Карл Арлеанскі

Карл Арлеанскі
герцаг[d]
 
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 24 лістапада 1394[1],
Памёр 5 студзеня 1465(1465-01-05) (70 гадоў),
Пахаваны
Нашчадкі Людовік XII[2], Жанна Валюа[d], Марыя Арлеанская[d][2] і Ганна Арлеанская[d]
Дынастыя Валюа
Сужэнец Ізабэла Валюа[d][2], Бона з Арманьяку[d] і Марыя Клеўская[d][2]
Бацька Людовік Арлеанскі[d][2]
Маці Валянтына Вісконці[d][2]
Узнагароды
рыцар ордэна Залатога руна

Карл (Шарль І) Арлеанскі (па-француску: Charles Ier d'Orléans; 24 лістапада 1391 (1394), палац Сэн-Поль, Парыж — 5 студзеня 1465, Амбуаз, Эндр і Люара) — герцаг Арлеанскі з 1407 году, буйны францускі фэадал з дынастыі Валюа, ваяр, паэт, сын герцага Людовіка Арлеанскага (1372—1407) і Валенціны Вісконці д’Асьці Мілянскай (1366—1408), унук караля Францыі Карла V Мудрага (1338—1380).

Шарль быў адным зь дзесяці дзяцей у сям’і і атрымаў у спадчыну тытул герцага Арлеанскага пасьля забойства свайго бацькі 23 лістапада 1407 году, калі той выходзіў ад сваёй каханкі каралевы Ізабэлы Баварскай. Забойства ажыцьцявілі па замове герцага Жана Бургунскага Бязстрашнага. Так юнак, апроч сваёй волі стаў на чале партыі, якая хутка атрымае назоў арманьякаў, а краіна зрынулуся ў прорву грамадзянскай вайны «арманьякаў і бургіньёнаў».І ўсё гэта адбывалася на тле Стогадовай вайны. Аднак хлопчык боляй цікавіўся не вайной, а Словам-ён выдатна ведаў лаціну і пачаў пісаць вершы, якія адзначаліся як годныя самога Эсташа Дэшана, свайго зямляка і сучасьніка. 29 чэрвеня 1406 году бацька жэніць Шарля на яго стрыечнай сястры Эльжбеце дэ Валюа (1387—1409), намінальнай удаве караля Ангельшчыны Рычарда ІІ. Праз тры гады пасьля вясельля ў іх нараджаецца дачка Жана (1409—1432). Пры родах Эльжбета памірае. А за год да гэтага памірае і маці маладога герцага. Ён застаецца сам-насам зь вялізарнымі пазыкамі свайго бацькі, ворагамі і становішчам старэйшага ў некалі магутнай радзіне. Лісты да караля Шарля VI Вар’ята плёну не далі,Шарль і яго браты вымушаны ў 1409 падпісаць прыніжаючы іх Шартрскую дамову, хоць «твары іх былі мокрымі ад слёз». У 1410 годзе малады герцаг бярэ новы шлюб-з Бонай дэ Арманьяк (1395—1430 ці 1435). Гэта дае грошы, грошы даюць новы штуршок вайне, бо яе зноў разьдзьмуў новы цесьць-Бярнар VII дэ Арманьяк. Герцаг, фактычна стаўшы закладнікам ва ўласным доме, шукае ў паэзіі той супакой, які ня можа знайсьці ва ахоплянай бязладзем Радзіме. Шлюб з Бонай быў складаным-яны сустрэліся толькі ў 1414 годзе, дзяцей у іх не было,і толькі яго вершы кажуць аб каханьні.

25 кастрычніка 1415 году назаўжды зьмянілі лёс Шарля. У гэты дзень рыцарскае францускае войска пацярпела ашаламляльную паразу ад значна меншага атраду ангельцаў пад камандаваньнем Генрыха V. Мястэчка Азянкур назаўжды ўвайшло ў аналы ваеннай гісторыі.Цяжка параняны Шарль Арлеанскі быў узяты ў палон самім каралём Генрыхам. Генрых даслаў вялікароднаму палоннаму хлеб і віно, хоць яго ўласныя салдаты амаль паміралі ад нястачы і голаду,і герцаг склаў прысягу, што застанецца ў палоне пакуль не выкупяць ўсіх яго людзей. Палон цягнуўся доўгія 25 гадоў.Спачатку палоннага ўтрымлівалі ў Віндзары, з 1421 году — у замку Фатэрынгей,Нортгемптаншыр, у 1422 — у замку Болінгброк, Лінкольншыр, а ў 1430 пераводзяць у Лёндан і нарэшце напрыканцы (1435—1440) ён адбывае зьняволяньне ў замку Вінгфілд, Сафалк. Зразумела, гэта не была няволя за кратамі,ён мог паляваць, шпацыраваць, бываў у гасьцях. І,галоўнае, Шарль мог пісаць. У яго творчасьці зьяўляецца невярагодная для тых часоў і для яго асяродзя нота «малітваў за мір». Ён піша кранальныя вершаваныя пасьведчаньні сваёй жонцы, якая боляй ніколі яго не пабачыць і, магчыма, адтаго, такія пасланьні набываюць моду,і па-сёньня мы ведаем іх як «валянцінкі». З палону ён вядзе актыўнае дыпляматычнае ліставаньне і стварае вакол сваёй асобы моцны разгалос, да высілкаў па яго вызваленьню далучаюцца многія ўплывовыя асобы тагачаснай Эўропы. Між тым, справа, пачатая Жанай д’Арк ў тым жа самым Арлеане, дае плён, робіць цуд, амаль невярагодны для ўшчэнт разабранай краіны. Яна ня толькі здымае аблогу з гораду, але і надае ўсёй вайне вельмі нявыгодны для Ангельшчыны напрамак. Тут трэба адзначыць, што па ваярскіх прыпісах ангельцы ўвогуле ня мелі падставаў на зваяваньне Арлеану, бо яго гаспадар быў у іх у палоне, але лёгіка вайны сталася мацнейшай ніж гонар. І Жана вельмі добра скарыстала гэтую акалічнасьць, бо ганебнасьць аблогі была відавочнай.3 ліпеня 1440 году высілкі герцагіні Бургундыі Эльжбеты Партугальскай і яе мужа Піліпа Добрага далі плён — роўна праз чатыры месяцы ў Вестмістэрскім абацтве пасьля прысягі не ваяваць супроць ангельцаў Шарль атрымаў волю. У тым жа месяцы ён бярэ шлюб з Мары дэ Клеў (1426—1487), што прыходзілася пляменьніцай герцага Бургундыі Піліпа, а ўвесь шлюбны пасаг у 200 000 залатых экю ідзе як выкуп за вызваленьне з палону, а да гэтага ён нават ня быў фармальна прызначаны. Акрамя ўсяго, гэты дынастычны шлюб паклаў канец грамадзянскай вайне паміж дзьвумя колішнімі варожымі партыямі.

Шарль Арлеанскі вяртаецца на радзіму з трыюмфам. 24 студзеня 1441 году яго сустракае Арлеан. Мары нарадзіла дзьвух дачок — Мары (1457—1493) і Ганну (1464—1491), і сына Людовіка (1462—1515), стаўшага ў 1498 годзе каралём Францыі.Астатак дзён герцаг правёў у супакоі. Яго ўлюбёным заняткам была паэзія і турніры. Турніры паэтычныя, дзе пачэснае месца часта займаў, акрамя іншых, знакаміты і непрыкаяны бадзяга Франсуа Війён. Шарль, якога называлі герцаг-паэта заставіў пасьля сябе боляй за 600 вершаваных твораў-квінтэсэнцыю любоўнае лірыкі куртуазнай эпохі. Баляды, ронда, песьні на родным францускім і стаўшым амаль родным ангельскім зь лёгкасьцю і грацыяй выкшталцона і невярагодна прыгожа льюць жарсьць і меланхолію так многа пабачыўшага добрага чалавека такой нядобрай эпохі.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паасобныя вершы на беларускую мову пераклалі Ніна Мацяш[3], Лявон Баршчэўскі[4].

  1. ^ а б в Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ а б в г д е Kindred Britain
  3. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
  4. ^ І боль, і прыгажосць…: выбраныя творы паэтаў Еўропы і Амерыкі ў перакладах Лявона Баршчэўскага. — Мінск : Зміцер Колас, 2016. — 452, [1] с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 73).