Загадкавае месца

Уваход у атракцыён

«Загадкавае месца» (па-ангельску: Mystery Spot), таксама вядомае як Зона Прэйзэра (паводле прозьвішча стваральніка па-ангельску: George Prather) — турыстычны атракцыён, разьмешчаны непадалёк ад места Санта-Круз, Каліфорнія (ЗША). Супрацоўнікі атракцыёну сьцьвярджаюць, што тут ня дзейнічаюць законы фізыкі і зямнога прыцягненьня, прыводзячы ў доказ гэтага некалькі вопытаў.

Як сьцьвярджае афіцыйная бачына атракцыёну, пад зямлёй могуць быць закапаныя пазазямныя мэталы, якія выкарыстоўваюцца для навігацыі іншаплянэтных караблёў, альбо пад зямлёй знаходзіцца сам касьмічны карабель, або што з-пад зямлі прасочваецца дыяксыд вугляроду. Сярод іншых тэорыяў пералічваюцца дзірка ў азонавым слоі, вір магмы, анамальны ўзровень дыэлектрычнае біякасьмічнае радыяцыі і радыэстэзія[1].

Сярод «анамаліяў» зоны більярдныя шары, што коцяцца ўгору; зэдлікі, што стаяць на сьценах; компасы, што мяняюць паказаньні стрэлкі на 180° пры набліжэньні да зямлі; людзі, што ходзяць па паверхні пад нахілам і ўздымаюцца па сьценах хаціны; бэтонная балка, на розных канцах якое людзі зьмяняюць свой рост, бо адзін яе канец «звычайны», а на другі дзейнічае загадкавая сіла.

Адна з аптычных ілюзіяў у «Загадкавым месцы»

Напрыканцы 1930-х рокаў Джордж Прэзэр наведаў атракцыён Джона Літцэра (анг. John Litster) «Oregon Vortex» у Голд Хіле (штат Арэгон), які на той час быў першым падобным «загадкавым месцам». Хоць першы «нахілены дом» быў запатэнтаваны яшчэ ў 1905 року Артурам Б. Грыфэнам (анг. Arthur B. Griffen), аднак Oregon Vortex выгадна адрозьніваўся ад яго сваёй «натуральнасьцю», то бок упісанасьцю ў вакольны ляндшафт[2].

Джордж Прэзэр быў на той час дасьведчаным шоўмэнам, самаабвешчаным гіпнатызэрам і вынаходнікам, які атрымаў пяць патэнтаў. Разгледзеўшы вялізны патэнцыял у атракцыёнах кшталту літцэраўскага «Арэгонскага віру», ён вырашыў стварыць падобны ў Санта-Крузе, дзе жыў сам. Дзеля гэтага 21 кастрычніка 1940 року ён набыў у папярэдніх уладальнікаў Ньюкомбаў пляцоўку дыямэтрам 46 м непадалёк ад места[2]. Пляцоўка была агароджаная закручаным плотам, які нівэляваў вакольныя вэртыкальныя дрэвы, а ў зямлю закапалі намагнічаныя кавалкі мэталу, каб заблытаць компасы наведнікаў. У пабудове атракцыёну дапамагаў старэйшы сын былых уладальнікаў, з дапамогай якога была выкапаная студня, пабудаваная нахіленая хаціна. Пасьля адкрыцьця «Загадкавага месца» напрыканцы 1940 року экскурсаводамі былі сам Прэзэр, а пасьля і ўсе тры сыны Ньюкомбаў.

Гэта, аднак, не спадабалася Джону Літцэру, стваральніку «Арэгонскага віру», які пагражаў Джорджу Прэзэру судом за «выкраданьне ідэі». Аднак гэтым справа і скончылася, бо ў судзе, каб даказаць факт парушэньня аўтарскіх правоў на «прыродныя анамаліі», Літцэр меў бы патлумачыць мэханіку працы свайго атракцыёну, заснаванага на аптычных ілюзіях[2].

З пачаткам Другой сусьветнай вайны колькасьць наведвальнікаў атракцыёну зьменшылася настолькі, што Ньюкомбы сышлі з працы, а Прэзэр вымушаны быў прадаць яго МакКрэям (анг. McCray), аднак празь некалькі рокаў вярнуў у сваю ўласнасьць. На мяжы XX—XXI стагодзьдзя сын заснавальніка Брус Прэзэр прадаў атракцыён Сьмітам, ва ўласнасьці якіх ён знаходзіцца да цяпер[2].

Тлумачэньне ілюзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Загадкавае месца» ўяўляе сабой тыповы гравітацыйны холм — аптычную ілюзію, справакаваную нахільным разьмяшчэньнем. Унутры пахіленае хаціны памылкова адчуваюцца вышыня і арыентацыя аб’ектаў. Нават звонку, стоячы на зямлі на фоне нахіленага будынку, ілюзіі атрымоўваюцца за кошт параўнаньня чалавечага росту з вышынёй пахіленага даху, а не сапраўднага гарызонту[3]. Акрамя таго, на думку псыхоляга з Унівэрсытэту Бэрклі Ўільяма Прынцмэтала, знаходжаньне назіральніка ў нахіленым стане павялічвае яго ўразьлівасьць да ілюзіяў удвая або ўтрая[4].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ What is it? (анг.). The Mystery Spot. Праверана 24 лютага 2012 г.
  2. ^ а б в г Karen Sentor. (2003) Santa Cruz Mystery Shack (анг.) Daffy Klub. Darkride and Funhouse Enthusiasts™. Праверана 24 лютага 2012 г.
  3. ^ Shimamura, A. P. & Prinzmetal, W. The Mystery Spot Illusion and its Relation to Other Visual Illusions // Psychological Science. — 1999. — В. 6. — Т. 10. — С. 501–507.
  4. ^ Patricia McBroom. (9 верасьня 1998) Santa Cruz «Mystery Spot» Explained (анг.). Office of Public Affairs, University of California, Berkeley. Праверана 24 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каардынаты: 37°00′45″ пн. ш. 122°00′06″ з. д. / 37.012601° пн. ш. 122.001795° з. д. / 37.012601; -122.001795