Юлія Бенюшэвіч-Жымонт | |
па-летувіску: Julija Beniuševičiūtė-Žymantienė | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Юлія Бенюшэвіч |
Псэўданімы | Жэмайце, Жэмойтка |
Нарадзілася | 4 чэрвеня 1845![]() |
Памерла | 7 сьнежня 1921 (76 гадоў)![]() |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца |
Жанр | рэалізм |
Мовы | летувісая/жэмойцкая, польская |
Дэбют | 1894 |
Значныя творы | Marti (1896), Topylis (1897) |
Подпіс | ![]() |
Жэма́йце (па-летувіску: Žemaitė), сапраўднае імя: Юлія Бэнюшавічýце-Жыманцене (лет. Julija Beniuševičiūtė-Žymantienė (або Юлія Бенюшэвіч-Жыманта); 4 чэрвеня [ст. ст. 23 траўня] 1845, паводле іншых зьвестках 31 (19) траўня[1] або 12 чэрвеня (31 траўня)[2]; маёнтак Буканты, каля места Плунгяны, Жмудзь, цяпер Летува — 7 сьнежня 1921, Мар’ямпаль, Летува) — летувіская пісьменьніца, драматургіня, асьветніца. Адна з галоўных удзельніцаў Летувіскага нацыянальнага Адраджэньня напрыканцы 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў.
Паходзіла зь зьбяднелай шляхты. З 1864 году працавала нянькай і пакаёўкай. У 1865 пабралася шлюбам з былым прыгоньнікам Лаўрынасам Жымантасам. Трыццаць год з мужам займалася сельскай гаспадаркай. Нарадзіла сем дзяцей. Толькі напярэдадні Першай сусьветнай вайны пераехала ў Вільню, дзе актыўна ўдзельнічала ў камітэце па дапамозе ўцекачам. З 1913 па 1915 гады рэдагавала газэту Жамойцкае жыцьцё (Lietuvos žinias). У 1916 годзе паехала ў ЗША для збору грошай на дапамогу пацярпелым у вайне. Вярнулася ў Летуву і ў 1921 годзе памерла ад пнэўманіі ў Мар’ямпалі[3].
Псэўданім Жэмайце ўзьнік дзякуючы мовазнаўцу Ёнасу Яблонскісу. У 1894 годзе пад уплывам пісьменьніка Повіласа Вышынскіса Юлія Жыманцене напісала першае апавяданьне «Сватаньне», якое даслалі Ё. Яблонскісу і Г. Пяткявічайце-Біце. Яны надрукавалі яго пад іншай назвай — «Восеньскі вечар» (па-летувіску: Rudens vakaras) ў Летувіскім каляндары 1895 году. З прапановы Ё. Яблонскаса рэдакцыя падпісала твор імем Жэмайце (то бок жамойтка, жмудзінка), бо апавяданьне было напісана на жамойцкай гаворцы[4]. Так мянушка сталася псэўданімам пісьменьніцы.
Пакінула больш за 350 твораў (аповесьці, апавяданьні, нарысы, п’есы і артыкулы)[5]. Належыла да рэалістычнай літаратурнай плыні. Крытыкавала апалячаных летувісаў, рэлігійнікаў, царскую ўладу і Думу, за што ў 1915 годзе на два тыдні трапіла ў турму Лукішкі. Шмат пісала ў падтрымку жаночай эмансыпацыі. Шмат увагі надавала апісаньню жыцьця жанчыны. У творах пераважаюць нэгатыўныя жыцьцёвыя апісаньні, апавяданьні эпічныя, іранічныя[6].
Па-беларуску некалькі апавяданьняў ("За зачыненымі аканіцамі" і "Верны пёс") пісьменьніцы ў перакладзе Ў. Гарбацкага публікаваліся ў 2021 годзе ў "Новым Часе"[7].