Зьбі́цень — традыцыйны ўсходнеславянскі гарачы безалькагольны напой з паленага мёду з пранасьцямі і зёлкамі (шалфеем і іншымі).
Найбольш распаўсюджаным быў на рынках, кірмашах — у разьліку на масавага спажыўца. У кіпень зь мёдам, цукрам ці патакай дабаўлялі спэцыі (перац, гвазьдзіку, цынамон, мускатны арэх, бабкі і інш.), часам піва ці сьпірт. У XVIII—XIX стагодзьдзях вядомы таксама і ў Беларусі, асабліва на Ўсходзе, хаця яго рэцэптура часта адрозьнівалася ад расейскай. П. Шпілеўскі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя апісваў беларускі зьбіцень зь Менску як выраблены зь бярозавага лісьця, аеру, ліпавага цьвету і патакі; такі зьбіцень кіпяціўся на рынку ў вялізных, ня надта прыгожых самаварах і разьліваўся ў кубкі са сподачкамі. На Віцебшчыне з сумесі рэдзькі, мёду, хрэна і солі гатавалі г. зв. хрэсьбінны зьбіцень — рытуальны напой, які бабка падносіла бацьку нованароджанага. У народнай мэдыцыне зьбіцень — сродак прадухіленьня цынгі. У XIX стагодзьдзі зьбіцень выцесьнены гарбатай, рудымэнтарна захоўваецца ў выглядзе адвараў з розных зёлак (дзіванны і г. д.).
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».