23 чэрвеня 1919 у дзяржаве прайшлі першыя парлямэнцкія выбары з усеагульным выбарчым правам: удзельнічаць у галасаваньні мог кожны чалавек, старэйшы за 20 гадоў, безадносна плоці, нацыянальнасьці або веравызнаньня. У 80-месны парлямэнт былі абраныя тры жанчыны: Катарынэ Залян-Манукян, Пэрчухі Партызпанян-Барсэгян і Варвара Сахакян[1][2].
Прынятая ў 1991 року Канстытуцыя Армэніі зацьвердзіла раўнапраўе афіцыйна[3]. Дзякуючы гэтаму армянскія жанчыны бяруць актыўны ўдзел ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны.
Становішча жанчын у Армэніі не заўсёды было такім. У другой палове XII стагодзьдзя армянскі сьвятар Мхітар Гош склаў судзебнік, які заклаў прававую традыцыю армянаў. У ім мысьляр спрабаваў палепшыць статус жанчынаў, аднак яўна замацоўваў мужчынскае вяршэнства і забараняў разводы, нават у выпадку сямейнага гвалту ці згвалтаваньня(d)[4]. Самыя прагрэсіўныя пастановы судзебніку не знайшлі шырокага прымяненьня ў грамадзтве, і да XVIII—XIX стагодзьдзяў жанчыны ў Армэніі знаходзіліся літаральна ў статусе слугаў у сем’ях сваіх мужоў, хоць з сталеньнем статус падвышаўся[5]. У першы год шлюбу жанчыны ня мелі права размаўляць ні з кім, апрача мужа, і не маглі выходзіць з дому. Каб абысьці гэтую забарону, маладыя жонкі стварылі жэставую мову харнсэрэн, што азначае „мова нявестаў“[6]. У асобных вёсках гэтыя забароны маглі працягвацца нават больш за дзесяць гадоў. У адрозьненьне ад заходніў дзяржаваў, узровень жаночых самагубстваў у Армэніі быў вышэйшы за колькасьць мужчынскіх[7].
Цікава, што нягледзячы на нізкі стан жанчын у сьвецкім жыцьці, Армянская апостальская царква прадастаўляла ім большыя магчымасьці атрыманьня сьвятарскіх пасадаў, чымся іншыя хрысьціянскія традыцыі. Тым ня меней, царква строга ставілася да разводаў, таму адсотак разводаў у Армэніі традыцыйна быў найменшым у хрысьціянскім сьвеце.
Паводле апытаньня Grant Thornton International, праведзенага ў 2011 року, 29% кіраўнічных пасадаў у Армэніі ў 2010 року займалі жанчыны. Аднак у наступным годзе гэты паказьнік зьменшыўся да 23%.
Паводле справаздачы ААН, у 2011 року ў Армэніі жанчыны займалі 24 пасады мэраў і старшыняў грамадаў; яшчэ 50 жанчынаў займалі меншыя адміністрацыйныя пазыцыі[8].
Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, у 2002 року хатняму гвалту падвяргаліся ад 10% да 60% армянак; такая разьбежка тлумачыцца няпоўнымі зьвесткамі, бо хатні гвалт лічыцца ўнутранай справай сям’і[9]. У Армэніі адсутнічаюць агульнапрынятыя законы супраць хатняга гвалту і плоцевай прадузятасьці. Акрамя таго, развод з мужчынам з будзь-якой прычыны зьяўляецца ганьбай для сям’і жанчыны. Мае ўплыў таксама нізкая адукаванасьць жанчын і няведаньне спосабаў адстойваньня сваіх правоў ці супрацьстаяньня гвалту[9].
У траўні 2007 року быў прыняты закон пра плоцевыя квоты, які заахвочвае армянак да палітычнай дзейнасьці. У тым годзе дэпутаткамі парлямэнту былі толькі сем жанчынаў.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |