Карл Генрых Ульрыхс | |
Karl Heinrich Ulrichs | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Numa Numantius, Carlo Arrigo |
Нарадзіўся | 25 жніўня 1825 |
Памёр | 14 ліпеня 1895 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | праўнік, пісьменьнік, журналіст |
Гады творчасьці | 1846—1895 |
Мовы | нямецкая,, лацінская |
Значныя творы | Forschungen über das Räthsel der mannmännlichen Liebe |
Кáрл Гéнрых Ульрыхс (па-нямецку: Karl Heinrich Ulrichs; 28 жніўня 1828, Аўрых, Нямеччына – 14 ліпеня 1895, Л'Акуіла, Італія) - нямецкі праўнік, журналіст, выдавец, пісьменьнік, пачынальнік руху за правы гомасэксуалаў (альбо «ураністаў», як называў сябе й іншых гомасэкуалаў сам праўнік). Піянэр сэксалёгіі. Першы вядомы актывіст за прызнаньне і роўнасьць грамадзянскіх правоў гомасэксуалаў[2].
З 1844 па 1846 год Карл Генрых Ульрыхс вывучаў тэалёгію і юрыспрудэнцыю ў Гётынгенскім унівэрсытэце, потым гісторыю – у Бэрлінскім унівэрсытэце.
Прызначаны памочнікам судзьдзі ў Гановэры ў 1854 г. Звольніўся з пасады ў 1856 г. пасьля таго, як быў заўважаны ў «ненатуральных зносінах». І хоць закон Каралеўства Гановэр не асуджаў гомасэксуальныя адносіны, ён быў вымушаны зьехаць. Адкрыў уласную практыку ў Бургдарфе, але і тут яго напаткаў гомасэксуальны скандал. Ён перахаў у Аўгсбург, дзе працаваў журналістам у газэце «Allgemeinen Zeitung».
Пад псэўданімам Numa Numantius у 1864–65 гадох апублікаваў пяць тамоў эсэ «Дасьледаваньні загадкі каханьня паміж мужчынамі» (Forschungen über das Rätsel der mannmännlichen Liebe)[3]. Ён спрычыніўся да зараджэньня біялягічнай тэорыі «трэцяй плоці» (тэрміну «гомасэксуальнасьць» яшчэ не існавала), таму К. Ульрыхс выкарыстоўваў створаны ім панятак «уранізм»[4]. Тэорыя трэцяй плоці рэзюмавалася ў выразе «душа жанчыны ў целе мужчыны»[5]. Паняткі ўранізм і ўраніст потым актыўна выкарыстоўваліся ў кантынэнтальнай Эўропе да пачатку XX стагодзьдзя.
Ён працягваў публікаваць артыкулы і кнігі, на гэты раз пад сваім сапраўдным імем, што, у сваю чаргу, зрабіла публічнай ягоную сэксуальную арыентацыю. Такім чынам, ён лічыцца першым гомасэксуалам, які адкрыта заявіў пра сваю гомасэксуальнасьць – зрабіў, кажучы сучаснай мовай, камінг-аўт[6]. У 1866 годзе Прусія Бісмарка анэксавала Каралеўства Гановэр. Ульрыхс быў абвінавачаны ў падрыўной дзейнасьці і патрапіў у турму. Яго творы былі канфіскаваныя. У жніўні 1869 году, неўзабаве пасьля вызваленьня з турмы, ён публічна выступіў як ураніст (гомасэксуал) на Кангрэсе нямецкіх праўнікаў у Мюнхэне і заклікаў не ўключаць у Крымінальны кодэкс вядомы Параграф 175, які меўся ўвесьці пакараньне за «садамію»[7].
У 1880 г. ён іміграваў у Італію і пасяліўся ў Л'Акуіле. У пэрыяд паміж 1889 і 1895 гадамі ён прысьвяціў сябе часопісу «Alaudæ» (Жаўрук)[8].
Пасьля сьмерці імя Карла Ўльрыхса было на пэўны час забыта. Але ягоныя працы паўплывалі на Магнуса Гіршфэльда[9], ягонымі працамі карыстаўся Рыхард фон Крафт-Эбінг[10]. Тэрміны «ўранізм» і «ўраніст», створаныя К. Ульрыхсам, шырока ўжываліся ў значэньні «гомасэксуальнасьць» і «гомасэксуал» адпаведна да пачатку ХХ стагодзьдзя.
Ульрыхс быў адным зь першых, хто пазытыўна і навукова – у гуманітарных навуках – выказаўся пра сэксуальную аднаплоцевую цягу.
У ягоны гонар Міжнародная асацыяцыя лесьбіянак і геяў (ILGA) прысуджае прэмію імя Карла Генрыха Ульрыхса.