«Казань» тат. «Казан» | ||||||||||
IATA: KZN – ICAO: УВКД[1] | ||||||||||
Тэрмінал 1А аэравакзала (2014 год) | ||||||||||
Асноўнае | ||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Тып аэрапорту | цывільны | |||||||||
Абслугоўвае | Казань | |||||||||
Месцазнаходжаньне | Лаішаўскі раён, Татарстан (Расея) | |||||||||
Адкрыты | 15 верасьня 1979 (45 гадоў таму) | |||||||||
Вузел для | «ПУТ Аэра» (Бугульма) | |||||||||
Пабудаваны | 1972—1979 гады | |||||||||
Часавы пас | маскоўскі (UTC+3) | |||||||||
Вышыня н. у. м. | 126 м | |||||||||
Каардынаты | 55°36′25″ пн. ш. 49°16′49″ у. д. / 55.60694° пн. ш. 49.28028° у. д.Каардынаты: 55°36′25″ пн. ш. 49°16′49″ у. д. / 55.60694° пн. ш. 49.28028° у. д. | |||||||||
Вэб-сайт | kazan.aero | |||||||||
Мапы | ||||||||||
«Казань» | ||||||||||
Узьлётна-пасадачныя палосы | ||||||||||
| ||||||||||
Статыстыка (2022) | ||||||||||
Пасажырапаток | 4 018 000 | |||||||||
Грузаперавозкі (2021), тонаў | 5 755 000 |
«Казань» — міжнародны аэрапорт Расеі, заснаваны ў верасьні 1979 году ў Лаішаўскім раёне Татарстану пад назвай «Казань-2».
На 2022 год паветраныя зносіны ажыцьцяўлялі з 80 гарадамі ўнутры Расеі і за мяжой. Узьлётна-пасадачная паласа (УПП) належала да клясы А, што дазваляла прымаць самалёты з найбольшай у сьвеце ўзьлётнай вагой. На лётнішчы налічвалася 9 рулёжных дарожак. Пэрон меў плошчу 16,4 га[2]. Месьціцца за 28 км на паўднёвы захад ад цэнтру Казані[1]. УПП мела даўжыню 3750 м і шырыню 45 м, магістральная рулёжная дарожка — 3733 м і 45 м. Сярод 9 рулёжных дарожак 7 мелі шырыню 23 м, а дзьве — 44 і 46 м. Пасажырскі пэрон меў 28 стаянак для самалётаў і плошчу 17,8 га, а грузавы — 13 стаянак і плошчу 12,8 га[3]. Лётнішча мела ўласную службу прыгатаваньня ежы для дастаўкі на борт самалётаў. Адпаведны цэх плошчай 0,8 га мог гатаваць да 400 порцыяў ежы за гадзіну. На 3-м паверсе тэрмінала 1 працавала страўня на 120 месцаў[4]. Авіяпаліва пастаўлялі 2 прадпрыемствы — «Татнафтаавіясэрвіс» (Лаішаўскі раён) і «Авіэйшн Ладжыстык Сэрвісэс» (Казань)[5]. «Джэт Порт Сэрвісэз» забясьпечвала прыбіраньне самалётаў, а тэхнічнае абслугоўваньне ажыцьцяўлялі 6 прадпрыемстваў — «Тулпар Тэхнік» (Стаўбішча, Лаішаўскі раён), «ПУТ Аэра» (Бугульма), «КАВА Авія» (Казанскі авіязавод, Казань), «ФЛ Тэхнік» (Вільня, Летува), «Аэрафлёт» (Масква) і «ПВ Тэхнік» (авіякампанія Паўночны вецер, Хімкі, Маскоўская вобласьць)[6].
На 2022 год свае прадстаўніцтвы ў Міжнародным лётнішчы «Казань» мелі 23 авіяперавозьнікі 7 краінаў:
У Міжнароднае лётнішча «Казань» 6 разоў за дзень езьдзіў электрацягнік з чыгуначнай станцыі «Казань-Пасажырская». Ад Усходняга аўтавакзала Казані да тэрміналаў 1 і 1А лётнішча з 6-й да 22-й гадзіны штодня ходзіць аўтобус № 197[8]. Залі прылёту месьціліся ў тэрміналах 1А, 1 і 2[9]. У тэрмінале 1А працавалі білетныя касы, якія знаходзіліся насупраць стоек рэгістрацыі на ўнутраныя рэйсы[10]. На 1-м паверсе тэрміналаў 1А і 1 аказвалі платныя паслугі пакаваньня багажу[11].
На 2022 год паштова-грузавы тэрмінал Міжнароднага лётнішча «Казань» быў аснашчаны аўтамабільнымі і электроннымі вагамі, штабэлёрам і гідраўлічнымі цялежкамі. Маюцца цёплы склад, на экспарт грузы захоўваюцца пад мытным наглядам[12]. Лягістычны і інфармацыйна-прававы цэнтар «Паволжа» прапаноўваў паслугі склада плошчай 322 кв.м. Абсталяваньне склада ўлучала лядоўню на 19 кубамэтраў і рэнтгенатэлевізар, паддоны і стэлажы, дазымэтры і вагі з магчымасьцю ўзважваньня ад 10 да 2000 кг, вілачны пагрузчык грузабадымальнасьцю да 2,5 тонаў і рохлю[13]. Налічвалася 10 грузавых авіяперавозьнікаў: «Аэрасмарт» (Варонеж), «ГросАвіяКарго» (Казань), «Джэт Порт Сэрвісэз» (Стаўбішча, Лаішаўскі раён, Татарстан), «МэгаМар» (Стаўбішча), «С7 Карго» (Дамадзедава, Маскоўская вобласьць), «Справавыя лініі» (па-расейску: Деловые Линии), «Сторас» (Казань), «Авиасервис» (Казань), «ПСГ» ды «СДЭК»[14].
У 1972 годзе камандзір Казанскага аб’яднанага авіяатраду Ульфат Мустафін узначаліў будаўніцтва аэрапорта «Казань-2» (Татарская АССР) з узьлётнай паласой працягласьцю 2500 мэтраў[15]. У 1974 годзе яго замяніў Уладзімер Хусаінаў[16]. 15 верасьня 1979 году з аэрапорта выканалі 1-ы палёт на самалёце «Ту-134» у Сочы (Краснадарскі край). У лістападзе 1979 годзе на лётнішчы прынялі самалёты «Ту-154», «Ту-134», «Іл-18», «Ан-12», «Ан-24» і «Як-40». У 1982 годзе лётнішча абсталявалі для прыёму самалётаў «Іл-86». 1 лютага 1983 году Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (Канада) прызнала лётнішча «Казань-2» адпаведным нормам 1-й катэгорыі. 28 верасьня 1984 году лётнішча перайменавалі ў «Казань». 21 лютага 1986 году лётнішча атрымала статус міжнароднага. 1 траўня 1987 году «Барыспальскі аб'яднаны авіяатрад» (Украінская ССР) выканаў 1-ы міжнародны палёт у Бэрлін (Усходняя Нямеччына) на самалёце «Ту-154». У наступным сталі лётаць у Баўгарыю і Польшчу, Кітай і Турэччыну. 1 чэрвеня 1992 году лётнішча «Казань» вылучылі ў самастойнае прадпрыемства са складу «Авіялініяў Татарстану». 26 кастрычніка 1992 году «Авіялініі Татарстану» пачалі выконваць рэгулярныя міжнародныя палёты ў Стамбул (Турэччына). У сакавіку 1997 году «Люфтганза» (Нямеччына) адкрыла рэгулярныя палёты ў Франкфурт-на-Майне (зямля Гэсэн) на самалётах «А-319». 2 лістапада 1998 году лётнішча «Казань» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства[17].
1 лістапада 2002 году ўвялі ў дзеяньне для дзённых палётаў 2-ю ўзьлётна-пасадачную паласу (УПП). У 2003 годзе запусьцілі тэлефонную станцыю «Хайком». 1 чэрвеня 2004 году 2-ю УПП дапусьцілі да кругласодневых палётаў пасьля ўсталяваньня сьвятловыгнальных агнёў высокай інтэнсіўнасьці і мэтэаралягічнага абсталяваньня КРАМС-4. У 2005 годзе адкрылі справавы тэрмінал прапускной здольнасьцю ў 100 чалавек за гадзіну. 29 верасьня 2006 году прынялі найбольшы ў сьвеце транспартны самалёт Ан-225 «Мрыя» (Украіна)[17]. 24 лютага 2011 году Міністэрства транспарту Расеі зацьвердзіла Загадам № 63 пра тэхнічныя магчымасьці Міжнароднага лётнішча «Казань», паводле якога прапускная здольнасьць узьлётна-пасадачнай паласы складала 24 самалёты за гадзіну, а рулёжных дарожак — 25. Пры гэтым, пасажырскі пэрон мог прыняць да 18 самалётаў за гадзіну, авіятэхнічная база — 3, а грузавы пэрон — 1. Тэрміналы 1А, 1 і 2 аэравакзалу былі разьлічаныя на 600, 600 і 100 пасажыраў за гадзіну адпаведна. Пагатоў, тэрмінал 1А меў грузавы склад плошчай 1538 м² і прапускной здольнасьцю 15 тонаў за содні. Палівасховішча магло зьмяшчаць да 4000 тонаў, зь якіх за содні маглі выдаць 2000 тонаў авіяпаліва. Гэта дазваляла заправіць да 38 самалётаў за содні з выкарыстаньнем палівазапраўнікаў. Разьдзелачны цэх службы бартавога харчаваньня мог вырабляць да 2500 порцыяў за содні для дастаўкі пасажырам на самалёты[18]. 1 лістапада 2012 году ўвялі ў дзеяньне тэрмінал 1А з прапускной здольнасьцю ў 1,2 млн чалавек за год. У сакавіку 2013 году адчынілі вежу кантрольна-дыспэтчарскага пункту. У траўні 2013 году «Казанскі аэраэкспрэс» зьвязаў лётнішча з чыгуначным вакзалам «Казань» цягнікамі «Ластаўка». 20 чэрвеня 2013 году 1-ю ўзьлётна-пасадачную паласу адчынілі пасьля падаўжэньня да 3750 мэтраў, а 2-ю УПП зрабілі магістральнай рулёжнай дарожкай. 22 чэрвеня 2013 году пасьля разбудовы прапускную здольнасьць тэрмінала 1 павялічылі да 1,2 млн чалавек за год. 6 чэрвеня 2013 году ў дзень адкрыцьця 27-й Летняй Унівэрсыяды абслужылі 123 рэйсы[17].
У 2013 годзе Міжнароднае лётнішча «Казань» стала сябрам Міжнароднай рады лётнішчаў Эўропы (Бэльгія)[19]. У 2014 годзе ўкаранілі аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня багажом. 19 жніўня 2015 году запусьцілі мабільны дастасунак для смартфонаў. 2 кастрычніка 2017 году пасажырапаток дасягнуў 2 млн чалавек ад пачатку году. 30 студзеня 2018 году запусьцілі службу паветранай дастаўкі «Пошту Расеі». У чэрвеня 2018 году падчас чэмпіянату сьвету па футболе абслужылі 415 000 пасажыраў і 4004 рэйсы з 22-х гарадоў у 4-х краінах Азіі, 10 краінах Эўропы і Калюмбіі. 11 сьнежня 2018 году пасажырапаток дасягнуў 3-х млн чалавек ад пачатку году. 31 траўня 2019 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 246, якім надаў лётнішчу імя паэта Габдулы Тукая[17]. За 2019 год Міжнароднае лётнішча «Казань» абслужыла 3,47 млн пасажыраў[20]. У 2021 годзе лік палётаў вырас да 18 875, зь якіх 20 % прыпала на мясцовыя паветраныя лініі (МПЛ) Расеі. Пры гэтым, абслужылі 3,876 млн пасажыраў, зь якіх 27 % прыпала на МПЛ Расеі. Таксама перавезьлі 5,755 млн тонаў грузаў, у тым ліку паштовых. Сярод гэтых грузаў 55 % перавезьлі МПЛ Расеі[21].