Канстанцін Заслонаў рас. Константин Сергеевич Заслонов | |
7 студзеня 1910 — 14 лістапада 1942 | |
![]() Уладзімер Хрусталёў. «Канстанцін Заслонаў дае заданьне» | |
Мянушка | Дзядзька Косьця |
---|---|
Месца нараджэньня | Асташкаў, Цьвярская губэрня, Расейская імпэрыя |
Месца сьмерці | Купаваць, Сеньненскі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Прыналежнасьць | Савецкі Саюз |
Гады службы | 1941—1942 |
Частка | 1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава[d][1] |
Камандаваў | партызанскай брыгадай |
Бітвы/войны | Купавацкі бой (1942) |
Узнагароды | |
Сувязі | жонка Раіса (дзяв. Маргарыта) Заслонава |
Канстанці́н Сярге́евіч Засло́наў (1910, Асташкаў, цяпер Цьвярская вобласьць, Расея — 1942, Купаваць, Сеньненскі раён, Віцебская вобласьць, цяпер Беларусь) — стваральнік і кіраўнік савецкага падпольля ў Воршы падчас Нямецка-савецкай вайны.
Герой Савецкага Саюзу (1943)[2].
Меў 2-х братоў і 2-х сясьцёр. У яго дзяцінстве сям’я пераехала ў Санкт-Пецярбург, дзе бацька здаваў частку вялікай кватэры пастаяльцам. Навучаўся ў мясцовага мастака. Адзін з братоў памёр у маленстве. 26 кастрычніка (8 лістапада паводле новага стылю) 1917 году ІІ Усерасейскі зьезд рабочых і салдацкіх дэпутатаў ухваліў Дэкрэт аб зямлі. Пасьля гэтага бацька Сяргей Гаўрылавіч Заслонаў атрымаў зямлю каля вёскі Парэчча ў Вялікалуцкім раёне, дзе завёў кароваў і заняўся земляробствам. Разам з братам дапамагаў пасьвіць кароваў. Аднойчы бацька падарыў яму галёшы, адну зь якіх Канстанцін згубіў на балоце. Бацька так сварыўся на яго, што маці Ганна Пятроўна адвяла яго ў суседнюю вёску, дзе той паступіў у школу. У 8 гадоў пачаў працаваць шаўцом, бо бацька перастаў дапамагаць. Перахварэў на язву 12-палай кішкі[3].
У 1930 годзе ва ўзросьце каля 20 гадоў скончыў Вялікалуцкую чыгуначную прафэсійна-тэхнічную школу ў Заходняй вобласьці (Расейская СФСР)[4]. Пры разьмеркаваньні трапіў на чыгунку ў Віцебск (Беларуская ССР), дзе ў сталовай пазнаёміўся з будучай жонкай Маргарытай. Дзеля нявесты паступіў у аэраклюб Таварыства садзеяньня абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (ТСААХБ). Аднак пры палёце ў Віцебск ня здолеў пасадзіць самалёт. Пазьней навучаўся ў Ленінградзкім чыгуначным інстытуце. Пры заключэньні шлюбу нявеста Маргарыта зьмяніла імя на Раіса. Пасьля вясельля пара пераехала ў Далёкаўсходні край, дзе Заслонаў 3 гады аднаўляў чыгуначнае дэпо на Вяземскай станцыі, што на поўдзень ад Хабараўска. У 1933 годзе нарадзілася дачка Муза. Чыгуначнікі атрымлівалі ў якасьці аплаты толькі поліўку з грэцкіх крупаў, таму жонка пачала пухнуць з голаду. Тады Заслонаў адправіў тэлеграму народнаму камісару шляхоў зносінаў СССР Лазару Кагановічу. Той загадаў начальніку дэпо разьлічыцца з чыгуначнікамі, падарыў Заслонаву імянны гадзіньнік і наняў яго складаць графік руху цягнікоў. У 1935 годзе стаў памагатым начальніка паравознага дэпо ў Новасыбірску (Заходне-Сыбірскі край)[3]. З 1937 году начальнік паравознага дэпо станцыі Рослаў (Смаленская вобласьць)[2].
З кастрычніка 1939 году начальнік паравознага дэпо на станцыі Ворша (Віцебская вобласьць, Беларуская ССР). Улетку 1941 году эвакуяваўся ў Маскву, дзе працаваў у дэпо імя Ільліча[4]. На той час жонка з 2-ма дочкамі Музай і Ізай гасьцявала ў Ленінградзкай вобласьці ў брата, які быў начальнікам абласной чыгункі[3]. У верасьні 1941 году стварыў партызанскі атрад чыгуначнікаў у Маскве. У кастрычніку 1941 году перайшоў з атрадам лінію фронту і ўладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў падрыўныя групы, якія разам з групамі Аршанскага падпольля паралізавалі працу чыгуначнага вузла[4]. Пад яго кіраўніцтвам падпольнікі-чыгуначнікі выраблялі замаскаваныя пад каменны вугаль міны. Зь лістапада 1941 году па люты 1942-га падпольнікі Заслонава пусьцілі пад адхон 6 нямецкіх эшалёнаў[5], вывелі з ладу звыш 200 паравозаў і 170 аўтамашын[2], падарвалі 93 нямецкія паравозы. Замаскаваныя міны кідалі ў тэндары з палівам, таму паравозы падрываліся на адлегласьці ад Воршы, што прадухіляла выкрыцьцё[3].
У лютым 1942 году стаў камандзірам партызанскага атраду, а ў ліпені 1942-га — брыгады. Ладзіў падрывы на чыгунцы. Узначальваў баявыя дзеяньні ў Аршанскім, Багушэўскім, Лёзьненскім і Сеньненскім раёнах Віцебскай вобласьці[4]. Калі да яго ў палон трапіў ягоны былы нямецкі начальнік Аршанскага дэпо, то Заслонаў яго адпусьціў. Пры захопе 7 нямецкіх гарнізонаў дзяліўся здабычай зь мясцовымі сялянамі і прадухіляў іх рабаўніцтва. Увосень 1942 году камандзір Сеньненска-Аршанскай партызанскай зоны Васіль Бойка вывеў у тыл усе атрады, у тым ліку большасьць брыгады Заслонава. Аднак сам Заслонаў застаўся праз бой каля зімовай стаянкі і наноў утварыў партызанскую зону[3]. 14 лістапада 1942 году загінуў у Купавацкім баі ў Сеньненскім раёне[4].
Нямецкія акупанты абяцалі за мёртвага Заслонава ўзнагародзіць домам і 80 000 нямецкімі маркамі. Аднак мясцовыя сяляне пахавалі яго ў брацкай магіле на могілках вёскі Купаваць[3]. У 1955 годзе перапахаваны ў Воршы[2].
7 сакавіка 1943 году Заслонаву пасьмяротна прысволі званьне Герой Савецкага Саюзу[2][12]. У 1943 годзе савецкія партызаны ўтварылі 2 брыгады і звыш 20 атрадаў імя Заслонава. 1 жніўня 1948 году на рашэньне Савету міністраў Беларускай ССР у Воршы (Віцебская вобласьць) стварылі Музэй Заслонава, які разьмясьцілі ў Доме культуры чыгуначнікаў. У красавіку 1952 году музэй перанесьлі ў асобны будынак, дзе быў Дом піянэраў чыгуначнага вузла[3]. На месцы сьмерці ў Купаваці (Сеньненскі раён), а таксама ў Воршы і Сяньне (Віцебская вобласьць) паставілі помнікі Заслонаву[4]. У 1955 годзе на магіле Заслонава і яго ад’ютанта Яўгена Коржаня, які загінуў зь ім разам, усталявалі памятную пліту. Побач паставілі бронзавы помнік Заслонаву вышынёй 3,2 мэтры на чырвоным гранітным пастамэнце вышынёй 3,3 мэтры. Помнік выканалі скульптар Сяргей Селіханаў і архітэктар Георгі Сысоеў[2]. Імя Канстанціна Заслонава надалі некалькім вучэльням і вайсковаму мястэчку ў Лепельскім раёне (цяпер вёска Заслонава), дзіцячаму летніку і Менскай дзіцячай чыгунцы, электрацягніку і дэпо, вуліцам у 3-х краінах і гатунку бэзу[3]. Гатунак бэзу «Канстанцін Заслонаў» стварылі ў Цэнтральным батанічным садзе Акадэміі навук БССР[13]. Пасьля ўрагану ў ліпені 2016 году экспанаты Музэя Заслонава перанесьлі ў Музэйны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны і Аршанскі музэй гісторыі і культуры[3].
Таксама імя Заслонава носяць дэпо станцыі Ворша, школа ў Воршы, чыгуначная станцыя ў Лепельскім раёне, вёска ў Аршанскім раёне і алея ў парку герояў у Воршы[2].
10 сакавіка 1943 году ў газэце «Віцебскі рабочы» зьмясьцілі памятны верш пра Канстанціна Заслонава ў сувязі зь яго сьмерцю ў баі ў 1942 годзе. У 1946 годзе этнограф Генадзь Цітовіч занатаваў «Песьню пра Заслонава» ад жыхароў мястэчка Бягомель у Докшыцкім раёне (Менская вобласьць). Яе стварылі ў партызанскім атрадзе Заслонава. Асобныя строфы песьні нагадвалі верш 1943 году. Мэлёдыю песьні апрацавалі кампазытары Анатоль Багатыроў і Яраслаў Яраславенка. Пачатак песьні адрэдагаваў паэт Адам Русак. У песьні апошняе 2-радкоўе кожнай страфы сьпяваецца двойчы[14].
— Партызанская, «Песьня пра Заслонава» |
Па вайне паэт Анатоль Астрэйка напісаў «Песьню пра Заслонава», якую кампазытар Уладзімер Алоўнікаў паклаў на музыку. Яе сталі выконваць на Беларускім радыё і на сцэне. Першая страфа і апошнія 2 радкі кожнай страфы паўтараюцца[14].
— Анатоль Астрэйка, «Песьня пра Заслонава» |
У 1949 годзе кінарэжысэр Уладзімер Корш-Саблін выпусьціў фільм «Канстанцін Заслонаў», за які разам з выканаўцамі галоўных роляў атрымаў Сталінскую прэмію[15]. Выканаўцам галоўнай ролі быў Уладзімер Дружнікаў[16]. Сцэнарыстам — Аркадзь Маўзон[17]. У студзені 2021 году кінастудыя «Беларусьфільм» пачала рэстаўрацыю фільма «Канстанцін Заслонаў»[18]. Таксама ў 1947 годзе Канстанцін Саньнікаў паставіў спэктакль «Канстанцін Заслонаў» паводле п’есы Маўзона[19].
Таксама Заслонаву прысьвечаныя творы жывапісу і музыкі. Пра яго складзеныя народныя песьні і паданьні[2].
![]() |
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |