Карл Сэндбэрг | |
Carl August Sandburg | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 студзеня 1878 |
Памёр | 22 ліпеня 1967 |
Пахаваны | |
Сужэнец | Lilian Steichen[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, гісторык, празаік, фальклярыст |
Гады творчасьці | 1906—1963 |
Мова | ангельская мова[1] |
Дэбют | In Reckless Ecstasy |
Прэміі | двойчы Пуліцэраўская прэмія |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Карл Сэ́ндбэрг (па-ангельску: Carl Sandburg, 6 студзеня 1878 — 22 ліпеня 1967) — амэрыканскі паэт, гісторык, празаік і фальклярыст швэдзкага паходжаньня. Зьяўляецца аўтарам вядомай і адной з самых грунтоўных біяграфій Абрагама Лінкальна і Мэры Тод Лінкальн і двух аўтабіяграфій. Двойчы быў узнагароджаны Пуліцэраўскай прэміяй.
Карл Сэндбэрг нарадзіўся ў сям’і швэдзкіх эмігрантаў у Галсбургу, штат Ілінойс. У шасьці гадовым ўзросьце ён кінуў школу і пайшоў працаваць у цырульні, потым развозіў малако, працаваў на будоўлі, займаўся сельскагаспадарчай працай у Канзасе. Пад час Гішпана-Амэрыканскай вайны пайшоў у войска і ваяваў у 6 ілінойскай пяхотнай дывізіі, прыймаў удзел у высадцы ў Гуаніка (Пуэрта-Рыка) 25 ліпеня 1898 году. Пасьля вайны Сэндбэрг спрабаваў паступіць у Ўэст-Пойнт, але праваліў экзамэн па матэматыцы. Ён вярнуўся дамоў і паступіў у каледж. Каледж ён кінуў у 1903 годзе не атрымаўшы дыплём, пайшоўшы працаваць служкам у гатэль у Дэнвэры. Потым быў грузчыкам вугалю ў Амахе.
У 1910—1912 г.г. стаў актывістам Сацыял-дэмакратычнай партыі, быў сакратаром мэра гораду Мілуокі Эміля Сэйдэла. У офісе Сацыял-дэмакратычнай партыі, у 1907 годзе ён пазнаёміўся з Ліліян Стэйхэн, зь якой ажаніўся ў наступным годзе. Хутка ў іх нарадзіліся тры дачкі. З 1913 году жыў у Чыкага. Тут ён пачаў сваю кар’еру ў якасьці журналіста газэты «Chicago Daily News». Потым Сэндбэрг пачаў пісаць вершы, гісторыі, біяграфіі, навэлы, творы дзіцячай літаратуры і агляды фільмаў. Адначасова ён сабраў і выдаў зборнік балядаў і фальклёрных гісторыяў.
Большую частку жыцьця Карл Сэндбэрг правёў у прадмесьці Чыкага — Мідўэсьце, перад тым як пераехаць у Паўночную Караліну ў 1945 годзе. Тут ён памёр у 1967 годзе.